Беларусь

Падарунак лёсу, або Каханне, непадуладнае часу


Цягнік спыніўся на чарговым прыпынку. У вагон увайшла пара: немаладыя ўжо мужчына і жанчына. Твары іх свяціліся шчасцем. Мужчына, трымаючы сяброўку за руку, кідаў позірк па вагоне.
Насупраць мяне аказаліся два свабодныя месцы, куды яны і прыселі. Слова за слова – паміж намі завязалася размова. Пазнаёміліся. Мужчыну звалі Валерам, а жанчыну – Людмілай. Сусед быў гаваркі і ахвотна расказаў сваю жыццёвую гісторыю.
Нарадзіўся на Гомельшчыне. Будучы студэнтам, прыехаў у 1971-м да дзядзькі ў госці. Тут і пазнаёміўся з Людмілай. Адразу пакахалі адно аднаго. Думалі, на ўсё жыццё. Але сцежкі-дарожкі разышліся. Валера паехаў на вучобу, а Людміла ўладкавалася на працу ў Баранавічах, пераехала туды жыць. Маладыя людзі некаторы час перапісваліся, некалькі разоў сустракаліся. Пасля заканчэння вучобы Валерыя накіравалі на работу ў Казань. Клікаў туды і сваю Людмілу, але яна адмовілася: вельмі далёка, да таго ж у вёсцы засталася хворая маці.
Так сталася, што малады чалавек жаніўся. Яго суджаная Марыя была добрай гаспадыняй і клапатлівай маці. Калі ж дзеці, як птушкі, разляцеліся з бацькоўскага дома, здарылася бяда: раптоўна памерла жонка. Думаў, што жыццё скончылася. Пенсіянер каму патрэбны? Дзеці заняты справамі, у кожнага свая сям’я, толькі зрэдку прывязуць унукаў, пакажуць дзядулі і – дамоў.
А Людміла так і не выйшла замуж. І не таму, што ніхто не заляцаўся да яе, не прасіў рукі. Чакала яго, таго светлавалосага хлопца, якога пакахала з першага погляду. Чакала… і – дачакалася!
Вясной Валерый прыехаў да сваякоў у госці і неспадзявана сустрэў яе. Людміла вярнулася ў родную вёску, бо маці стала зусім нямоглая. Мужчына, нікому нічога не кажучы, узяў шампанскае ды торт і накіраваўся ў той двор, дзе яму калісьці было хораша, дзе адчуў асалоду ад першых юнацкіх пацалункаў. Адчыніў дзверы – знямеў: ці то ад шчасця, ці то ад разгубленасці. Людміла таксама ўсхвалявана паглядзела на яго, і ў вачах з’явіліся слёзы. Размова зацягнулася на цэлую ноч. Зразумелі: доўга, амаль 40 гадоў, чакалі гэтай сустрэчы…
А вось і мой прыпынак. Я нават не заўважыла, як праляцеў час, і мне трэба выходзіць. Цягнік рушыў. Але я доўга стаяла на пероне і глядзела яму ўслед. У душы па-добраму пазайздросціла гэтым шчаслівым людзям. І парадавалася за іх. Вось яно, сапраўднае каханне, загартаванае, выпрабаванае часам! Гэтае пачуццё вытрымала ўсе перашкоды, яно не згубілася ў будзённасці. Бо сапраўднае каханне непадуладна часу. Мы ж толькі дакранаемся да яго – каму колькі Бог пашле…
Зусім нядаўна я зноў сустрэла гэтую пару. Валерый і Людміла запрасілі мяне на вяселле.
Марыя МІЦКЕВІЧ,
Столінскі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля