Мэтры і… вучні
У альманаху “Фантазии серебряного облака”, што нядаўна пабачыў свет у Брэсцкім выдавецтве “Альтэрнатыва”, мэтрамі названы паэты Васіль Жуковіч, Мікола Трафімчук і Любоў Красеўская. Іншыя ўдзельнікі паэтычнага дыялога, як трэба зразумець, – вучні. Пакуль што вучні! Але, мне здаецца, сярод іх нямала найшчырэйшых споведнікаў паэзіі.
Нізка вершаў Надзеі Парчук літаральна свеціцца паэтычнымі іскрынкамі. Адчуваецца, што аўтару ўдалося перасягнуць мяжу асабістага і ўзняцца да агульначалавечага асэнсавання жыццёвага вопыту. Чытаеш яе вершы і міжволі пагаджаешся з шырокавядомай літаратурнай думкай, што засяроджванне паэта толькі на сваіх пачуццях і перажываннях звужае ідэйна-тэматычны дыяпазон творчасці. Матывы грамадзянскасці ў поўны голас гучаць у яе творах. Хвалюе высакароднасць духоўнага прызначэння:
Народ свой славіць
працавіты,
Здабыты ў поце
каравай.
Маімі продкамі
абжыты,
Цябе ўшаную,
родны край.
Шчыра размаўляе з чытачом і жыхарка Брэста Ніна Папова. Сюжэты яе вершаў прывабліваюць свежасцю думкі, уменнем аўтара зірнуць на сябе з боку, зірнуць усмешліва і сур’ёзна. Не кожнаму паэту падуладна ўвасабленне ўласнага “я” ў розных яго адценнях. Паповай гэта ўдаецца. Натуральна. Пераканаўча. Як кажуць, без лішніх выбрыкаў:
И светить я вам
не перестану,
Проплывая
в сказочную ночь.
И любить я Землю
не устану
Потому, что я –
земная дочь.
З цікавасцю чытаюцца вершы і апавяданні Марыі Якімук, Яніны Грыгаровіч, Таццяны Пясецкай, Сяргея Цыплюка, Аляксандры Лятыцкай, Івана Дацкевіча, Аляксея Капацкевіча і іншых аўтараў, розных па ўзросце і прафесійным майстэрстве. Многія з іх наблізіліся да мяжы самаахвярнага адкрыцця людзям самых патаемных глыбінь сэрца і душы. Вось верш Марыі Якімук “Неизбежность”:
Могу тебя простить,
могу понять,
Всему причина –
неизбежность.
И хоть ушла куда-то
нежность,
Не стану я на части
сердце рвать.
Я все хорошее сложу
в сундук,
Хранить подольше
постараюсь…
И даже близким
не признаюсь,
Что в сундуке печаль
и боль разлук.
Такая шчырасць не кожнаму дадзена. Яна – ад прыроды. Ад Бога. Ад іх – і мера пачуцця, стрыманасць, нават наўмысная ашчаднасць слова, завуаляванасць пачуцця, закадзіраванасць думкі.
Але іншы раз, чытаючы альманах “Фантазии серебряного облака”, здзіўляешся яго залішне бессаромнай інтымнасці. Больш за ўсё грашаць ёю жанчыны. Міжволі ўспамінаецца выказванне рускай паэтэсы Ганны Ахматавай: “Я женщин научила говорить – но, Боже, как их замолчать заставить?”
Нездарма класікі марылі пра тое, каб паэтаў было многа і розных. У савецкі час пісаў вершы амаль кожны другі грамадзянін краіны. Праўда, друкаваліся не ўсе, як і не ўсе станавіліся прызнанымі паэтамі. Але наяўнасць паэтычнага настрою ў людскім асяроддзі заўжды сведчыць пра многае.
І хоць сёння наша грамадства, атручанае скептыцызмам і практыцызмам, навучанае лепей мець у далоні сініцу, а не жураўля ў небе, стрымана ставіцца да паэзіі, як і наогул да літаратуры, на дзіва яно таксама настальгіруе па добрай паэзіі. Рэдактары не памыліліся, калі ў сваім альманаху змясцілі нізкі вершаў паважаных чытачом мэтраў. Ідэйна-тэматычная і мастацкая вартасць іх твораў не выклікае сумнення, але і творчасць іх вучняў выглядае прыстойна. Хто скажа, што гэта не пераемнасць традыцый?
Анатоль Гарай, г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.