Баранавіцкія юннаты праз экалогію пазнаюць патрыятызм

Баранавіцкія юннаты праз экалогію пазнаюць патрыятызм

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Баранавіцкі экалагічны цэнтр дзяцей і юнацтва – пастаянны ўдзельнік розных экалагічных праектаў, заўсёды ў авангардзе акцый па добраўпарадкаванні. Напрыклад, гэтай вясной у Дзень Зямлі ўсе гурткоўцы і выкладчыкі ЭЦДiЮ выехалі за горад, каб навесці парадак у зоне адпачынку на вадасховішчы Мышанка. Дзеці не грэбавалі прыбіраць смецце, пакінутае нядбайнымі адпачывальнікамі, зграбалі сухую траву, галлё. Каб прыбярэжная зона выглядала больш прывабнай, юннаты высадзілі дэкаратыўныя кусты і маладыя дрэўцы. Усяму гэтаму іх вучыць не трэба. Яны выдатна ведаюць, як пасадзіць любую расліну, каб яна добра прыжылася і цешыла вока. Загадзя дзеці змайстравалі каля 30 шпакоўняў і размясцiлі іх у гарадскіх парках, скверах, на тэрыторыі экалагічнага цэнтра.
Такімі карыснымі справамі Баранавіцкі экалагічны цэнтр дзяцей і юнацтва займаецца з 1949 года. Сёння гэтую пазашкольную ўстанову наведваюць больш за 1360 навучэнцаў. Для іх працуюць 115 аб’яднанняў і гурткоў па 32 эколага-біялагічных кірунках. Заняткі праходзяць не толькі на базе самога цэнтра, але і ў школах, гімназіях, дзіцячых садах, у сацыяльна-педагагічным цэнтры з дзіцячым прытулкам. Выкладчыкі займаюцца таксама з дзецьмі-інвалідамі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Усіх жадаючых знаёмяць з пытаннямі экалогіі, вучаць рабіць сваімі рукамі вырабы з прыродных матэрыялаў. У Баранавічах ужо стала добрай традыцыяй штогод праводзіць выставу вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі па стане здароўя. Трэба адзначыць, што іх выдатныя работы выклікаюць шчырае захапленне.
Хлопчыкі і дзяўчынкі могуць вывучаць сакрэты прыроды не толькі ў тэорыі, але і на практыцы. На тэрыторыі цэнтра знаходзіцца дэндрарый, альпійскі луг, камянёвы сад у японскім стылі. Самі юннаты і экскурсанты любяць сцежку адчуванняў, дзе можна праверыць сэнсарныя магчымасці. З задавальненнем дзеці даглядаюць трусоў розных парод, хамячкоў, мышэй, шыншыл, чарапах, рыбак, птушачак, назіраюць за трохметровым пітонам. Ведаюць школьнікі шмат і аб пакаёвых раслінах, у аранжарэі цэнтра іх больш за 150 відаў. І нават у час канікулаў школьнікі ахвотна сюды прыходзяць.
Дырэктар экалагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва Наталля Талстая кажа: “Мы не ставім мэту выгадаваць эколагаў або біёлагаў. Галоўная наша задача – выхаванне экалагічнай адукаванасці і культуры. Важна, каб нашы дзеці маглі не толькі захаваць, але і прымножыць прыгажосць прыроды, каб яны сталі сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны”.
Прывiваюць любоў да роднай зямлі дасведчаныя педагогі, якія заўсёды знаходзяцца ў творчым пошуку. Тое, што іх высілкi не марныя, кажуць перамогі юннатаў у гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Заслугі цэнтра ў плённай працы падзяляе яго дырэктар Наталля Талстая, уладальніца абласнога звання “Чалавек года” ў вобласці экалогіі. Яе добрасумленнасць, наватарства, адданасць справе адзначаны граматамі абласнога ўпраўлення адукацыі, гарадскога выканаўчага камітэта і гарадскога Савета дэпутатаў.
“Настаўнік павінен быць асобай, і тады дзеці будуць яго паважаць і браць з яго прыклад, – пераканана Наталля Мікалаеўна. – Педагогу трэба быць сумленным з дзецьмі, і заўсёды ён павінен вучыцца сам. Нашы педагогі асаблівыя: яны таленавітыя, любяць сваю зямлю, вучаць дзяцей паважаць і любіць сваю краіну.” Так праз экалагічнае выхаванне ў Баранавічах вядзецца выхаванне патрыятычнае.
Святлана ЛЕБЕДЗЕВА,
г.Баранавічы.
Фота аўтара

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Ад чаго становіцца так радасна?

Следующая запись

Як стварыць добрую сям’ю