Беларусь

Шчаслівы нумарок


Своечасова і правільна ўкладзены рубель павінен даваць двайную аддачу, лічаць івацэвіцкія кааператары. І ўжо дабіваюцца гэтага
Як жа даўно (і дарэмна!) я не заходзіў у івацэвіцкія гандлёвыя кропкі спажыўкааперацыі: то часу не хапала, то патрэбы не было, ды і глыбока засела ў свядомасці думка, што тут, на перыферыі, і тавары горшыя, і прадукты ніжэйшай якасці, і само абслугоўванне вымушае жадаць лепшага. Гэта, скажам прама, не які-небудзь гіпер- ці супермаркет, да чаго пакрыху мы ўсе прызвычайваемся.
Не мог я ведаць той акалічнасці, што за апошні час івацэвіцкія гандляры зрабілі значны крок наперад: адбыліся прыкметныя перамены, на тутэйшых работнікаў прылаўка ўжо даўно не дасылаюць скаргі ў вышэйшыя інстанцыі, вырашана праблема дэфіцыту, тут ёсць усё і даступна кожнаму. А калі што-небудзь адсутнічае ў магазіне ці на складзе сёння – рабі заказ.
І яшчэ здзівіла: многія прамысловыя тавары і прадуктовыя вырабы танней, чым у абласным цэнтры. Людзі не тоўпяцца, зніклі чэргі. У гандлёвых кропках устанаўліваюцца і ўжо дзейнічаюць камп’ютарныя сістэмы. За прылаўкамі – ветлівыя, тактоўныя прадаўцы.
А калі ўзяць, напрыклад, прамысловую галіну, скампанаваную чатырма асобнымі філіяламі?! Шмат аб чым сведчыць той факт, што людзі, якія займаюцца тут выпускам тавараў народнага спажывання, ужо год утрымліваюць першае месца сярод аналагічных калектываў вобласці і нават рэспублікі. Абыходзяць канкурэнтаў і колькасцю, і якасцю, і коштам.
Вось табе і перыферыя! Цяпер сюды едуць закупіцца апетытнай, высакаякаснай рыбнай прадукцыяй, хлебабулачнымі вырабамі, безалкагольнымі напоямі, за што тутэйшыя вытворцы гэтых прадуктаў шматразова ўзнагароджаны граматамі, дыпломамі, а найбольшую асалоду дае ім падзяка пакупнікоў, гандляроў з суседніх раёнаў і абласцей. Бо ведаюць: івацэвіцкія кааператары былі аднымі з першых на Брэстчыне па ўкараненні і сертыфікацыі менеджменту якасці ІСО 9001 у хлебапякарнай вытворчасці і ХАССП – у рыбнай.
Гэтыя факты каментарыяў не патрабуюць і даюць адказ на пытанне, чаму прамыслоўцы з Івацэвіч на добрым рахунку сярод сваіх калег, а іх вырабы карыстаюцца шырокім попытам у насельніцтва, даюць прыбытак і на высокі заробак, і на развіццё, і на будаўніцтва новых структурных падраздзяленняў.
– Своечасова і правільна ўкладзены рубель дае два, – з задавальненнем падчас размовы зазначыла старшыня райспажыўтаварыства Тамара Варабей. – Кіруючыся гэтым прынцыпам, мы пастаянна развіваем матэрыяльна-тэхнічную базу, прыводзім усе аб’екты ў канкурэнтаздольны стан.
Але не толькі вонкавы глянец, рэканструкцыя, сучаснае абсталяванне, насычанасць усім неабходным гандлёвых кропак райспажыўкааперацыі знаходзяць станоўчы водгук у пакупнікоў, даюць значны прыбытак тутэйшым гандлярам.
Тут клапоцяцца пра чалавека: шмат будуюць. З мэтай якаснага гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ўзводзяцца магазіны крокавага доступу, дзе ёсць усё неабходнае. Такія гандлёвыя кропкі дазваляюць улічыць інтарэсы пэўнага кола пакупнікоў, хутка мяняць асартымент, кантраляваць якасць.  Так званыя ў народзе “магазіны ля хаты” цалкам задавальняюць патрэбы пакупнікоў шырокім выбарам тавараў, чулымі адносінамі, гатоўнасцю дапамагчы людзям сталага ўзросту. Пашыраецца колькасць платных паслуг, шпаркімі тэмпамі расце знешнегандлёвы зварот. А галоўны пазітыў – усё больш прадукцыі ўласнай вытворчасці ідзе на экспарт.
Важным накірункам удасканальвання работы і павышэння эфектыўнасці дзейнасці івацэвіцкіх кааператараў з’яўляецца ўкараненне камп’ютарных сістэм у гандлі, што забяспечвае ўлік руху тавараў і грашовых сродкаў. Першымі гэтай сістэмай авалодалі работнікі прылаўка ўніверсама “Івацэвіцкі”. Практыка паказала правільнасць такога падыходу, і зараз усё больш і больш гандлёвых кропак пераходзяць на гэтую прагрэсіўную сістэму работы, папулярнасць якой расце на вачах. Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, ва ўніверсамах “Івацэвіцкі” і “Рамонак” сёлета для зручнасці пакупнікоў праведзена пашырэнне гандлёвых залаў, устаноўлены сучасныя сістэмы вынаснога халадзільнага абсталявання, укаранёна поўнае самаабслугоўванне, дзейнічае сучасная светлавая рэклама з фірмавым знакам кожнага магазіна, праграмнае камп’ютарнае забеспячэнне, якое дазваляе здзяйсняць кантроль за таварарухам, прымяняць сістэмы скідак для пакупнікоў.
А колькі добрых слоў можна сказаць пра нарыхтоўшчыкаў! Імі створаны ўсе ўмовы для прыёмкі гародніны, бульбы, мясапрадуктаў, любых катэгорый другаснай сыравіны. Для захавання і перапрацоўкі закупленай сельгаспрадукцыі ў насельніцтва дзейнічае неабходная матэрыяльна-тэхнічная база. За апошнія пяць гадоў на развіццё гэтай галіны ўкладзена больш 1 мільярда 200 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы даюць неблагую аддачу. Летась аб’ём нарыхтоўчага абароту склаў больш за 9 мільярдаў рублёў, што забяспечыла і паэтапны рост на 127 працэнтаў, і самы высокі заробак сярод кааператараў раёна.
У нарыхтоўчы сезон усе магазіны спажыўкааперацыі працуюць у рэжыме прыёмна-нарыхтоўчых пунктаў. І яшчэ: чалавек пры жаданні можа набыць тут неабходныя саджанцы пладовых дрэў, насенне гароднінных культур, кветак. Шмат карысці прыносяць штатныя нарыхтоўшчыкі, якія, раз’язджаючы па населеных пунктах, выконваюць заявы сялян, зробленыя імі ў той ці іншай гандлёвай кропцы.
А колькі платных паслуг насельніцтву раёна аказваюць кааператары! Першынствуюць тут створаныя летась філіялы “Прыгарадны” і “Аўтабаза”. А ўсяго асвоена ўжо 26 відаў розных паслуг насельніцтву. Колькасць іх пашыраецца. Галіна стала прыбытковай. Пераняць вопыт едуць гандляры з іншых месцаў.
Або такі факт. Па аб’ёмах экспарту Івацэвіцкае райспажыўтаварыства выйшла на першае месца ў вобласці і трывала ўтрымлівае яго. Тэмп росту гэтага паказчыка летась склаў 176 працэнтаў. А гэта – сотні тысяч долараў прыбытку.
Добра арганізавана і работа аўтатранспартнікаў, рамонтнага камбіната, будаўнікоў, іншых дапаможных структурных падраздзяленняў, што і забяспечвае ў канчатковым выніку ўстойлівае развіццё ўсёй сістэмы.Менавіта аб гэтам ішла наша размова з адказнымі работнікамі райспажыўтаварыства.
– Усяго і не раскажаш, і не ўспомніш адразу, – заўважыла Тамара Мікалаеўна. – Імкнёмся, каб трывалай была сувязь паміж пакупніком і прадаўцом. 106 магазінаў таварыства знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Там адбываюцца грандыёзныя перамены. На сяло мы з вамі паедзем наступным разам. Бо ёсць на што зірнуць, чым здзівіцца.
Апошнія словы Тамара Мікалаеўна вымавіла са шчымлівым душэўным хваляваннем. Было бачна: ёю завалодалі ўспаміны…
Некалі дзяўчынка з Гошчава з залатым медалём закончыла сярэднюю школу. Дзяўчом з дзвюма сваімі сястрычкамі гуляла вольным часам у магазін. А як жа: іх матуля – прадавец, паважаны ў вёсцы чалавек. Ды ісці ў гандаль яна чамусьці ўвесь час адгаворвала Тамару: маўляў, там конкурс вялікі – не праб’ешся…
Але выдатніца паспрабавала. З першай спробы стаць студэнткай не ўдалося. Працавала піянерважатай Запалянскай васьмігодкі і “націскала” на хімію.
На другі год паступаць у Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава адгаворвалі ўсе родзічы. А ёй так хацелася трапіць туды!..
Сышліся на тым, што Тамара наскручвала з паперы нумаркоў з усімі інстытутамі рэспублікі.
– Які выцягну – туды і паеду спрабаваць сваё шчасце.
У татавай шапцы-вушанцы нумаркі перамяшалі добра. Дрыжачай рукою Тамара выцягнула скрутачак. Разгарнула. І аж падскочыла ад радасці:
– Шчаслівы нумарок! Паступаць буду ў Інстытут народнай гаспадаркі!
Паступіла. Тады яна і ўявіць не магла, колькі цяжкасцей выпадзе на яе долю, пакуль выб’ецца ў людзі. Узначаліць калектыў, дзе цяпер сярод роднасных самы высокі заробак у яе падначаленых, самыя лепшыя паказчыкі ў вобласці.
А зусім нядаўна яе здзівілі фанабэрыстыя яшчэ некалькі год таму камерсанты:
– Прымайце на працу, Тамара Мікалаеўна.
— Прыходзьце…
Уладзімір Сітуха, “НТ”.
г. Івацэвічы.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля