Рэп рэпу не роўны
Ці ўплывае музыка на духоўнае фарміраванне маладой асобы?
Дарослыя часта вінавацяць маладое пакаленне ў няправільным выбары інтарэсаў і жыццёвых прыярытэтаў. Вінавацяць у праблемах выхавання сучасную музыку і зорак-выканаўцаў.
На якой музыцы выхоўваецца новае пакаленне? На гэтае цікавае пытанне адказала Дар’я Гарбацкая ў матэрыяле “Рытмы сучаснасці”. Дар’я сцвярджала, што рэп адмоўна ўплывае на моладзь. Рацыя ёсць, аднак усё ж рэп рэпу не роўны. Вось давайце разбяромся.
Дзяўчына пераканана, што рэп пазбаўлены ўсялякай прыгажосці, сэнсу. Чаму ж гэта? Вось Дар’і, напрыклад, спадабаліся бабуліны песні. І закранулі дзяўчыну тым, што яны з душой, што ў іх апавядаецца аб жыцці простага народа, спадабаліся сваёй прастадушнасцю. Дык гэта ж і ёсць сучасны рэп! Атрымліваецца, гэта тыя ж бабуліны песні, толькі на сучасны лад. У гэтым музычным напрамку таксама апавядаецца аб сучасным жыцці, аб пачуццях моладзі. Вось толькі адрозненне ў тым, што рэп не спяваецца, а чытаецца. Ды і музыка, пад якую гэты самы рэп чытаецца, вельмі прыгожая. Ёсць нават песні, дзе гучаць класічныя мелодыі. Памылкова думаць, што рэп мае ўплыў на скажоны светапогляд падлетка.
Толькі сам чалавек можа ўздзейнічаць на свой духоўны свет, на свае погляды. Зга-джуся з тым, што ёсць песні і з ненарматыўнай лексікай, якія ні ў якім разе не могуць станоўча паўплываць на падлетка. На жаль, цяжка ўздзейнічаць на такіх выканаўцаў ці ўвогуле забараніць іх песні. На музычныя перавагі чалавека і яго духоўнае развіццё нельга паўплываць, забаронамі, можна прывіць густ ці выхаваць захапленне пэўным кірункам.
Уладзімір САЛАВЕЙ,
г. Іванава.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.