Беларусь

Прычасць… музыкай


Каб нешта выбраць, трэба пазнаёміцца з рознымі музычнымі плынямі
Уяўленне аб музычнай культуры ў многіх маіх равеснікаў вельмі абмежаванае. Каб выбраць, якая музыка табе насамрэч да душы, трэба пазнаёміцца з рознымі музычнымі плынямі. Той жа “жывы” канцэрт класікі раскрые вочы ці, дакладней, вушы, але ж на канцэрт трэба схадзіць…
Узгадваю выступленне Брэсцкага камернага аркестра, якое арганізавалі ў раённай бібліятэцы імя Ф. Панфёрава. У канцэртнай праграме гучалі музычныя шэдэўры І.С. Баха, П.І. Чайкоўскага, А. Вівальдзі і іншых аўтараў. Здавалася, што мелодыя сама лілася са струн скрыпак, альтаў, віяланчэляў і кантрабаса. Слухачы нібы апынуліся ў цудоўнай краіне творчасці. Музыканты выконвалі розную музыку: то ціхую і пявучую, то гучную і грозную. У пералівах гукаў можна было пачуць шум дажджу, грукат навальніцы, пошчак салаўёў. У кожнага музычнага твора – свой характар, настрой.
Па тварах музыкантаў было бачна, з якім задавальненнем яны ігралі створанае вялікімі кампазітарамі. І сёння памятаю, што вельмі ўразіў твор І.С. Баха “Ісус – мая радасць”. Светлыя гукі гэтай музыкі ўвасаблялі ў сабе ўсю прыгажосць і яснасць нябёсаў. Але мне было сорамна і прыкра за тое, што на канцэрце прысутнічала ўсяго… 16 слухачоў. Ды музыканты ігралі так, нібы зала была поўная людзей. Можа, таму і згадваю той “жывы” канцэрт, бо змагла прычасціцца тым вялікім, што называецца Музыка.
Сур’ёзная музыка застанецца класікай нягледзячы на схільнасці маладога пакалення. Апошнія з узростам зменяцца, а яна будзе грэць душу і хваляваць сэрца.
Аляксандра ПТАШЫЦ,
г. Іванава.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля