Маленькія сакрэты вялікага горада
У паўсядзённай мітусні нават самае важнае часам выглядае звычайным
Свае маленькія сакрэты мае кожны населены пункт – няхай гэта будзе прагрэсіўны мегаполіс ці сяліба на дзве хаты. Трэба толькі здолець разгледзець тое, што ў паўсядзённай мітусні часта застаецца за кадрам. Давайце ра-зам пройдземся вуліцамі Брэста і паспрабуем глянуць на звычайныя рэчы пад іншым вуглом.
Вуліца Савецкая даўно лічыцца своеасаблівым брэндам горада над Бугам. Менавіта тут адбываецца большасць рамантычных сустрэч і спатканняў. Два гады таму пешаходны цэнтр Брэста ўпрыгожылі ўнікальныя газавыя ліхтары, якія адразу ж сталі самай яркай мясцовай славутасцю. Пасаду штатнага ліхтаршчыка заняў вопытны электраманцёр КУВП “Брэстгарсвятло” Віктар Кірысюк. Шматвекавая еўрапейская традыцыя фактычна атрымала новае жыццё. У народзе нават пайшлі чуткі: калі загадаць жаданне, трымаючыся за гузік кашулі ліхтаршчыка, то яно абавязкова збудзецца. А між тым, гарадское асвятленне ўключаецца толькі пасля таго, як Віктар Пятровіч са сваёй нязменнай памочніцай-лесвіцай абыдзе ўсе 17 ліхтароў. Ну, як тут не паверыць у цуды!
А вось аматары актыўнага адпачынку нездарма аблюбавалі вяслярны канал з яго магутнай базай і маляўнічымі краявідамі. Тут за даволі невялікія грошы можна ўзяць напракат разнастайны спартыўны інвентар: веласіпеды, ролікавыя канькі ці лыжы. Даводзілася неаднаразова чуць, што тэрыторыя канала палюбілася і… чайкам. Птушкі радасна вітаюць навакольных сваімі гучнымі галасамі. Здаецца, яны зусім не супраць суседства. Як прызналася адна з маіх сябровак, варта пачаставаць маленькіх гасцей чым-небудзь ядомым – і ў імгненне каля рук збярэцца цэлае птушынае царства. Пачуццё неверагоднае, і нават здаецца, што ты ўжо не ў родным Брэсце, а на нейкім заморскім курорце.
Насамрэч, дзіўнае заўжды знаходзіцца побач, нам проста не хапае часу, каб звярнуць на яго ўвагу. Не лянуйцеся ў выхадныя прайсціся па знаёмых мясцінах – абавязкова адкрыеце для сябе шмат цікавага. Менавіта пачуццё навізны і ўменне заўважаць не толькі тое, што на паверхні, робяць кожны наш дзень непаўторным.
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.