Беларусь

Ці стане інтэрнэт альтэрнатывай бібліятэкам і кнігарням?


2012 год абвешчаны ў Беларусі Годам кнігі, але ці паўплывае гэты факт на прадстаўнікоў маладога пакалення, якія і так досыць нячаста бавяць вольны час за чытаннем? У моладзі ўсё большай папулярнасцю карыстаюцца электронныя бібліятэкі, дзе можна знайсці і запампаваць фактычна любы літаратурны твор. Што і казаць, інтэрнэт значна спрасціў нам задачу. Калі раней прыходзілася наведаць не адну гандлёвую кропку ў пошуках патрэбнай кніжкі, то зараз дастаткова ўвесці яе назву ў пошукавік. Спрытнасць рук і ніякага чараўніцтва! Не трэба адстойваць чэргі ў бібліятэках ці збіраць грошы на пакупку папяровага задавальнення – а яно апошнім часам стала, сапраўды, дарагім. З такімі тэмпамі бібліятэкі і кнігарні могуць страціць аўтарытэт і змяніць рэальную прапіску на віртуальную.
І ўсё ж за апошніх 6 гадоў у Брэсце адкрылася 4 новыя бібліятэкі, а ўся Брэсцкая гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма складаецца з 16 адпаведных устаноў. Іх паслугамі  карыстаюцца каля 46 тысяч чытачоў розных узростаў. Усяго ў вобласці функцыянуе каля 670 бібліятэк, якія наведваюць прыблізна 328 тысяч кнігалюбаў.
З кожным годам кніжныя фонды ўзбагачаюцца, абслугоўванне аўтаматызуецца, а самі бібліятэкі рамантуюцца і рэканструююцца. Назіраецца таксама тэндэнцыя да павелічэння колькасці інтэрнэт-сайтаў кніжных храмаў, дзе можна пазнаёміцца з дзейнасцю, паслугамі, навінамі і матэрыяльнай базай устаноў. Цікава, што партал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі нават прапануе наведвальнікам здзейсніць віртуальную экскурсію па бібліятэцы.
Канкурэнты з глабальнай павуціны таксама не дрэмлюць. Буйнейшую лічбавую бібліятэку ў нашай краіне можна знайсці па адрасе
www.library.by. Тут сабрана ўнікальная калекцыя – звыш 100 тысяч публікацый: навуковыя артыкулы, кнігі, рэфераты, проза і паэзія. Штодня збор папаўняецца новымі матэрыяламі. Згадзіцеся, падобнай прывілеяй можа пахваліцца не кожная абласная ці гарадская бібліятэка.
Не сакрэт, што сёння праз інтэрнэт моладзь купляе кнігі і абменьваецца імі. Папулярны анлайн-магазін oz.by дазваляе шукаць любімую літаратуру, седзячы дома на канапе. Варта аформіць віртуальную замову, і кур’ер па Брэсце даставіць тавар у тэрмін. Яшчэ больш падаграюць інтарэс да падобных рэсурсаў разнастайныя бонусы, падарункі і скідкі для пастаянных кліентаў.
Сапраўдная дылема: каб адчуць на пальцах мяккасць старонак, трэба прыкласці некаторыя намаганні, інтэрнэт жа гарантуе камфорт і аператыўнасць, але доўгае сядзенне каля манітора псуе зрок. Што лепш – рашаць вам.
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля