Дарагія жанчыны!
Прыміце мае віншаванні з Днём маці. У свеце няма нічога больш важнага і дарагога, чым сям’я, бацькоўскі дом і святая мацярынская любоў. Слова «мама» для кожнага з нас увасабляе самага блізкага чалавека, у чыім сэрцы б’е чыстая крыніца пяшчоты і гатоўнасці ахвяраваць усім дзеля сваіх сыноў і дачок. Вы – наш галоўны здабытак на Зямлі, нездарма ж кажуць, што будучыня нацыі – у руках маці.
Прымнажэнне насельніцтва краіны, усебаковая падтрымка мацярынства і дзяцінства, павелічэнне колькасці шматдзетных сем’яў – самыя важныя задачы дзяржавы. Адзначаючы гэты дзень як агульнанацыянальнае свята, мы аддаём даніну павагі і прызнання вашай вялікай місіі – нараджэння і выхавання новых пакаленняў, захавання маральных асноў і духоўных ідэалаў грамадства.
Мілыя суайчынніцы, мы цэнім вас за тое, што ў імклівым рытме сучаснага жыцця вы застаецеся пяшчотнымі і добрымі жонкамі і маці, умееце верыць, любіць і дараваць. Няхай жа збываюцца ўсе вашы запаветныя мары, у дамах заўсёды пануюць спакой, утульнасць, згода і дабрабыт, а дзеці прыносяць толькі радасць, дораць свой клопат і душэўную цеплыню.
Моцнага вам здароўя, поспехаў, дастатку і, вядома ж, простага жаночага шчасця.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
Аляксандр ЛУКАШЭНКА.
14 кастрычніка 2010 года.
Міхась РУДКОЎСКІ
НЕАДПЛАТНЫ
ДОЎГ
Я перад табой у даўгу
за кожную ноч,
што ты недаспала,
у калысцы мяне
люляючы,
за кожны сон,
што ты недасніла,
дзверы мне адчыняць
уставаючы,
за кожны хлеба акраец,
што ты не з’ела,
на дарогу мне пакідаючы.
У даўгу
за кожную маршчынку
на тваім родным твары,
за кожную слязінку
на вачах тваіх
на бясхмарных,
за кожны мазоль
на далонях тваіх
пяшчотных,
на далонях самотных,–
я ў даўгу…
Хачу табе аддзякаваць – ды ці змагу?..
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.