Спрадвечная ўзаемасувязь
Колькі будзе існаваць чалавецтва, сувязі паміж пакупніком і прадаўцом толькі мацнець. Нам не абысціся адзін без аднаго, не пераадолець раптам узніклых цяжкасцей – мы заўжды выручым адзін другога.
А ў сённяшнім звышвысокім рытме жыцця гэтая ўзаемасувязь мацнее, набывае рысы разнапланавасці. Прасачыць гэта можна і на лічбах. Калі яшчэ пяць год таму ў сістэме абласнога спажывецкага таварыства стратнымі былі больш паловы раённых таварыстваў, дык зараз з прыбыткам працуюць не толькі ўсе райспажыўсаюзы, але і шматлікія арганізацыі, якія знаходзяцца ў іх складзе. Чысты прыбытак павялічаны ў 12 разоў і па выніках 2010 года склаў 15 мільярдаў рублёў. Рэнтабельнасць агульнай дзейнасці ўзрасла больш чым у 4,5 раза. Каэфіцыент бягучай ліквіднасці перавышае ўстаноўлены нарматыў. Нягледзячы на значныя капітальныя ўкладанні, каля 10 мільярдаў рублёў назапашана ўласных абаротных сродкаў.
Амаль па ўсіх паказчыках дзейнасці наша спажывецкае таварыства лідзіруе ў Беларусі.
Быць лепшым і пачэсна, і адказна. Бо заўжды (і не толькі ў гандляроў) узнікаюць пытанні, за кошт чаго дасягнуты такія відавочныя зрухі, чаму брастаўчане працуюць са значным апярэджваннем прагнозных паказчыкаў сваіх калег з іншых абласцей і па ўсіх напрамках дзейнасці.
Скажу так: мы пайшлі да людзей. Прааналізавалі і абагульнілі іх запыты. У гандлёвыя кропкі сталі дастаўляць тавары і прадукты, неабходныя чалавеку, прымаць заказы ў людзей і аператыўна рэагаваць на запатрабаванні кожнага. Забяспечылі якасць, палепшылі ўмовы працы прадаўцоў. Зрабілі ўсё, каб пакупніку было прыемна зайсці ў магазін.
Ды хіба пералічыш усё! Таму і дасягнута дамоўленасць з супрацоўнікамі “Народнай трыбуны” аб стварэнні інфармацыйна-аналітычнага праекта “Гандлёвы рад”.
Нашы пакупнікі – гэта ж і чытачы выдання на роднай мове. Верыцца, што ў працэсе рэалізацыі праекта мы падрасцём прыбыткам, а ў газеты павялічыцца тыраж. Чакаем вашых пытанняў, слушных прапаноў, крытычных заўваг, падказак – і ў аблспажыўсаюз, і ў газету.
Алег НЕСЦЯРУК,
старшыня праўлення абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў.
Першы матэрыял праекта – аб пераможцах спаборніцтва за 2010 год – івацэвіцкіх кааператарах.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.