Усё пачынаецца з сям’і
Калі рэдакцыі “НТ” стала вядома, што неўзабаве, 30 верасня і 1 кастрычніка, на Брэстчыне пройдзе выязное пасяджэнне праўлення рэспубліканскай ГА “Беларускі саюз жанчын”, наш карэспандэнт звярнуўся да Ірыны АРАБЕЙ з просьбай расказаць пра гэтае мерапрыемства:
– Сапраўды, згодна з планам работы праўлення чарговае выязное пасяджэнне па тэме “Умацаванне сям’і – аснова стабільнасці і дабрабыту дзяржавы” пройдзе ў нашай вобласці. Вядома ж, прыемна, пачэсна. Але яшчэ – і адказна. Бо вельмі хочацца, каб паказанае прыйшлося даспадобы ўдзельнікам жаночага форуму, выклікаючы ў іх душах добрыя ўражанні. Хочацца, каб жанчыны, якія з’едуцца з розных куточкаў краіны, з нашага берасцейскага вопыту ўзялі для сябе штосьці карыснае, а ў нечым, наадварот, дапамаглі б нам парадай-падказкай…
Калісьці пісьменнік Віктар Гюго трапна сказаў: “Сям’я – гэта крышталь грамадства”. Гэтыя словы і сёння, і заўтра будуць актуальныя. Бо менавіта ў сям’і фарміруецца характар пад-растаючага чалавека, менавіта тут закладваецца своеасаблівы падмурак з пачуццяў. Добрых ці дрэнных – гэта ўжо залежыць ад асяроддзя, у якім жывуць дзеці.
Я ўпэўнена: жанчына, як ніхто, разумее каштоўнасць сям’і і ў нашых сілах паўплываць на тое, якімі вырастуць нашы дзеці –
будучыня роднай Беларусі. Таму невыпадкова адрасамі наведвання ўдзельнікаў пленума выбраны дзяржаўная сацыяльна-педагагічная ўстанова адукацыі “Кобрынская “Дзіцячая вёска”, абласны радзільны дом. Завітаюць нашы госці і ў Дом грамадзянскіх абрадаў абласнога цэнтра, у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Брэста, у якім сустрэнуцца з маладымі інвалідамі і пазнаёмяцца з іх творчасцю, а таксама на “Савушкін прадукт”…
Згадзіцеся, на Брэстчыне ёсць што паказаць. І мы шчыра спадзяёмся, што пасля ўбачанага жаночы актыў краіны натхніцца новымі ідэямі і справамі, скіраванымі на ўмацаванне сям’і.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.