Беларусь

Сёння апошні дзень выставы “Святыні Брэстчыны”


У абласным цэнтры да 10 кастрычніка праходзіць выстава “Святыні Брэстчыны”
Брэсцкі музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” далучыўся да міжнароднай акцыі “Дні еўрапейскай спадчыны”, якая ў гэтым годзе праходзіць пад дэвізам “Спадчына і рэлігія”. Наведвальнікам прапанавана экспазіцыя “Святыні Брэстчыны”.
Многія з работ з’яўляюцца ўласнасцю Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Дапаўняюць экспазіцыю макеты храмаў, створаныя навучэнцамі і студэнтамі брэсцкіх політэхнічнага каледжа і тэхнічнага ўніверсітэта.
Для Анастасіі Фяцісавай, Ігара Раманчука і іншых мастакоў важна было не толькі намаляваць будынак, але праз фарбы паказаць, чаму яго можна аднесці да святынь роднай зямлі, а яшчэ  – зблізіць культурную спадчыну і  людзей, якія сёння ёю валодаюць. Традыцыйны жывапіс алеем па палатне суседнічае з гарачым бацікам на паркалі. Спалучэнне фарбаў, металу, эмалі ўзмацняе зрокавае ўспрыняцце мастацкіх работ, а экскурсавод паведаміць яшчэ і пра гісторыю храмаў, цікавыя і малавядомыя факты. Напрыклад, раскажа аб іконе XVI стагоддзя, якая знаходзіцца ў кафедральным касцёле Узвіжання Святога Крыжа ў Брэсце, пра аўтара праекта Свята-Мікалаеўскага гарнізоннага сабора, які з’яўляецца помнікам архітэктуры руска-візантыйскага стылю.
Карацей кажучы, ёсць магчымасць пазнаёміцца з сапраўднымі жамчужынамі дойлідства, якія нясуць у сабе памяць духоўнай спадчыны нацыі і з’яўляюцца люстэркам таленту народа.
Ганна ІВАШЧАНКА,
студэнтка БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля