Ад чаго становіцца так радасна?

Ад чаго становіцца так радасна?

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Пасля абеду трава, прасохлая на спякоце, рэзалася з цяжкасцю. Прыходзілася рабіць частыя перадышкі. І мне, прытомленаму касьбою, прыемна было прылегчы пад кустом у халадку, піць пах свежаскошанай травы, слухаць спевы птаства і бясконцы звон-гуд шматлікіх насякомых.
У адзін з такіх перапынкаў увагу прыцягнула моцнае сакатанне сарок. Трывожны крык чуўся ўжо хвілін некалькі і паступова нарастаў. Я не вытрымаў, прыўзняўся і ўбачыў: метраў за дзвесце над самай зямлёй носяцца тры сарокі. Яны то падскокваюць, то ўзлятаюць, то апускаюцца долу. І самае загадкавае, што відаць: у кожную з іх па чарзе ўдарае ці то камень, ці то невялікі мяч. Ударыць – адскочыць, ударыць – адскочыць… І так шмат разоў.
Цікавасць разабрала мяне. Асцярожна крадучыся, набліжаюся туды. Ужо на блізкай адлегласці ўбачыў: гэта не камень, не мячык, а курапатка. Імкліва, стралой стукае ў кожную з сарок, якія набліжаюцца да яе. Тая птушка, што падае, не паспявае вывернуцца, і ўдар наносіцца трапна, дакладна.
Устаю ва ўвесь рост і рашуча іду туды. Сарокі неахвотна разлятаюцца. На грудку ў нізенькай траве невялікая шэра-бурая купінка, а ля яе бегае курапатка. З маім набліжэннем курапатка звонка чокнула некалькі разоў і пабегла па грудку. “Купінка” ажыла, таксама пабегла. А потым рассыпалася на маленькія камячкі.
Я захацеў паглядзець зблізу, падбег крокаў колькі, але птушаняты подбежкам памчаліся да вышэйшай травы, шухнулі туды і зніклі з поля зроку. А курапатка, адляцеўшы дзясятак метраў, апусцілася ў траву і, адчуваючы выратаванне, зацёхкала. Радасна. Звонка.
Сцяпан НЕФІДОВІЧ,
в. Любань, Лунінецкі раён

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Дамавічок Антось дае парады

Следующая запись

Баранавіцкія юннаты праз экалогію пазнаюць патрыятызм