Беларусь

Усё да нас вернецца


Талерантнасць – гэта нармальныя адносіны нават да хворых на СНІД
На стале – астылы чай, а за акном – глыбокая ноч. Не спіцца. Гуляючы па прасторах інтэрнэту, натыкаюся на блог аднаго фатографа. Увагу прыцягнулі не толькі фотаздымкі, але і запісы. Яны былі цікавымі, трохі песімістычнымі, але вельмі жыццёвымі.
Так мы пазнаёміліся, а потым і сустрэліся. Як я меркавала, ён аказаўся вельмі цікавым суразмоўцам. Хутка знайшлі агульную мову. Ён шмат распавядаў пра сябе, але было заўважна, што нешта важнае хлопец замоўчвае. Варта было загаварыць пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі, пра здароўе, як ён адразу ж пачынаў нер-вавацца і вельмі спрытна пераходзіў на іншую тэму. Напэўна, так бы яно было і далей, каб не адзін выпадак.
Аднойчы мы разам гатавалі вячэру. Усё было выдатна, пакуль юнак не пачаў наразаць салату. Не прайшло і хвіліны, як хлопец парэзаўся. Я хацела дапамагчы выцерці кроў, але ён адпіхнуў мяне. Гэта было вельмі груба. Ён крычаў, каб я выйшла з пакоя, выкінуў усю салату ў смеццевае вядро. Я не ведала, як рэагаваць. Маленькая рана, а ён крычаў так, быццам яму адрэзалі палец. Мне не хацелася пакідаць сябра ў такім стане аднаго. І тут… “Я хворы. У мяне СНІД”, – сказаў рэзка і змоўк.
Такой заявы я чакала менш за ўсё. Што адчула ў той момант? Складана апісаць, бо гэта была бура эмоцый. Скажу толькі, чаго сапраўды не адчула. Я не адчула ніякай агіды да гэтага чалавека. Мне стала шкада маладога і таленавітага юнака.
Прайшло некалькі месяцаў. Мы дагэтуль сябруем. Размовы нашы па-ранейшаму цікавыя. У ім раскрыліся новыя станоўчыя якасці…
Я не проста так распавяла гэтую гісторыю. Калі, равеснік, у тваім жыцці раптам сустрэнецца чалавек ВІЧ-інфіцыраваны, не адштурхоўвай яго. Павер, гэтая хвароба не ставіць таўро на людзях. У іх таксама ёсць права быць сябрам, чыёйсьці роднаснай душой.
Успамінаецца прытча пра дрэва. Цень ад аднаго і таго ж дрэва па-рознаму ўспрымаўся людзьмі. Хлопцу ён нагадаў дзяўчыну, а маленькаму хлапчуку – вялізнага монстра.  Мараль гэтай прыпавесці: “Мы бачым свет такім, якім жадаем яго бачыць”.
Не варта дзяліць людзей на хворых на СНІД і здаровых. Усе мы аднолькавыя. Кожны з нас будуе сваё жыццё так, як жадае, па-за залежнасцю ад таго, хворы чалавек ці не. З хворымі ж абавязкова павінны быць блізкія людзі, якія падтрымаюць, зразумеюць, дапамогуць.
Жыццё – як бумеранг. Усё да нас вернецца: і добрае, і дрэннае. Таму заўсёды трэба аналізаваць свае ўчынкі, засцерагаць адзін аднаго ад бяды і рабіць людзям як мага больш добрага.
Валерыя ДЖАВАДЗЯН,
студэнтка інстытута журналістыкі БДУ,
г. Мінск.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля