Прагал
Сэрца не хоча мірыцца з тым, што пусцее родная вёска…
У акружэнні неабсяжных палёў і лугоў, на прыволлі, нярэдка за магутнай спінай сасновага бору ці ў абдымках бярозавага гаю, найдалей ад шырокага гасцінца і гарадской мітусні прытуліліся сціплыя вёсачкі – так званыя ўскраіны.
Гэтыя ціхія мясціны – зусім не аддаленыя ад цывілізацыі куточкі для кагосьці, а цэнтр Сусвету, сканцэнтраванне самых запаветных памкненняў, сэнс зямнога існавання: менавіта гэтая каржакаватая старая яблыня, што прагна цягнецца да сонца напалову ўсохлымі рукамі-галінамі, менавіта гэты калодзежны вочап, што працяжна скрыпіць пры кожным рэзкім уздыху ветру, і буслінае гняздо на абымшэлай страсе згорбленага хлеўчука, і прымятая слядамі босых ног трава на сцяжынцы, якая бяжыць на поплаў… Усё гэта знаёма з дзяцінства і як бы зраслося з чалавекам, стала неад’емнай часткай яго самога.
Тут адбываліся самыя шчаслівыя і значныя моманты чалавечага жыцця: з’яўленне на свет, няўрымслівае пазнанне навакольнай рэчаіснасці, усведамленне сваёй знітаванасці з роднай зямлёй, гармоніі з прыродай, першае каханне, нараджэнне дзяцей, клапатлівыя будні і прыемныя святы, умудроная жыццёвым вопытам старасць. Тут пазнавалі першыя расчараванні, перажывалі горкія страты.
Для некаторых людзей, што нарадзіліся ў невялікіх вёсачках, але якім лёсам суджана было пражыць дарослае жыццё далёка ад бацькоўскай страхі, ускраіна – выток, малая радзіма, што адкрыла шлях у Радзіму вялікую. Ды чалавек – такая істота, якая па сваёй унутранай прыродзе няздольная забываць свае вытокі, свае карані. Таму сэрцу хочацца час ад часу вяртацца да сцежак маленства, дзе, магчыма, у кагосьці яшчэ жыве старэнькая маці. Сядзе ў чырвоным куце пад абразамі, пакрытымі вышываным ручніком, пакладзе стомленыя рукі з патрэсканымі, бы ралля пасля доўгай засухі, далонямі на стол і будзе маліцца перад мудрымі лікамі святых і… чакаць, чакаць сына ці дачку дамоў.
Некага ўскраіна кліча наведаць дарагія магілкі, дзе знайшлі свой вечны спачын родныя і блізкія людзі, абуджае святое пачуццё абавязку перад памяццю продкаў, не дае перарывацца сувязі пакаленняў.
І хораша становіцца чалавеку ад усведамлення таго, што жыве ў яго душы дарагі куточак маленства.
Вёска Радаўня – мая любімая ўскраіна – пусцее, вымірае. Колькі падворкаў змоўкла, зарасло быллём! Кожны раз, бы ад удару, уздрыгваю, уязджаючы ў вёску, калі бачу нікому не патрэбны будынак былога клуба, які гаротна глядзіць на свет спустошанымі вачніцамі счарнелых вокнаў, калі натыкаюся на мёртвы прагал на месцы, дзе была калісьці школа, мая родная пачатковая школа. Вось, здаецца, зараз адчыняцца высокія дзверы – і школьны двор успыхне яркім феерверкам вясёлых дзіцячых галасоў. Дзятва, як стайка жвавых ластавак, узляціць на драўляную горку (улюбёнае месца гульняў), узрываючы наваколле выбухамі залівістага смеху, ад якога, здаецца, гайдаюцца нябёсы. А Ганна Аляксандраўна, мудрая наша настаўніца, з мацярынскай пяшчотай у вачах, не маючы сілы перарваць бязмежна шчаслівыя гульні, дазволіць строгаму званку спазніцца клікаць на ўрок.
Але, на жаль, нічога такога не здараецца. Гэта ўсё жыве толькі ў маёй памяці. А ў сапраўднасці – прагал. Будынак школы разабралі. Але сэрца ніяк не хоча мірыцца з рэальнасцю. Хай бы якая сям’я пасялілася ў ім. І мяне сустракала б на ўездзе ў вёску калі не маё дзяцінства, дык, магчыма, русявае дзеўчанё (дзіця маладых гаспадароў) ці хоць бы маленькі шчанюк, які, задзірыста гаўкаючы, выбег бы насустрач, паказваючы, што ён дбайны ахоўнік свайго падворка.
На месцы, дзе стаяла калісьці школа – пустата. А мне здаецца, што гэта ў маім сэрцы ўтварыўся прагал, які ўжо нішто не зможа запоўніць. Парушылася ў душы нейкае гадамі існуючае суладдзе, гарманічная паслядоўнасць мінулага і сучаснага. Ды гэта ад страты толькі аднаго невялікага пункціка ў шматпланавай кнізе памяці так балюча. Уявіце, якія ж пакуты павінны перажываць людзі, у памяці якіх не адзін такі прагал, на чыіх вачах беззваротна адыходзяць у нябыт родныя вёскі…
Ірына СІНКЕВІЧ,
г. Іванава.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.