Як аднавіць “разбуранае гняздо”?
Над праблемнымі сем’ямі ў Іванаўскім раёне ўзялі шэфства актывісткі Беларускага саюза жанчын.
У падмурку трывалага сямейнага будынка ляжаць цаглінкі не толькі матэрыяльныя, але ў першую чаргу – духоўныя. Занепакоенасць у нашым грамадстве выклікаюць сёння адносіны да шлюбу і выхавання дзяцей, падзенне прэстыжу сям’і і сямейных каштоўнасцей. Праўленне Іванаўскай раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” адной з галоўных задач сваёй дзейнасці вызначыла дапамогу сем’ям і дзецям, патрапіўшым у сацыяльна небяспечнае становішча. Аб яе вырашэнні расказвае старшыня суполкі Святлана МАІСЕЙЧЫК:
– Члены нашай арганізацыі прынялі актыўны ўдзел у правядзенні інфармацыйна-асветніцкай кампаніі “Здароўе жанчыны – здароўе нацыі”, якая была аб’яўлена рашэннем прэзідыума ГА “Беларускі саюз жанчын”. Ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя адбыліся сустрэчы- кансультацыі з жанчынамі і дзяўчатамі па праблемах зберажэння здароўя. У аптэках раёна арганізавалі выставы медыцынскіх прэпаратаў, вітамінаў, біядабавак, якія станоўча ўплываюць на арганізм і здароўе жанчын. Сумесна з Цэнтрам сацыяльнай абароны насельніцтва праведзена акцыя па зборы дзіцячага адзення, абутку, цацак і кніг для дзяцей з малазабяспечаных сямей і тых, якія знаходзяцца ў сацыяльным прытулку.
Па маёй прапанове Іванаўскае благачынне перад Міжнародным днём абароны дзяцей правяло ва ўсіх праваслаўных храмах службы і малебны, прысвечаныя зберажэнню і ўмацаванню сям’і, захоўванню правоў дзіцяці, ушчуванню бацькоў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў.
Сёлета па ініцыятыве раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” праводзіцца акцыя-конкурс “Зрабі свой горад прыгожым” на лепшае афармленне і дэкаратыўнае азеляненне клумб у гарадскім парку. Яна арганізавана сярод старшакласнікаў з абавязковым удзелам бацькоў і настаўнікаў, а таксама пярвічных арганізацый ГА “БРСМ”. Яе галоўная мэта – фарміраванне ў моладзі пачуцця гаспадара сваёй зямлі, садзейнічанне ўмацаванню ўзаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі, сем’ямі і педагагічнымі калектывамі праз працоўнае спаборніцтва.
Вельмі балюча гаварыць пра негатыўныя з’явы ў сям’і, праблему сацыяльнага сіроцтва. Сёння, адпаведна сацыяльнаму пашпарту, толькі ў нашым раёне пражывае 764 няпоўныя сям’і, дзе выхоўваецца 1182 дзіцяці. Налічваецца 405 малазабяспечаных сямей, дзе пражывае 982 дзіцяці. У сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца 107 дзяцей па прычыне невыканання бацькамі абавязкаў па іх выхаванні і ўтрыманні.
Безадказныя, амаральныя паводзіны бацькоў фарміруюць у дзіцяці адмоўнае стаўленне да людзей і грамадскіх інстытутаў, пазбаўляюць неабходнай падтрымкі з боку блізкіх. Такія дзеці маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. У нашым раёне адабрана ў бацькоў за апошнія чатыры гады 21 дзіця, іх накіравалі ў інтэрнатныя ўстановы.
Іванаўская арганізацыя ставіць перад сабой няпростую задачу – персаніфікаваць работу з праблемнымі сем’ямі. З гэтай мэтай прынята рашэнне аб замацаванні членаў праўлення, членаў пярвічнай арганізацыі “Сяльчанка” і жанчын-дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў за 16-цю такімі сем’ямі з 50-ці. Спадзяюся, што жанчыны-актывісткі змогуць знайсці залаты ключык ад той маленькай патаемнай дзверцы, за якой у згодзе жывуць дарослыя і дзеці. А “раскіданыя гнёзды” стануць трывалымі буслянкамі, да якіх стагоддзямі, з пакалення ў пакаленне, белакрылыя птушкі будуць прыносіць неацэнны дар нябёсаў – бласлаўлёных на шчасце немаўлят.
Запісала Марыя ФЕДАРУК, “НТ”,
г. Іванава
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.