Беларусь

Роля – быць самой сабою


Як вылучыцца з шэрага натоўпу, ведае Марыя МАРОЗ
Амаль кожная дзяўчына жадае вылучыцца з натоўпу, звярнуць на сябе ўвагу. Як жа гэта зрабіць? І ці трэба ўвогуле? Меркаванні маіх аднагодак, якіх я апытала, разышліся. Адна палова выказалася за тое, што быць непадобным да астатніх – вельмі цудоўна. Другая палова паціскала плячыма, не разумеючы, навошта гэта патрэбна. Захапіўшыся пытаннем, паспрабавала знайсці адказ на форумах у інтэрнэце. І там прачытала: “Я не прадпрымаю нічога дзеля таго, каб вылучыцца – проста не параўноўваю сябе з натоўпам!”
Працягваючы свае разважанні ў гэтым кірунку, вырашыла звярнуцца да брастаўчанкі Марыі Мароз, якая зараз вучыцца ў Мінску ў Акадэміі мастацтваў.
– Не падабаецца мне слова “натоўп”! Яно гучыць неяк безасабова. Натоўп – гэта шэрая маса. А вось “людзі” –
ужо іншая справа. Кожны чалавек – гэта маленькі свет, непаўторны, а таму і непадобны да іншых, – выказала свой пункт гледжання Маша.
Гэтая дзяўчына заўсёды вылучаецца з натоўпу і знешнім выглядам, і светапоглядам. Апранаецца яна ў стылі “эклектыка”. Яе любімая жывёліна – лама, кніга – “Маленькі прынц” Экзюперы, горад – Барселона. Маша марыць аб’ехаць увесь свет і абавязкова пабываць у Тыбеце, бо “адтуль нібы цеплынёй вее”. Верыць у іншапланецян, вечнае каханне і сцвярджае, што ў яе жыцці быў сапраўдны Дзед Мароз.
– Я не намагаюся чымсьці адрознівацца ад астатніх. Я раблю так, як мне камфортна і зручна, – кажа дзяўчына.
Маша – чалавек надзвычай разумны і адукаваны. Яна заўсёды была адной з лепшых вучаніц спачатку ў школе, пасля – у брэсцкім гарадскім ліцэі імя А.С. Пушкіна. Вельмі любіць дзяўчына беларускую мову, па якой у свой час атрымлівала прызавыя месцы на абласной і рэспубліканскай алімпіядах. Яна верыць у тое, што калі-небудзь усе жыхары Беларусі будуць размаўляць на роднай мове, а таксама пачнуць надаваць дастатковую ўвагу гісторыі і культуры краіны, у якой жывуць.
Да ўсяго дзяўчына падыходзіць творча. Яе хобі – фатаграфаванне. Ідэі для фотаздымкаў з’яўляюцца ў галаве Машы неяк самі па сабе. Яна ідзе па вуліцы і бачыць тое, чаго не заўважаюць астатнія.
– Ці хацела б ты змяніць што-небудзь у самой сабе? – спытала я.
– Нядрэнна было б знайсці спосаб, як змагацца з лянотай. А яшчэ хачу стаць больш упэўненым у сабе чалавекам. Мая сарамлівасць перашкаджае ў знаёмстве з людзьмі. Уліванне ў новы калектыў падчас бывае сапраўдным выпрабаваннем! Ведаю, што ўсё ў маіх руках, і спрабую змяніць сябе ў лепшы бок.
На самай справе Маша адмоўна ставіцца да імкнення равеснікаў вылучыцца з натоўпу. Яна мяркуе, што, каб не быць падобным да іншых, трэба проста заставацца самім сабою! “Як кажуць, усе ролі ў гэтым свеце занятыя, акрамя тваёй асабістай”, – заўважае дзяўчына.
Сваю ролю Марыя Мароз іграе на вышэйшым узроўні. Яна ўжо шмат чаго дасягнула ў сваім жыцці, ды спыняцца на гэтым не збіраецца. Маша ўпэўнена ідзе наперад і пры гэтым заўсёды застаецца адданай свайму прынцыпу – быць самой сабою.
Станіслава УМЕЦ,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля