Беларусь

РУВП “Брэстхлебпрам”. Фотафакт


У РУВП “Брэстхлебпрам” філіял “Лунінецкі хлебазавод” вылучаецца стабільнасцю калектыву і гарантаванай натуральнасцю прадукцыі.
Бабуля няспешна дастае з печы боханы хлеба, якія пякліся на капусных лістах. Быццам малое дзіцятка пагладжвае кожны з іх, нешта ціхенька кажа яму і кладзе на доўгую лаву. Адзін за адным. Потым накрывае хлеб вільготным ручніком. Малы Косця, нібы зачараваны, сочыць за гэтым дзействам. Ён ведае, што адламаць кавалак хлеба бабуля дазволіць толькі з апошняга ў гэтым радзе бохана. Ох, які ж ён смачны – гэты кавалак!
Бабулін хлебны рытуал дырэктар Лунінецкага хлебазавода Канстанцін Аліфяровіч узгадвае і сёння, ды дзівіцца: хто ж мог тады падумаць, што зачараваны бабуліным дзействам хлапчук і сам пойдзе ў хлебапёкі?!
Але лёс сплёў свае нітачкі так, што вывеў Канстанціна Міхайлавіча ў 1987 годзе на хлебазавод. Адпрацаваўшы 5 год галоўным інжынерам, Аліфяровіч узначаліў прадпрыемства.
Хлебная вытворчасць для невялікіх гарадскіх населеных пунктаў заўсёды лічылася ледзь не самай важнай. На Лунінеччыне некалі было тры хлебапякарні. У другой палове 80-х гадоў мінулага стагоддзя прынялі рашэнне аб арганізацыі аднаго прадпрыемства. Так у 1986-м і адкрылі ў Лунінцы хлебазавод. У рэкордныя гады ён выпускаў да 43 тон хлебабулачных вырабаў за суткі. Цяпер меншыя лічбы, бо іншыя і попыт, і кан’юнктура рынку, і канкурэнцыя. Але ж зусім не лічбы ствараюць вытворцам імідж, зусім не з лічбаў складаецца добрая слава, якая пагалоскай ідзе па свеце і пра чалавека, і пра завод, і пра яго прадукцыю.
На памяці лунінецкіх хлебапёкаў яшчэ той час, калі з цэхаў выходзіла адно-два найменні хлеба ды чатыры-пяць відаў булачных вырабаў. Ад старых пячэй гарачыня ішла нясцерпная. Мала прывабнага было ў вытворчых памяшканнях, і тэрыторыя не радавала вока. Зусім іншым стаў малюнак пасля рэканструкцыі прадпрыемства. За свае сродкі замянілі печы, катлы, іншае абсталяванне. У тэхнічным плане хлебазавод стаў надзвычай моцным, а таму атрымалася падоўжыць і лінейку прадукцыі. Сёння тут у залежнасці ад сезона вырабляюць штодзень ад 8,5 да 10 тон хлебабулачных вырабаў і каля 400 кілаграмаў кандытарскіх. Акрамя фірменных магазінаў і павільёнаў у райцэнтры і Мікашэвічах, арганізавалі сем маршрутаў выязнога гандлю па раёне.
Вырабы, на якіх вытворцам пазначаны Лунінецкі хлебазавод, ведаюць у Брэсце, Магілёве, Мінску, іншых населеных пунктах краіны. Спажыўцы, аднойчы паспрабаваўшы смакату хлебапёкаў з Лунінца, шукаюць іх прадукцыю ў гандлёвай сетцы. А прадпрыемства шукае новыя магчымасці для росту, для ўдасканальвання вытворчасці, каб адпавядаць патрабаванням часу, попыту, сертыфікатам якасці…
У калектыве, дзе працуе 150 чалавек, падзяляюць меркаванне дырэктара: “Паміраць збірайся, а хлеб сей. Народная мудрасць дае найлепшую падказку, як нам весці справы. Хто хоча працаваць, ён і працуе ( у складаных ці лёгкіх эканамічных умовах усё роўна трэба сям’ю карміць), а гультаю – толькі б спаслацца на што-небудзь: крызіс, недахоп абаротных сродкаў, старое абсталяванне… Іншы ж раз для навядзення парадку ўсяго толькі і трэба, што ўзяць мятлу і гадзінкі дзве папрацаваць”.
Прынцып – нельга спыняцца на дасягнутым – працуе ў калектыве завода спраўна. Парадак – ва ўсім, а дысцыпліна – для кожнага: ад вартаўніка да дырэктара. Эканомія і рацыянальны падыход – таксама безумоўна важныя. Але да ўсяго, як лічыць Канстанцін Аліфяровіч, трэба ставіцца з душой.
Не спячы добры хлеб ці батон там, дзе адмоўная энергетыка, сваркі ў калектыве, незадаволенасць. Адносіны кожнага надзвычай важныя для агульнага поспеху. Пагаварыўшы з працаўнікамі, зрабіла выснову: людзі не трымаюцца за завод толькі таму, што трэба дзе-небудзь працаваць, а ў невялікім горадзе не такі вялікі выбар, бо на рынку працы тут прапаноў небагата. Людзі любяць гэты завод, ім падабаецца калектыў, яны захоплены ў палон хлебам, булачкамі, пернікамі. Іх хваляванні, клопаты, турботы з гадамі пераплятаюцца з планамі, вытворчымі заданнямі, рэцэптурамі. І гэты кактэйль пад назвай “жыццё” згубіць свой непаўторны смак, калі з яго выкінуць хоць адзін інгрэдыент. Выпадковыя людзі на прадпрыемстве не затрымліваюцца, бо не могуць яны працаваць у мэтанакіраванай камандзе.
