Развіваць асобу
Цяжка знайсці якую-небудзь сферу жыцця, у якой адначасова была б ахоплена такая вялікая колькасць людзей, як сучасная сістэма адукацыі. Сёння яна перастае быць аб’ектам увагі толькі дзяржаўных адміністратараў, дзеячаў асветы, прафесіянальных педагогаў і становіцца сферай праламлення і рэалізацыі інтарэсаў шырокай грамадскасці. Якім жа павінен быць кіраўнік сучаснай установы адукацыі, якая дзейнічае ў сацыяльна-культурных умовах штодзённых змен? Пра гэта разважае дырэктар вучэбна-педагагічнага комплексу “Дзіцячы сад-пачатковая школа №7” г. Брэста Ганна АМЕЛЬЯНЧУК.
– Ганна Мікалаеўна, ці цяжка працаваць з сённяшнімі вучнямі?
– Я не сказала б, што лёгка было працаваць раней, а зараз – цяжка. За апошнія гады змянілася сама сістэма “вучань – настаўнік”. Змянілася ў тым сэнсе, што настаўнік павінен быць чалавекам, які вучыць дзяцей здабываць веды, развівае ў іх лагічнае мысленне, уменне працаваць ужо з малодшага школьнага ўзросту з рознымі крыніцамі інфармацыі.
– Што галоўнае ў пасадзе кіраўніка?
– Любы кіраўнік павінен засвоіць: ніводная творчая асоба (ці то вучань, ці то настаўнік) не можа быць простай у асабістых узаемаадносінах. У цяперашніх умовах важна валодаць тэхналогіямі менеджменту, бо дырэктар абавязаны забяспечыць прынятым на работу адпачынак, дапамогу, аплату працы. Каб граматна кіраваць сучаснай установай, вопыту недастаткова – патрэбны веды механізмаў кіравання людзьмі, рэсурсамі, працэсамі.
– Чым прываблівае Ваша ўстанова навучэнцаў і іх бацькоў?
– Мы прапануем шырокі спектр адукацыйных паслуг, скіраваных на развіццё асобы. З пяці гадоў дзеці займаюцца на камп’ютары, вывучаюць англійскую мову, наведваюць урокі музыкі, рытмікі, танца. У кожнага ёсць магчымасць хадзіць у басейн. Выхаванцы дзіцячага сада-школы – актыўныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў. Неаднаразова займалі прызавыя месцы ў гарадскім конкурсе “Залаты пеўнік”, раённым фестывалі дзіцячай творчасці “Нашы таленты”, конкурсе юных майстроў народных рамёстваў “Святло каляднай зоркі”, раённым конкурсе чытальнікаў прозы і паэзіі, абласным конкурсе “Мой край – Прыбужжа без пажараў і экалагічных катастроф”, рэспубліканскім “Адлюстраванні”. Творчая работа з прыроднага матэрыялу “Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык” выстаўлялася як пераможца ў музеі Максіма Багдановіча ў Мінску. Вучні школы – удзельнікі інтэлектуальнага марафону “Пазнайка”, пераможцы конкурсу даследчых работ малодшых школьнікаў “Я – вынаходнік”.
– На базе ўстановы часта праводзяцца раённыя і абласныя семінары, метадычныя аб’яднанні настаўнікаў пачатковых класаў…
– У школе склаўся творчы калектыў настаўнікаў-аднадумцаў, таму моладзі ёсць у каго вучыцца. Творча працуюць Наталля Алегаўна Мурзіна і Таццяна Сяргееўна Машэўская, настаўнікі музыкі і танца, Тамара Васільеўна Лазарэнкава, настаўніца пачатковых класаў. Усе ведаюць Святлану Уладзіміраўну Жупікаву, настаўніцу выяўленчага мастацтва, якая са сваімі выхаванцамі робіць сапраўдныя цуды з прыродных матэрыялаў.
У вучэбным працэсе нашы педагогі імкнуцца кожнага вучня ўключыць у актыўную пошукавую вучэбна-пазнавальную дзейнасць, будуюць партнёрскія адносіны, забяспечваюць у працэсе пошуку новых ведаў дыялагічныя зносіны не толькі па схеме “настаўнік – вучань”, але і “вучань – настаўнік”. Дынамічнае развіццё адукацыйнай прасторы нашай установы стала магчымым, дзякуючы сістэме маніторынгу якасці ведаў, узроўню выхаванасці дзяцей. Калі ўзнікае патрэба, праводзім карэкцыйную работу па індывідуальных планах.
Вялікую ўвагу надаём здароваму ладу жыцця. Урокі фізічнай культуры – любімыя ў выхаванцаў. Традыцыяй стала правядзенне школьных спаборніцтваў “Тата, мама, я – спартыўная сям’я”, папулярныя дні здароўя. На кантролі адміністрацыі – арганізацыя харчавання. На сённяшні дзень усе дзеці атрымліваюць гарачае харчаванне.
– А як ладзіце адносіны з бацькамі?
– Вельмі важным у выхаванні дзяцей з’яўляецца ўзаемадзеянне сям’і і школы. Паміж бацькамі і настаўнікамі наладжаны цесныя кантакты, якія ахопліваюць усе бакі навучання і выхавання дзяцей. Два разы на год праводзім канферэнцыю для бацькоў, працуе савет установы – усё гэта спрыяе павышэнню педагагічнай культуры бацькоў.
– Які напрамак адукацыйнага працэсу педагогі школы лічаць прыярытэтным?
– Патрыятычнае выхаванне, бо патрыятызм – гэта трывалая каштоўнасць і аснова існавання нацыі. Настаўнікі імкнуцца закласці ў свядомасць вучняў, што для кожнага чалавека Айчына пачынаецца з таго кутка, дзе ён нарадзіўся і вырас, са школы. Кожны класны кіраўнік выкарыстоўвае разнастайныя формы і тэмы класных гадзін. Напрыклад, гутаркі “Герб і сцяг Беларусі”, “Подзвіг іх бессмяротны”, “Што я ведаю пра Брэст?”. Праводзім экскурсіі ў Белавежскую пушчу, Брэсцкую крэпасць, Мірскі замак, Хатынь. Музей Напалеона Орды, архітэктурныя замкі Брэстчыны, этнаграфічныя музеі добра знаёмыя нашым вучням. Праз традыцыі дзеці спасцігаюць душу народа, яго мудрасць, таленавітасць і майстэрства.
Тэрыторыя вучэбна-педагагічнага комплексу ўяўляе цудоўны куток: утульна пад дрэвамі гліняным зайцу і вожыку, па двары разбегліся кураняты, у зацішку ёлак дрэмле рыжая ліса. Мірыядамі рознакаляровых зорак ад вясны да позняй восені цвітуць кветкі. Фігурныя сцяжынкі мазаікай з каменьчыкаў аздабляюць двор. Гэта таксама выхоўвае маладое пакаленне. Усе пачынанні, ініцыятывы і творчыя задумкі заўсёды знаходзяць падтрымку ў нашым калектыве.
Мы разумеем: сёння запатрабавана якасная адукацыя. Таму развіваемся, удасканальваемся самі, каб годна выконваць сацыяльны заказ і праводзіць дзяржаўную палітыку ў адукацыйнай сферы.
Гутарыла Ніна ДРЫК,
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.