Добры конь
“Памылка”
Валянціна працуе ў вясковым магазіне. З людзьмі яна ўмее: на некага павысіць голас, некаму ўсміхнецца. Бывае, возьме за тавар, які ты не браў, ці за кілаграм каўбасы налічыць, як за два кілаграмы, або хоць пяцьдзясят рублёў дабавіць у чэку. Такія “памылкі” на сваю руку адбываюцца ў Валі рэгулярна. Прыйдуць вяскоўцы, пасварацца – ну і аддасць Валя тыя грошы. З кім не бывае? Памылілася! Ды і не ўсе ж пойдуць. Не кожны заўважыць, што яго падманулі. А калі сума невялікая, дык не хочуць.
Вера Міхайлаўна – настаўніца. Яна сціплая, добрая. Вось гэтым і карыстаецца Валя. Як прыйдзе Міхайлаўна ў магазін, дык яе Валя і абдурыць. І не падумайце, што настаўніца непісьменная, не ўмее лічыць. Яна адчувае, што яе падманваюць, нават бачыць, але сказаць Валі аб гэтым не дазваляе яе інтэлігентнасць. Прыйшла аднойчы Вера Міхайлаўна з магазіна, а муж і пытае: “Ну, і на колькі цяпер?” Паглядзелі: сума значная. Муж загадаў: “Сядай у машыну! Едзем у магазін”.
Пасля разборак, калі Валя вярнула грошы, муж Міхайлаўны і кажа прадаўшчыцы: “Глядзі, Валя, каб гэтага больш не было!” А Валя не задумваючыся пытае: “А што, Міхайлаўна больш у магазін не пойдзе?” Усе прысутныя пакаціліся са смеху.
Добры конь
Ну як абысціся ў вёсцы без каня? Вядома, зараз некаторыя купляюць жалезных коней. Але ж агарод трактарам нязручна араць. Ды і старому чалавеку лепш усё-такі мець справу з сапраўдным канём. Так думаў дзядзька Андрэй у сваіх падарожжах па вёсках. Яму падкажуць, што ў такой-та вёсцы прадаецца конь, ён і адпраўляецца ў вандроўку. Ды ўсё не тое: то слабы конь, то занадта жвавы, то цана кусаецца…
Аднойчы, вяртаючыся пехатою з конскіх агледзін, сустрэў дзядзька знаёмага цыгана. Той якраз ехаў на коніку. Паклікаў і дзядзьку падвезці. Дзядзька Андрэй расказаў пра сваю бяду. А цыган і прапаноўвае: “Бяры майго – не пашкадуеш”. Дзядзька паглядзеў: “Нядрэнны конь”. Але ведаючы, што цыган можа падмануць, пытае: “А ўсё-такі, даражэнькі, якая загана ў твайго каня? Нешта ж ты, мабыць, прыхоўваеш?” Цыган аж забажыўся: “Залаты конь! Толькі на дзераво не лезе”. Падумаў дзядзька: “Навошта мне, каб конь на дрэвы лазіў”. Ударылі па руках, дзядзька меў пры сабе грошы і адразу разлічыўся за каня, за воз. Высадзіў цыгана ў пасёлку і паехаў дахаты.
Вунь ужо і хата яго віднеецца, трэба толькі мост праз рэчку праехаць. Але што гэта?! Конь не ідзе на мост. Дзядзька і так, і гэтак. І цягнуў, і падганяў, і пхаў ззаду. Не ідзе, хоць забі яго! Нарэшце дзядзьку ўспомніліся словы цыгана “на дзераво не лезе”. Ды вунь якое “дзераво”! Давялося дзядзьку шукаць брод праз рэчку.
А ў астатнім конь, і праўда, добры аказаўся. Задаволены дзядзька. А мост можна і аб’ехаць…
Галіна БАБАРЫКА,
г. Столін.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.