Шлюб па разліку

Шлюб па разліку

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Іван – малады мужчына трыццаці двух гадоў, сярэдняга росту, хударлявы, з хвалістымі русымі валасамі і кірпатым носам, ажаніўся без кахання. Не, не тое, што ён зусім нікога ў жыцці не кахаў. Была ў яго дзяўчына Насця з суседняй вёскі, якая яму вельмі падабалася і з якой ён хацеў ажаніцца. Але бацька, чалавек прадбачлівы, вырашыў усё па-іншаму.
“Сынок, – сказаў ён Івану, – каханне – пачуццё непастаяннае: сёння яно ёсць, а заўтра – няма. А ты будучы галава сям’і і павінен карміць яе, а для гэтага патрэбны грошы. Насця, вядома, дзяўчына добрая, але  беспасажніца, таму нам яна не падыходзіць. Вось я і вырашыў ажаніць цябе з Аляўцінай. Яна з багатай сям’і, і вы з ёй будзеце забяспечаны. Нічога, што не кахаеш яе. Калі ажэнішся – усё перамелецца. Як кажуць, сцерпіцца – злюбіцца”.
Іван прывык ва ўсім слухацца бацьку. Вось і на гэты раз не асмеліўся яму пярэчыць: даў згоду на шлюб з Аляўцінай.
І вось жывуць яны разам ужо шэсць гадоў. Нарадзілі дваіх дзетак, аднак жыццё паказала, што сцярпецца яно сцярпелася, а вось злюбіцца – не атрымалася. Не ляжыць душа Івана да Аляўціны. Няма ў яе іскрынкі, якая б запаліла ягонае сэрца.
Іван задумаўся. Што за жыццё ў яго? Работа ды сон. А для душы? Пустэча. Але ж вядома, што пустое месца на зямлі запаўняе пустазелле. Значыць, вырашыў Іван, трэба нешта мяняць у сваім жыцці. Але што і як будзе мяняць, ён уяўляў пакуль слаба, а таму пайшоў з дому, каб крыху развеяцца.
Праходзячы сцяжынкай ля калгаснага саду, Іван сеў на вялікі камень. Прыгажосць і водар квітнеючых яблынь (справа была вясной) растрывожылі душу яшчэ больш. Нясцерпна захацелася кахання і пяшчоты.
І раптам убачыў, як па сцяжынцы да таго месца, дзе ён сядзеў, ідзе маладая прыгожая жанчына. Лёгкая паходка і зграбная постаць яе нястрымна вабілі Івана. Ён устаў, павітаўся. Гэта была ягоная аднавяскоўка Анюта, дарэчы, такая ж гаротніца ў сямейным жыцці, як і ён сам.
Размова пачалася з лёгкіх жартаў, затым перайшла на больш сур’ёзныя тэмы. Іван прапанаваў Анюце сустракацца. Яна пагадзілася. Так завязаўся ў іх раман. Сустрэчы адбываліся ля сажалкі, за старым разбураным млыном.
Час ад вясны да восені праляцеў хутка. З надыходам халадоў сустракацца пачалі ў адрыне ў Івана, куды яго жонка ніколі не заглядвала. У адрыне было цёпла і ўтульна. Пах свежага духмянага сена кружыў маладыя галовы, і палюбоўнікі былі шчаслівыя. Але ўсё добрае калі-небудзь канчаецца. Пра іх раман даведалася Аляўціна. І завітала аднойчы ў адрыну, дзе знайшла жаночую хустку. Чыя яна, Аляўціна здагадалася.
Позна ўвечары разгарэлася сварка. Аляўціна паказала Івану хустку і запатрабавала тлумачэнняў. Іван пачаў апраўдвацца: “Аляўціна, як ты магла нават падумаць, што я пакахаў гэту кікімару Анюту?!”
Уявіце, якім быў яго стан, калі ў гэты момант зазвінеў за акном Анюцін смех. Яна выпадкова праходзіла побач і ўсё чула. “Ах, Ален Дэлон! – крыкнула жанчына. – Каб духу твайго больш побач са мной не было!”
Іван ад нечаканасці зніякавеў. І толькі ў гэты момант па-сапраўднаму зразумеў, як цяжка жыць на свеце без кахання…
Ніна ПАПОВА,
г. Брэст.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Падпісаў? Не выкруцішся!

Следующая запись

Камфортна! І медыкам, і пацыентам