Беларусь

На крылах любові


Ужо сталі добрай традыцыяй творчыя вечарыны ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”
Апошняя з іх – прэзентацыя зборніка вершаў і прозы “Любові даруючай крыло” пружанскай паэткі Ніны Дыдышка. Яе вершы – гэта жыццёвая споведзь, адлюстраванне тых падзей і момантаў, што прайшлі праз сэрца.
Пісаць Ніна Васільеўна пачала яшчэ ў студэнцкія гады, калі вучылася на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута, але актыўна выступае ў друку з 1980-х гадоў. Яе творы змяшчаліся на старонках “Настаўніцкай газеты”, “Зари”, “Народнай трыбуны”, “Роднай прыроды”, “Алесі”, “Раённых будняў”. З-пад  пяра аўтара выйшаў таксама зборнік “Думкі з дарогі”.
Адной з крыніц, з якой Ніна Васільеўна чэрпае творчае натхненне, з’яўляюцца родныя прасторы, куточак, дзе яна нарадзілася, – вёска Ліпск Ляхавіцкага раёна. Там прайшлі дзіцячыя гады, там жылі бацькі, духоўна багатыя людзі, якія выхавалі і далі адукацыю сваім чатыром дочкам. Вельмі цёпла гаворыць паэтэса пра родны край у вершы “Мая Бацькаўшчына”:
Куды б ні закінула доля мяне
(а часта мяне закідала),
Звяртаюся ў думках заўжды
да цябе,
Зямелька мая дарагая.
Стаіць прад маімі вачыма
той дом,
Дзе маці мяне гадавала.
І чую выразна царкоўны той бом,
Малітву, што ў душу запала.
Ніна Васільеўна – чалавек, які ніколі не сядзеў на месцы. Жыццё кідала яе ў розныя куткі. Жыла на роднай Ляхавіччыне, потым – у Столінскім раёне. З 1976 г. яе сям’я пасялілася ў Пружанах, дзе да пенсіі яна працавала ў школе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.
Адной з дамінуючых у творчасці паэтэсы з’яўляецца тэма любові – усеагульнай, шматграннай. Гэта адзначыў госць мерапрыемства настаяцель Свята-Пакроўскага храма в. Руднікі айцец Андрэй (Карсанюк). Ён, у прыватнасці, падкрэсліў, што любоў – найвялікшая сіла, якае рухае чалавекам і светам.
Многія радкі Ніны Дыдышка прасякнуты любоўю і павагай да роднага краю, да сваіх блізкіх.  Аб гэтым так сказала сама Ніна Васільеўна: “Да гэтага часу ўдзячна бацькам за іх вялікую і чыстую любоў… Паклон вам нізкі. Усё жыццё нясу, як святы дар, вашу любоў да ўсяго, што мне люба і міла”.
Паэтка – шчаслівая і клапатлівая маці, бабуля. У яе апавяданні “Словы душы”,  дзе расказваецца аб звычайнай жанчыне, якая клапоціцца аб сваёй сям’і, непакоіцца аб дзецях, ёсць словы любові, якія знойдуць водгук у душы любога чалавека: “Ціха ў храме, ціха і ў яе на душы. Погляд жанчыны звернуты ў глыбінныя пласты памяці, душа раскрыта для Бога, у якога яна просіць яшчэ доўга вось так прыходзіць сюды, шаптаць словы сваёй малітвы… Гэтая малітва за дзяцей і за ўнукаў, якіх яна, дзякуй Богу, прычакала… Жанчына моліцца за дзяцей сваіх… Вялікае шчасце вось так, па-зямному, звяртацца да Бога, адкрываць яму душу, маліцца за сваіх родных і блізкіх…”
Шмат увагі яна надае ўнутранаму свету жанчыны, стану яе душы. У радках гучыць вельмі асабістае, але многія знойдуць у іх свае пачуцці і перажыванні. Гераіня аўтара – асоба чулая. Яна то радасная і ўзнёслая, то зажураная і роспачная, але заўсёды прыгожая, чыстая і светлая ў сваіх жаданнях, у імкненні кахаць.
Ніна Васільеўна таксама неабыякавая да лёсу жанчыны ў гісторыі Беларусі. Яна працягвае працу над цыклам “Жаночы лёс” у прозе. Не так даўно ўжо выйшлі яе кнігі “Радасць і смутак кахання Тадэвуша Касцюшкі”, “Жанчыны ў жыцці Янкі Купалы”.
Аўтарка сцвярджае, што чалавек ніколі не павінен аддавацца адчаю, якія б сітуацыі ні сустракаліся на шляху. Яна гаворыць: “Радуйце сябе, а не абмяжоўвайце нядобрымі думкамі, зайздрасцю, пералікам сваіх хвароб і балячак. Наперадзе – цэлае жыццё, кожны пражыты год – этап шляху.  На гэтым шляху ўсё належыць нам, гэты час трэба напоўніць сэнсам, падтрымкай…”
Ніна Дыдышка – аптымістычны, энергічны і творчы чалавек. Яе  радкі яшчэ раз даводзяць, што сапраўдная літаратура – гэта сінонім такіх паняццяў, як “душа” і “любоў”.
Наталля ПРАКАПОВІЧ,
галоўны захавальнік фондаў
музея-сядзібы
“Пружанскі палацык”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля