Беларусь

Трывожны стан


Што гэта такое і як яго пазбегнуць?
Трывога – неад’емная частка нашага жыцця. Амаль кожны чалавек зведвае яе. Звычайна трывога ўзнікае як часовая сітуацыйная рэакцыя на стрэсы. А яшчэ размова аб трывожным стане  ідзе тады, калі ён становіцца настолькі моцным і частым, што пазбаўляе чалавека здольнасці да нармальнай жыццядзейнасці.
Для таго, каб было зразумела, пра што ідзе гаворка, прывяду найбольш распаўсюджаныя прыклады падобнага стану. Усе мы хварэем і з гэтай нагоды звычайна звяртаемся да дактароў. У чаканні прыёму вельмі часта ад “бывалых” пацыентаў атрымліваем амаль што вычарпальную інфармацыю аб  любой  хваробе ў іх інтэрпрэтацыі, якая часам моцна  западае ў душу. Тады простае абследаванне стае пакутлівым працэсам, бо ў любы момант могуць пацвердзіцца страшныя прагнозы. Гэта выклікае прылівы страху, псуецца настрой, іншы раз круціцца галава, пачашчаецца сэрцабіццё, скача артэрыяльны ціск.
Чалавек атрымаў стрэс і павінен адаптавацца да яго. Такія расстройствы называюцца адаптыўнымі і праяўляюцца трывогай. Існуе 43 моманты, якія здольны ўскладніць жыццё і на якія мы адаптыўна рэагуем.  Найбольш распаўсюджаныя – смерць мужа ці жонкі, развод, распад сям’і, турэмнае зняволенне, траўма ці хвароба, узяцце шлюбу, звальненне з работы, уз’яднанне з сям’ёй, выхад на пенсію.
Пры генералізаваным трывожным расстройстве празмерная трывога захоўваецца пастаянна, накіравана на мноства жыццёвых абставін і праяўляецца па любой прычыне. Гэта можа быць думка аб асабістай непаўнацэннасці ў канкрэтнай сітуацыі, празмерны клопат пра здароўе, але без панікі, або іншыя праяўленні, звязаныя з паводзінамі. У дадатак да гэтага назіраюцца разнастайныя саматычныя сімптомы: задышка, сэрцабіццё, галавакружэнне, боль у мышцах.
Пастаянны страх, перажыванні за свой стан, непаўнацэнны сон  выклікаюць знясіленне нервовай сістэмы і часта суправаджаюцца дэпрэсіўнай рэакцыяй. Гэта робіць самаадчуванне горшым і малаверагодным  самаадвольнае выздараўленне.
Падобны стан чалавека патрабуе спецыфічнага лячэння. Для выкаранення такога роду расстройстваў неабходна дапамога псіхатэрапеўта, бо патрабуюцца спецыяльныя веды і нямала часу для паўнацэннага аднаўлення механізмаў псіхалагічнай абароны. Як жа пазбегнуць адаптыўных расстройстваў?
Па-першае, не трымайце ў сабе перажыванні, падзяліцеся з роднымі, сябрамі. Няхай кожны раскажа пра свой погляд на праблему, якая ўзнікла. Магчыма, вы зможаце гэтым скарыстацца. Не дапускайце думкі пра тое, што нельга сітуацыю выправіць.  Калі нельга змяніць абставіны, дык можна змяніць свае адносіны да іх. Не бойцеся прымаць псіхатропныя прэпараты, якія  вам, магчыма, назначаць у паліклініцы. Гэтыя лекі стварылі спецыяльна для дапамогі людзям і менавіта ў такіх сітуацыях. А яшчэ не зацягвайце пачатак лячэння. Як толькі адчулі, што нешта непакоіць вас, – шукайце дапамогу. Не бойцеся звяртацца да псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў. Разумныя людзі з вашага акружэння правільна зразумеюць гэты ўчынак, а на іншых, магчыма, і не трэба ў такіх выпадках звяртаць увагу.
Атрымаць кансультацыю па праблемах псіхічнага здароўя, псіхалагічную дапамогу можна ў аддзеле грамадскага здароўя ДУ “Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”. Дапамогу можна атрымаць ананімна.
Спецыялісты-псіхолагі, псіхатэрапеўты, псіхіятры ёсць таксама ў аддзяленні пагранічных станаў  пры Брэсцкім абласным псіханеўралагічным дыспансеры.
Калі вам патрэбна дапамога, звяртайцеся па тэлефонах: 20-46-70, 20-15-55, 40-62-26.
Ігар ПРЭЦКАЙЛА,
псіхолаг ДУ “Брэсцкі абласны цэнтр
гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля