Сябар, які мне патрэбны
Усе, хто знаходзіцца побач, адчуваюць цяпло і радасць ад зносін з Ірынай Юшкевіч.
Якім павінен быць малады чалавек, каб яго можна было выдзеліць з усяго маладзёжнага грамадства? Безумоўна, ён павінен быць ініцыятыўным, старанным, рознабакова развітым, адчуваць адказнасць за кожны свой крок. Яшчэ, на мой погляд, вельмі важнай рысай сучаснага маладога чалавека з’яўляецца імкненне жыць так, каб людзі, якія знахо-дзяцца побач, адчувалі цяпло і радасць ад зносін з ім.
Ірына Юшкевіч – дзяўчына, якую асабіста я вельмі паважаю, – валодае такімі якасцямі.
У перакладзе з грэчаскай мовы імя Ірына азначае “мірная”. Вось мая сучасніца і дорыць мір і дабрыню сваёй сям’і, сябрам, навакольным людзям, радуе сваімі спагадлівымі адносінамі, праўдзівасцю і шчырасцю.
За шмат гадоў сяброўства з ёй я не перастаю здзіўляцца, як такая з выгляду сціплая і мяккая дзяўчына мае такі валявы характар. Любой мэты, якую яна калі-небудзь ставіла перад сабой, заўжды дабівалася. Перамагала ў прадметных алімпіядах, з’яўлялася лідарам ячэйкі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, калі вучылася ў Адрыжынскай сярэдняй школе, якую, дарэчы, Ірына выдатна скончыла ў мінулым годзе.
– Я вельмі ўдзячна сваім былым настаўнікам, якія нястомна ўкладвалі ў нас, вучняў, “разумнае, добрае, вечнае”. Адчувалася шчырая любоў і перажыванні за нас пры здачы экзаменаў. Заўжды буду помніць іх ласкавыя вочы і, вяртаючыся ў свой былы другі дом, не праміну сустрэцца з кожным і яшчэ раз падзякаваць, – дзеліцца ўспамінамі Ірына.
Настаўнікі ж і зараз ставяць у прыклад Ірыну Юшкевіч, а яе фотаздымак з Ганаровай дошкі не спяшаецца сыходзіць у архіў былых школьных дасягненняў.
Аднойчы, класе ў сёмым, Іра загарэлася марай атрымаць юрыдычную адукацыю. Яна абмяжоўвала сябе ў вольным часе, штодзённа карпатліва сядзела над падручнікамі, словам, ведала, што ёй патрэбна, і ўпэўнена да гэтага ішла. Вынік атрымаўся бліскучы. Цяпер Ірына – студэнтка юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Мне вельмі важна захаваць з гэтым разумным жыццярадасным чалавекам тыя добрыя адносіны, якія ўсталяваліся паміж намі. Загарэўшыся жаданнем расказаць пра сяброўку, мне хацелася зрабіць гэта ад усяго сэрца, без лішняй ліслівасці і пафаснасці, узнясення звычайнага чалавека “на нябёсы”, бо гэта зусім не патрэбна таму, хто выхаваў у сабе асобу. Мне прыемна пачынаць свой жыццёвы шлях з сяброўства з дзяўчынай, якая валодае цудоўнай якасцю, што вызначае ўнутраную чалавечую прыгажосць: дорыць усмешку таму, хто побач.
Дар’я ГАРБАЦКАЯ,
гурток “Юны журналіст” ЦДТ Іванаўскага раёна
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.