Дамавічок Антось дае парады
…агародніку
НУ, ЖУК, ПАЧАКАЙ!
Галоўны вораг бульбаводаў – каларадскі жук. Менавіта ў чэрвені гэты шкоднік найбольш актывізуецца, і калі не прыняць своечасовых мер супраць яго, жук літаральна за некалькі дзён можна знішчыць увесь будучы ўраджай.
У перыяд яйцакладкі жукоў расліны неабходна высока акучваць. Гэта найбольш эфектыўны агратэхнічны прыём барацьбы супраць шкодніка. У выніку яйкі і лічынкі на ніжніх лісціках засыпаюцца зямлёй і гінуць.
Можна апырскваць бульбоўнік шматдзённым моцным настоем палыну. Жук такія расліны не любіць.
І яшчэ адзін нехімічны метад. Пасыпце расліны драўняным попелам. Праз дзень-другі загінуць не толькі лічынкі, але і многія дарослыя жукі.
…навасёла
КЛЕЙ: УНІВЕРСАЛЬНЫ ЦІ СПЕЦЫЯЛЬНЫ?
Па-першае, высветліце, які від клею адпавядае рабоце з канкрэтным матэрыялам.
Па-другое, вывучце інструкцыю па яго выкарыстанні.
Па-трэцяе, падрыхтуйце паверхню адпаведным чынам.
Клей выпускаюць ці ў выглядзе сухой сумесі, якую разводзяць вадой ва ўказанай на ўпакоўцы прапорцыі, ці гатовым да прымянення.
Існуюць універсальныя віды клею, якія можна выкарыстоўваць для склейвання розных матэрыялаў. Аднак, калі для канкрэтнага матэрыялу ёсць спецыяльны клей, дык лепш прымяняць яго, а не ўніверсальны – гэта гарантуе чаканы вынік.
Улічваючы адносна невялікі кошт клею ў агульным каштарысе рамонтных работ, эканоміць на ім, купляючы танны, няма сэнсу.
…спажыўцу
ЯК АБНАВІЦЬ ГАРДЭРОБЧЫК
Хочаце абнавіць гардэроб? Для пачатку трэба вызначыцца, якімі рэчамі вы часцей за ўсё карыстаецеся, і скласці спіс, чаго не хапае.
У першую чаргу наведвайце крамы, у якіх ёсць зніжкі, і яшчэ раз з улікам убачанага прагледзьце складзены спіс. Пры неабходнасці змяніце яго. Далей дзейнічайце ў адпаведнасці з планам. Не трэба губляць час, разглядваючы спадніцы, калі трэба купіць пару блузак.
Набываючы новыя рэчы, варта памятаць, што яны павінны спалучацца па стылі і колеры з тымі, што ўжо ёсць у гардэробе.
Звярніце ўвагу на абутак і аксесуары. Менавіта яны дазваляюць нават пры наяўнасці мінімуму рэчаў кожны дзень выглядаць па-новаму. Набываць трэба толькі якасныя рэчы, каб праз тыдзень не давялося зноў хадзіць у пошуках новай сумачкі і шкадаваць пра дарэмна патрачаныя час і грошы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.