Снайпер

Снайпер

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

1418 дзён на фронце давялося перажыць кавалеру ордэна Славы III ступені.
Перад вайной я на выдатна закончыў 10 класаў і снайперскую школу. Пайшоў на фронт і амаль усю вайну быў снайперам. Знішчыў шмат фашыстаў, правёў 30 паядынкаў з варожымі снайперамі і ніводнага не прайграў.
Пры артылерыйскім абстрэле быў паранены. Пасля шпіталя мяне назначылі камандзірам супрацьтанкавай гарматы, якая па-снайперску біла фашыстаў.
Адзін дзень на фронце асабліва запомніўся. Наш асобны супрацьтанкавы артылерыйскі полк трымаў абарону на тэрыторыі Беларусі. Гітлераўцы шмат разоў атакавалі нашы пазіцыі, але ўсе атакі былі адбітыя. У адным баі падбілі дзве бронемашыны праціўніка, адну з іх – разлік маёй гарматы.
Перад чарговай атакай фашысты пусцілі ўперад танкі. Адным з выстралаў была падбіта наша гармата, а разлік узрыўной хваляй падкінула ў траншэю. Камандзір батарэі, камандны пункт якога знаходзіўся непадалёк, далажыў камандзіру палка: “Першая гармата Ткачова падбітая, разлік загінуў”. Седзячы ў акопе, наводчык Сімуцін ціха сказаў: “Таварыш капітан, не хавайце нас, мы яшчэ паваюем”.
“Тыгр” працягваў рухацца. Калі ён параўняўся з траншэяй, падставіўшы бок, я скамандаваў: “Да бою!”. Выскачыў з укрыцця, сеў за панараму і першым снарадам перабіў гусеніцу танка, а другім – падпаліў яго.
Камандзір батарэі зноў далажыў камандзіру палка: “Першая гармата падбіла танк, страляў асабіста Ткачоў”. Кампалка здзівіўся: “Ён што, уваскрэс?..”
Астатнія танкі падбілі таварышы. Стралковая рота з раскацістым “ура!” кінулася на праціўніка.
Пазней, уручаючы мне ордэн Славы, камандзір палка сказаў: “Ну, што, бог вайны, жадаю дажыць да перамогі!” “Ёсць, таварыш палкоўнік!” – адказаў я. І дажыў…
Гэта быў толькі адзін дзень на фронце. А ўсяго іх давялося перажыць 1418.
Іван ТКАЧОЎ,
кавалер ордэна Славы III ступені

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

РУВП “Брэстхлебпрам”. Фотафакт

Следующая запись

Больш за 60 гадоў разам