Няхай жыццё трыумфуе на Зямлі!
Якое шчасце выпала нам, маладым, – жыць пад мірным небам!
9 Мая вуліцы майго любімага горада слухаюць песні. Песні ваенных гадоў, ад якіх сціскаецца сэрца і камяк падкатвае да горла. Раптоўна прыходзіць думка: што было, калі б нашы дзяды і прадзеды прайгралі ў той вайне? Страшна падумаць і немагчыма нават уявіць.
Іду па чыстай вуліцы, радуюць вока дагледжаныя кветнікі і яркія дамы, прыгожа апранутыя прахожыя і іх вясёлыя, жыццярадасныя дзеці. Насустрач – павольна і паважна ідзе ветэран з планкамі ордэнаў і радамі медалёў, адзін з тых, хто набліжаў Перамогу. Ён і сёння, нягледзячы на ўзрост, ідзе з горда ўзнятай галавой. Мае права.
Я, сямнаццацігадовы юнак, жыццё якога толькі пачынаецца, спрабую ўявіць сабе яго юнацтва, апаленае вайной. Магчыма, у свае 17 гадоў ён цягаў снарады і кулямётныя стужкі, падрываў чыгуначныя рэйкі і радаваўся кавалачку чэрствага хлеба…
Недзе высока ў небе чуецца гул матора. Мне, як у дзяцінстве, хочацца памахаць рукой услед верталёту, які ляціць нада мной. У саракавыя ж гул матора ў небе быў раўназначны сігналу трывогі, выклікаў жах, сеяў паніку. Ветэраны вайны і зараз, падымаючы вочы ў бясконцы блакіт неба, успамінаюць аб цяжкіх баях, аб загінуўшых таварышах. Для іх Дзень Перамогі – гэта заўсёды радасць і боль.
65 гадоў аддзяляюць нас ад мая 1945-га. Адрэзак часу, які прытупляе памяць і гасіць любыя перажыванні. Сёння толькі ветэраны, якія жывуць побач, фатаграфіі, помнікі і мемарыялы нагадваюць нам пра вайну. Але яна ўжо ў нашым сэрцы, у нашай генетычнай памяці.
А ці разумеем мы, маладыя, якое шчасце выпала на нашу долю – жыць у мірны час? Ці ўмеем мы цаніць тое, што нас акружае? Гледзячы ўслед ветэрану, прыходжу да думкі, што салдаты той вайны разумелі асабістую адказнасць за будучыню Радзімы, за сваю будучыню і будучыню сваіх дзяцей, нас з вамі. Дзякуючы ім, мы радуемся вясноваму сонцу і не баімся, што зараз пачнецца абстрэл ці бамбёжка.
Нагадваю гэтую вядомую ісціну сваім равеснікам, каб яны ганарыліся нашымі ветэранамі. Ганарыліся тым, што маюць дачыненне да свяшчэннай зямлі Брэсцкай крэпасці, каб прыходзілі сюды па закліку сэрца, шчыра схілялі галовы перад памяццю тых, чыё жыццё абарвалася тут, перад пакутамі тых, хто выжыў і перамог. Мы не маем права забываць сваіх герояў: яны тварылі гісторыю, тварылі нашу будучыню. Мы, унукі воінаў-пераможцаў, павінны зрабіць гэты свет лепшым. “Licet vita triumph in Terra” – няхай жыццё трыумфуе на Зямлі! А значыць – і Перамога!
Дзмітрый ШЫФЕРШТЭЙН,
вучань СШ №22,
г.Брэст
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.