Беларусь

Больш за 60 гадоў разам


Летам 1944 года, калі фашыстаў пагналі на захад, камсамолец Іосіф Курловіч стаў байцом Чырвонай арміі. Прайшоў франтавымі дарогамі ад Варшавы да Берліна, у штурме якога прымаў удзел. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся дамоў – у вёску Любашава на Ганцаўшчыне. Разам з іншымі франтавікамі ўзяўся за аднаўленне разбуранай вайной народнай гаспадаркі.
У гэты час лёс падарыў Іосіфу Ігнатавічу найдаражэйшы падарунак – сустрэчу з другой палавінкай. Марыя Міхайлаўна родам з Гомеля. Яна скончыла педагагічнае вучылішча ў Ганцавічах і працавала загадчыцай Любашаўскай сямігодкі. У 1949-м яны ажаніліся. Нарадзіліся дзеці. Іосіф Ігнатавіч працаваў у леспрамгасе. Група нарыхтоўшчыкаў пад яго кіраўніцтвам неаднойчы выходзіла пераможцай спаборніцтва. Пасля выхаду на пенсію быў інжынерам па тэхніцы бяспекі на радыёлакацыйнай станцыі “Машукі”.
Яго жонка Марыя Міхайлаўна ўсё жыццё прысвяціла школе. Яна выхавала і перадала свае веды не аднаму пакаленню выпускнікоў. За сваю сумленную працу атрымала званне “Заслужаны настаўнік БССР”.
– Наша жыццё выпала на няпросты і зменлівы час, вымушаны былі многім ахвяраваць, – гаворыць Марыя Міхайлаўна. – Па-рознаму лёс абыходзіўся з сям’ёй, але заўсёды побач была душэўная цеплыня блізкіх. Нават у самыя цяжкія хвіліны мы падтрымлівалі адзін аднаго. Шэсць дзясяткаў год спадарожнікамі нашай сям’і з’яўляюцца любоў, павага і ўменне дараваць.
Марыя і Іосіф Курловічы змаглі пераадолець усе наканаваныя ім іспыты і цяжкасці. Ад ваеннага ліхалецця і да цяперашняга часу яны прайшлі так, каб дзеці і ўнукі бралі з іх прыклад. Ніякіх сакрэтаў шчасця і таямніц узаемаадносін яны не раскрывалі – проста былі разам. Заўжды…
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
Фота аўтара

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля