Ахвярамі дарожна-транспартных здарэнняў часта становяцца дзеці
Штогод на дарогах вобласці гіне каля 10 дзяцей, больш сотні ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў атрымліваюць раненні. З пачатку гэтага года з удзелам дзяцей адбылося 44 ДТЗ, у выніку якіх адно дзіця загінула і 45 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. У параўнанні з мінулым годам колькасць аварый з удзелам дзяцей паменшылася на 20, загінуўшых – на 2, раненых – на 20. Але ж сітуацыя па-ранейшаму непакоіць.
Якая асноўная прычына дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей?
Пераважная большасць ДТЗ (86 працэнтаў) здараецца па віне вадзіцеляў, а ў кожнай сёмай аварыі вінаваты самі дзеці-пешаходы.
За прыкладам далёка хадзіць не трэба. На памяць прыходзіць 16 жніўня: у той дзень каля 23 гадзін аўтамабіль “Мерседэс” сутыкнуўся з гужавой павозкай. У выніку гэтага здарэння ў бальніцу трапілі вазніца, 12-гадовы яго аднавясковец і 19-гадовы пасажыр “Мерседэса”. Трэба адзначыць, што павозка не была пазначана святлоадбівальнымі элементамі, таму яе і не было відаць на дарозе.
Балюча і крыўдна, калі на дарогах пакутуюць дзеці. У адзін жнівеньскі дзень каля 24 гадзін ночы жыхар вёскі Рэчкі на матацыкле “Ява” наехаў на 6-гадовую дзяўчынку. З цяжкімі траўмамі яна была дастаўлена ў бальніцу. Што рабіла дзіця ў такі позні час на дарозе і дзе былі яго бацькі?
Бацькі павінны навучыць дзіця выбіраць бяспечнае месца для пераходу дарогі. Важна, каб маленькі пешаход мог добра агледзець дарогу і каб вадзіцелі бачылі яго. Няхай цвёрда засвоіць: бачыш ты – бачаць цябе.
А дзецям хацелася б нагадаць аб наступным. Перад тым, як перайсці дарогу, спыніцеся, агледзьцеся і прыслухайцеся, ці няма на дарозе машын. Калі бачыце машыну, якая набліжаецца, прапусціце яе, хай праедзе. Зноў агледзьцеся і, калі на дарозе няма больш транспарту, пераходзьце па прамой, самым кароткім шляхам. Ні ў якім разе не пераходзьце дарогу па дыяганалі. Будзьце ўважлівымі, пакуль не станеце на тратуар.
І апошняя парада. Бацькі, сачыце, каб дзіця не спяшалася і не спазнялася, бо спяшацца на дарозе – значыць, рызыкаваць!
Наталля КАСЬЯНІК,
інспектар аддзела агітацыі і прапаганды УУС аблвыканкама,
капітан міліцыі
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.