І зусім яны не баязліўцы!

І зусім яны не баязліўцы!

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Згодна ўсходняй міфалогіі яны спусціліся да нас з Месяца. А  індзейскае племя ацтэкаў карысталася імі як шкалой для вымярэння ступені ап’янення ад 1 да 400.  Калі б даць ім магчымасць размнажацца максімальна свабодна, то праз 90 гадоў  іх папуляцыя была б роўная колькасці квадратных метраў на нашай планеце. У Аўстраліі яны прызнаны ворагам №1.  Вось такія гаспадары 2011 года – белыя, шэрыя, чорныя, пярэстыя і пушыстыя трусы…
Бяздомных трусоў не бывае
Так ужо склалася, калі гаворка заходзіць пра  такога сімпатычнага звярка, дык адразу ўзнікае  асацыяцыя па сугучнасці з рускім “трусом” – баязліўцам. А яшчэ ўспамінаецца фраза з кіно пра “смачнае мяса і каштоўнае футра”… Але нельга абапірацца толькі на гэтыя веды, калі на хвалі пераднавагодняй “трусінай”  ліхаманкі вы захочаце падарыць блізкаму чалавеку такое мякенькае маленечкае…  трусянятка. Гэта не забаўка, а жывая істота, якая мае свае звычкі  і патрабуе адпаведнага догляду.
Пра гэта вам раскажа нават самы маленькі  ўдзельнік гуртка “Юны заолаг”  абласнога эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў, што месціцца на вуліцы Ціхай у Брэсце. І там, сапраўды, ціха і ўтульна.  У кабінеце юннатаў знайшлі прытулак сярод папугаяў, шыншыл ды  іншай жыўнасці каля дзясятка трусоў – розных афарбоўкі і характару – улюбёнцы ўсіх, хто з дня ў дзень прыходзіць у гэты светлы пакой, каб сустрэцца са сваімі гадаванцамі.
Дзеці ведаюць, што значыць любіць жывёл і клапаціцца пра іх. А яшчэ  яны  не ўспрымаюць звяркоў як цацку, з якой можна пабавіцца і выкінуць.  Уявіце сітуацыю: сімпатычны камячок-трусяня вырастае памерам з  добрага ката,  губляе сваю прывабнасць і… што ж рабіць з ім? Бяздомных трусоў не бывае… Так і з’яўляюцца новыя “жыхары”  ў эколага-біялагічным цэнтры.  Ірына Максімовіч, кіраўнік гуртка, з сумным гумарам гаворыць, што надыходзячы год  прынясе ім шмат…  новых “гасцей”.
“Мой ласкавы і пяшчотны звер”
Здаецца, няма таго, чаго не ведалі б гурткоўцы пра сваіх гадаванцаў. У ажыўленай гутарцы мы пачулі, між іншым, што нельга блытаць зайцоў і трусоў – у іх шмат адрозненняў; што нельга іх браць за вушы – толькі за поўсць на шыйцы; што, насамрэч, трусы больш любяць моркву і вараную бульбу, чым капусту, якая ў вялікай колькасці для іх увогуле шкодная. Насця Плінда, Аня Катовіч, Оля Андрыюк, Міша Краўчук – гэта толькі частка аматараў жывой прыроды, якія на чале з Ірынай Васільеўнай могуць і з піпетачкі выкарміць трусянят, якія без мамы загінулі б, і падыход знайсці да самых дзіклівых, і запрыкмеціць  цікавую звычку гадаванца грукацець заднімі лапкамі, нібы барабаншчык…
Любоўю да гэтых ласкавых і пяшчотных звяркоў  дзеці дзеляцца са сваімі роднымі. Таму не дзіўна, што  і дома ў некаторых ёсць вушастыя гадаванцы: Наташа Півень са смехам апавядала, як  тэрмінова давялося перайменаваць Монціка ў Монцю, бо звярок аказаўся… дзяўчынкай. І з захапленнем даводзіла, што яе разумніца пазнае знаёмых па кроках. А вось Петрык Дашы Шарко –  хлопец хоць куды: трусяня сябруе з іх сабакам і зусім не перажывае, што ростам не выйшаў.
2011-ы  – год  абдымкаў і здаровага харчавання
Так можна вызначыць надыходзячы год, калі сыходзіць з асаблівасцей саміх трусоў. Вядома, што яны валодаюць унікальнай звычкай абдымаць адзін аднаго, іншых жывёл (найчасцей катоў) ці чалавека-гаспадара, падкладаючы  сваю галаву ім пад падбароддзе.
У чымсьці яны падобныя да нас: як і людзі, жывуць толькі групамі – “грамадствам”,  могуць з вялікім задавальненнем… храпці ў сне.  Акрамя таго, звяркі – разумныя,  добрыя і мірныя істоты. Менавіта такіх якасцей вельмі часта не стае нашаму чалавечаму свету… Новы год дае нам шанс сітуацыю выправіць.
Алёна САЦУТА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Данік КАЗЛОЎ: “ Я шчаслівы!”

Следующая запись

Сюрпрыз на Каляды