Суботнія байкі

Суботнія байкі

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

І манекены вушы маюць
Паехаў Васіль з жонкаю ў горад. Паездзілі, пахадзілі па магазінах. Час і дадому збірацца. Але жонка яшчэ захацела зазірнуць у адзін магазін. Як пайшла, то хадзіў, хадзіў за ёю Васіль – ногі забалелі. Кажа жонцы:
– Пачакаю цябе на вуліцы.
Пайшоў, стаў на ганку будынка, рукі склаў, чакае. Хутка выйшлі следам  дзве жанчыны, прыпыніліся каля Васіля і давай абгаворваць нейкую жанчыну.
Адна кажа:
– Зрабілася дама! А была ж…
Другая, відаць, перадражнівае некага:
– Пачакайце на ганку, я хутка прыйду і паедзем… Пабачым, за каго гэта яна выйшла.
– Мо, нейкі кракадзіл…
– Ці малпа…
Тут  выйшла з магазіна жонка Васіля, лагодна ўсміхнулася ды кажа:
– Дык вы, мабыць, пазнаёміліся ўжо? Бачу, разам стаіце.
Жанчыны ледзь не ўпалі. Яны палічылі Васіля за манекена. Іх тут многа было, стаялі на ганку і прыгажуны, і прыгажуні ў модным адзенні. Пунсовыя, пляткаркі селі ў машыну і ўсю дарогу маўчалі. Васіль, наадварот, увесь час ласкава звяртаўся да жонкі, сыпаў ёй кампліменты.
Калі высадзіў спадарожніц, спытаў у жонкі пра іх. Як ён і здагадваўся: жанчыны з той жа вёскі, адкуль і яго каханая.

Пераправа, пераправа…
Аляксей – рыбак. Калі жонка дазволіць адлучыцца на гадзінку, можа ўвесь дзень праседзець з вудачкай на рацэ. А каб жонка не магла яго знайсці, то возьме лодку, адплыве далей ад берага і сядзіць… Праўда, бывае, і зловіць якога печкура.
А вось аднойчы Аляксею пашанцавала. Сядзіць гэта ён, паглядае то на паплавок, то на берагі. А што?  Людзям, бывае, трэба перабрацца на сенакос ці, наадварот, дадому. Вось і перавозіць Аляксей туды-сюды, навіны якія пачуе, пакурыць з мужчынамі. І зараз нехта кліча. Ды гэта ж Лявон! Нейкі ён зранку вельмі ў гуморы, ды і непадобна, каб з сенакосу: без інструментаў. Улез Лявон у лодку, пераправіў Аляксей яго на бераг. І пайшоў дадому Лявон хістаючыся. Аляксею цікава, адкуль гэта ён такі ішоў? Паплыў рыбак ізноў да таго берага, з якога забіраў Лявона, паглядзеў у кустах, у траве. А там у бутлі – вадкасць. Ну, тут ужо Аляксей здагадаўся, што гэта такое. Паспрабаваў: нішто. Але ж самому нецікава. Забраў знаходку ў лодку. Тут якраз нагукалі яго Віктар і Сяргей, якія ішлі з касавіцы. Перавёз, наліў ім, пачаставаў і сябе не пакрыўдзіў.
Доўга перавозіў і частаваў Аляксей. Вечарам з’явіўся ўстрывожаны Лявон, просіць перавезці, кажа, што згубіў адну рэч. Ажно вунь яго рэч, у лодцы, і ўжо зусім пустая. Паспрабаваў сварыцца на Аляксея, ды сам вінаваты.
А Аляксея пасля таго жонка зусім перастала пускаць на рыбалку. Кажа:
– Не трэба мне такіх уловаў.
Галіна БАБАРЫКА,
Столінскі раён.
Рыбацкі этыкет
Міхась лічыць сябе сапраўдным рыбаком, законапаслухмяным, і прытрымліваецца рыбацкага этыкету. Хоць у яго ўсяго хапала. Здаралася, што не клюе, а то мармышку абарве. Жонка дома сварыцца, пагражае вуды паламаць. Цешча падвучвае ўнукаў, і тыя ў плач: “Не ідзі, дзед, на рыбалку!” А ён іх пераканае, што лепш бачыць дзеда рыбаком, чым няўдалым дзіваком, збіраць бутэлькі парожнія ад піва і віна. Махне рукою на іх плач і ідзе рыбачыць. Лепш не даеўшы, ды спакойна пасядзеўшы.
Сёння ён нядоўга хадзіў па беразе ракі, знайшоў вольнае месца і сам сабе мовіць: “Бог бачыць з неба, што каму трэба”. Адну вуду закінуў у ваду, а другую ў запас паклаў каля сябе на траве. Падыме часам першую, паплюе на кручок і зноў апускае. Праўду кажуць: “Хто рыбачыць, той гаспадаркі і свету не бачыць”.
Не заўважыў Міхась, як да яго падышоў незнаёмы. Не павітаўся той, не папрасіў прабачэння, а паказвае на вуду, што на траве ляжыць, і спакойна так, лісліва пытае: “Ляжачыя грошы не ржавеюць? Колькі клюнула на гэту?” Міхась спакойна і з’едліва адказвае: “Вы ўжо трэці клюнулі. Прыйшоў нязваны – ідзі нягнаны”.
Незнаёмы махнуў рукою і мовіць: “Хваліцца – не касіць, рука не забаліць”, – і пакрочыў уздоўж ракі.
Іван ЖЫТКО,
г. Камянец.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Падарунак лёсу, або Каханне, непадуладнае часу

Следующая запись

Чый тавар лепшы?