Гэта наша з табой біяграфія…
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
У палоне “Дружбы”
Пётр Дубоўскі ўсё жыццё быў актыўным камсамольцам. Ён удзельнічаў у будаўніцтве БАМа. У 1980 годзе прыехаў у раён на камсамольскую будоўлю. Аб’ектам была птушкафабрыка “Дружба”. На прадпрыемстве Пётр Фёдаравіч працуе з дня заснавання. Сёння займае пасаду намесніка генеральнага дырэктара ААТ “Птушкафабрыка “Дружба” па ідэалагічнай рабоце.
ДРАГІЧЫН
Тры сяброўкі-камсамолкі
Валянціна Канцэвіч, Валянціна Мацкевіч і Лідзія Еўчык працавалі ў Драгічынскім райкаме ЛКСМБ у сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Валя Канцэвіч у 1991 годзе перайшла ў школу, Ліда Еўчык – у Дом піянераў, а Валя Манцэвіч – у падатковую інспекцыю. Шмат гадоў ужо прайшло з таго часу, як дзяўчат аб’ядналі камсамолькія ідэі, многае змянілася ў іх жыцці, але, нягледзячы ні на што, яны сябруюць і цяпер. Жанчыны перакананы, што камсамольскае сяброўства нельга забыць ці згубіць.
ІВАНАВА
Без часу на… пераадзяванне
Першы сакратар Іванаўскага райкама ЛКСМБ Святлана Маісейчык увесь час запальвала навакольных сваёй энергіяй. Часу сядзець на месцы не было. Па яе ініцыятыве моладзь прымала ўдзел у шматлікіх будоўлях, меліярацыі Палесся, наладжвала кантакты з равеснікамі за мяжой – у Швейцарыі, Балгарыі, на Кубе.
Задумак было столькі, што гадзін у сутках не хапала. Між тым, і канцылярскую работу трэба было рабіць. Сакратаром-машыністкай у райкаме працавала Марына Япішка. Аднойчы пасля справаздачна-выбарчай канферэнцыі неабходна было тэрмінова здаць справаздачу ў абкам. У Марыны – малыя дзеці. Святлана Маісейчык успамінае, як раніцай прыйшла на працу, а Марына ў тапачках і халаце друкуе дакументы – ну, не было ў яе часу на пераадзяванне!
МАЛАРЫТА
Назаўжды маладая
Маладзёжны лідар раёна Любоў Куц, скончыўшы Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна, працавала настаўнікам і арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы Збуражскай СШ у 1978 годзе. Дзякуючы цудоўным арганізатарскім здольнасцям была запрошана на работу ў райкам ЛКСМБ. А яшчэ праз год узначаліла раённую суполку. Праз тры гады яе выбралі ў абкам арганізацыі.
Любоў імкнулася зацікавіць моладзь дзяржаўнымі справамі і навучыць не быць абыякавымі да падзей у сваёй краіне. Яна тройчы была ўзнагароджана Ганаровай граматай ЦК ЛКСМБ за вялікую работу па камуністычным выхаванні моладзі. Пазней Любоў Куц атрымала Знак ЦК ВЛКСМ “За актыўную работу ў камсамоле”.
Арганізацыя выхавала неардынарную лідарку, якая і сёння працуе з маладымі. Любоў Васільеўна ўзначальвае педагагічны калектыў СШ №2 г. Маларыты і з’яўляецца старшынёй раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.
ПРУЖАНЫ
Першыя ў Саюзе!
У 60-70-х гадах раённым камітэтам камсамольскай арганізацыі кіраваў Уладзімір Граб. Той час характарызуецца ўздымам ваенна-патрыятычнага і інтэрнацыянальнага выхавання. Уладзімір Міхайлавіч удзельнічаў у фарміраванні камсамольскіх маладзёжных калектываў, якія працавалі на вытворчасці і ў сельскай гаспадарцы.
Ён з радасцю ўспамінае, як камсамольцы прымалі ўдзел у будаўніцтве помнікаў, адкрыцці мемарыяльных дошак у гонар загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сапраўдны патрыятычны ўздым сярод маладога пакалення выклікала будаўніцтва гарадскога стадыёна і стварэнне Кургана Славы ў Ружанах. Вялікая работа праводзілася па стварэнні музеяў, якія потым займалі першыя месцы ва ўсесаюзных спаборніцтвах. Першы музей быў створаны на базе школы-інтэрната (цяпер СШ №4).
Падрыхтавала
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.