На ўсе часы
Алена Бярковіч заўсёды намагалася апраўдаць тыя надзеі, якія на яе ўскладалі.
У вершы Лебедзева-Кумача «Камсамольскі білет» ёсць такія радкі: «Комсомольский билет – это наша страна, //Это молодость наша родная». І для Алены Бярковіч, якая кіруе аддзелам адукацыі Ленінскага раёна г. Брэста, камсамол – гэта маладосць. У арганізацыю яна ўступіла ў 14 гадоў. А вый-шла з яе, калі споўнілася 30. Але гэта, кажа Алена Васільеўна, афіцыйна. На самай справе яна і зараз не расстаецца з камсамолам.
Алена Васільеўна заўсёды намагалася апраўдваць тыя надзеі, якія на яе ўскладалі, хоць быць лідарам ніколі не імкнулася, за перамогамі не гналася. Але да ўсяго падыходзіла з вялікай адказнасцю – і таму ёй даручалі адказныя пасады. Была сакратаром камсамольскай арганізацыі класа ў школе, патока – ва ўніверсітэце; узначальвала пярвічную камсамольскую арганізацыю Жабінкаўскага райвыканкама. Яркім момантам у яе жыцці стала навучанне ў Вышэйшай камсамольскай школе.
Кажуць, камсамол – школа жыцця. І гэта сапраўды так! Алена Васільеўна набыла ў ім шмат сяброў, з якімі падтрымлівае сувязь і сёння. Сустракаюцца яны рэдка, ды калі патрэбна – заўсёды прыходзяць на дапамогу адзін аднаму. Акрамя таго, яна навучылася паважаць людзей і цаніць чужую працу, быць дысцыплінаванай і адказнай. Гэтыя якасці не страцілі актуальнасці і для сучаснай моладзі, лічыць Алена Бярковіч.
Жанчына сцвярджае, што Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі нямала ўзяў ад камсамола. На першых этапах станаўлення БРСМ былы камсамольскі лідар прапаноўвала сваю дапамогу і зараз таксама ідзе з радасцю на кантакт, гатовая супрацоўнічаць. Ёй падабаецца дзейнасць, якую разгарнула маладзёжная арганізацыя: летняя занятасць падлеткаў, прапановы правядзення вольнага часу, шэфства над ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, патрыятычнае выхаванне – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці БРСМ, а мэта яго тая ж, што некалі была і ў камсамола – фарміраванне сацыяльна сталага чалавека.
Алена Бярковіч заўсёды была актыўным чалавекам. Яна хадзіла на хор, нягледзячы на тое, што асаблівых вакальных даных не мела. Займалася ў тэатральным гуртку, наведвала спартыўныя заняткі.
Сучаснай моладзі Алена Васільеўна раіць зрабіць сваё жыццё цікавым і яркім, не раскідвацца па дробязях. А галоўнае – весці здаровы лад самім і заклікаць да гэтага іншых. Толькі так можна дасягнуць сваіх мэт і стаць сапраўдным чалавекам!
Станіслава УМЕЦ,
студэнтка Інстытута
журналістыкі БДУ.
Фота аўтара
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.