Лунінецкі хлебазавод можна смела назваць паспяховым прадпрыемствам. Працуе яно прыбыткова. Летась атрымалі 600 мільёнаў прыбытку, першы квартал гэтага года таксама закончылі з плюсам. На заводзе дакладна прадумваюць планы, адсочваюць, якія вырабы раскупляюць лепш. Тут не імкнуцца за маментальнай выгадай, але, распрацаваўшы стратэгічны курс развіцця вытворчасці, няўхільна прытрымліваюцца яго. Гаспадарскі падыход да справы прасочваецца ва ўсім: ад парадку на азялененай тэрыторыі да беражлівай эксплуатацыі абсталявання. Як кажуць, капеечка да капеечкі – вось і грошы на развіццё вытворчасці, на выкананне пакета сацыяльных гарантый работнікам, на прэміраванне, на падтрымку ветэранаў працы.
Дарэчы, як лічаць на заводзе, былых хлебапёкаў не бывае. Ранейшых сваіх калег ахвотна запрашаюць на прадпрыемства, абавязкова радуюць канцэртам, уручаюць падарункі. Увага прыемна людзям, ды і тыя, хто шчыруе ў цэхах, ведаюць: яны патрэбныя заводу не толькі сёння.
Спажыўцы адзначаюць выдатныя смакавыя вартасці прадукцыі Лунінецкага хлебазавода. На выставах эксперты пацвярджаюць меркаванні пакупнікоў, аддаючы перавагу і ўзнагароды лунінчанам. У актыве хлебазавода – прэмія аблвыканкама ў галіне якасці, дыпломы рэспубліканскага конкурсу “Лепшыя тавары года”, галіновага – “Густ”. На прадпрыемстве зараз вырабляецца каля 80 найменняў хлебабулачных, 38 – дыетычных, 4 – дыябетычных і 52 – кандытарскіх вырабаў.
Не падводзіць традыцыйная тэхналогія выпечкі. Не выкарыстоўваюць пекары з Лунінца ніякіх кансервантаў, узмацняльнікаў смаку і падаўжальнікаў тэрмінаў рэалізацыі. “Што гэта за пячэнне, калі выраблена яно паўгода назад?!” – гаворыць Канстанцін Аліфяровіч. Тэрмін захоўвання лунінецкай прадукцыі – ад некалькіх сутак да месяца-двух. Вось чаму хлеб, булачкі, пірагі, рулеты, пячэнне, сухарыкі, лукум і іншыя вырабы завода такія свежыя. Зараз на прадпрыемстве вядзецца работа па прысваенні многім з іх спецыяльнага знака “Натуральны прадукт”.
Істотна вырасла значэнне тэхналагічнай службы. Тэхнолагі не толькі кантралююць працэс вытворчасці, але і распрацоўваюць свае арыгінальныя рэцэптуры. Сапраўдным хітом сталі: корж для торта “Папулярны”, хлеб фармавы “Водар вітамінізаваны”, саладосць мучная “Праменьчык” з разынкамі і карыцай, казінакі “Асарці” і “Залацісты”, плюшка “Весялушка”, пірог “Ласуха”, пірожанае “Смуглянка”… Некалькі этапаў кантролю якасці – ад сыравіны да канечнага прадукту – забяспечваюць і смакавыя, і пажыўныя вартасці вырабаў.
Хлебазавод вызначаецца творчым падыходам да асартыменту: адносна невялікія аб’ёмы вытворчасці дазваляюць аператыўна абнаўляць яго. Да звыклых хлеба, батонаў, булак у свой час далучылі ўчастак усходніх цукрыстых вырабаў. Пакупнікі станоўча прынялі казінакі, шарбеты, лукум. Зараз поўным ходам ідзе арганізацыя ўчастка па выпуску тартоў. Аказваецца, у горад і раён гэты папулярны кандытарскі выраб прывозяць з Пінска і Баранавіч. Лунецкія пекары гатовы выправіць сітуацыю. Ужо закуплены сучасныя цестамясільныя машыны, ёсць дамоўленасць аб стажыроўцы кандытараў на прадпрыемствах “Брэстхлебпрама”, якія маюць адладжаную вытворчасць тартоў і пірожных. Новы вытворчы ўчастак дапаможа рэалізаваць цікавыя задумкі тэхнолагаў, пашырыць кандытарскія магчымасці прадпрыемства, адкрые дадатковыя перспектывы.
Кожны дзень ідуць завадчане на працу. Цяпер, мінаючы прахадную, яны бачаць стэнд з дыпломамі, кубкамі і медалямі, якімі адзначана прадпрыемства і яго прадукцыя. Людзі яшчэ перад пачаткам змены атрымліваюць дадатковы пазітыўны імпульс. Ім ёсць чым ганарыцца. У іх маецца выдатны шанс паспрыяць таму, каб у гэтым куточку славы роднага завода з’явіліся новыя ўзнагароды.
Прыўзняты настрой, добрыя думкі, жаданне парадаваць людзей сваімі таварамі – вось што спалучаецца ў пазітыўную энергетыку, якая нязменна прысутнічае там, дзе вырабляюць такі неабходны ўсім нам прадукт. Хлеб у хаце, кажуць мудрыя людзі, – найдаражэйшы госць. Бо з ім мы адчуваем сябе ўпэўнена.

Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”
Дырэктар Канстанцін Аліфяровіч
Інжынер па ахове працы Людміла Галоўніч
Прыёмшчыцы-здатчыцыі Таццяна Сінкевіч і Алена Лабко
Кандытар Наталля Тунік
Прадавец магазіна “Хлеб” Ніна Калюціч

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля