Светлая мелодыя жыцця,

Светлая мелодыя жыцця,

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

або Чым запомніўся мне 2010 год
Завяршыў свой шлях па планеце 2010 год. Ва ўсіх краінах свету пакінуў ён адпаведны след добрых і кепскіх спраў. Адны з іх праявіліся больш выразна, з яскравым адценнем, другія – з меншым каларытам. Увогуле, ён заняў сваё пачэснае месца ў летапісе гісторыі кожнай дзяржавы.
Мінулы год запомніўся асабіста мне многімі падзеямі. Па-першае, майму ўнуку споўнілася шаснаццаць год, ён стаў паўнапраўным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Гэта значыць, што чалавек уступіў у дарослае жыццё, у яго руках – будучыня нашай краіны. І разам з усім беларускім народам нясе адказнасць за яе лёс.
Нейкай радаснай, светлай мелодыяй закранула струну маёй душы акцыя, праведзеная адміністрацыяй Маскоўскага раёна г. Брэста ў мінулым годзе. Праходзіла яна пад назвай “Гэта наша зямля, гэта мы – беларусы”. Завяршэннем акцыі было вялікае святочнае мерапрыемства ў Палацы культуры прафсаюзаў. На ім прысутнічаў і я. Незабыўнае ўражанне выклікала ў мяне гэтае свята. На ім выступілі многія мастацкія калектывы раёна, падводзіліся вынікі конкурсаў пра Беларусь.
На экране дэманстраваліся фотаздымкі розных куткоў Беларусі. Паверце, у мяне вочы слязіліся ад захаплення прыгажосцю маёй зямлі, маёй краіны. Калі бачыш на экране рэкі і азёры, лугі і бары, палі і сенажаці, а над імі ляціць белакрылы бусел, то адчуваеш узнёсласць душы ў блакіт неба, у прастор свежага паветра, напоенага водарам разнатраўя, спелых садовых дароў.
Вось з’явілася на экране і хлебнае поле. Жыта, упярэмешку з васількамі, заварушылася, захісталася з боку на бок, быццам кланялася людзям за іх працу, за тое, што яны пасеялі і ўзрасцілі. І вось яно, жыта, цяпер расце, наліваецца шчодрым коласам, радуецца сонейку і блакітнаму небу, ветру і дожджыку, удзячнае буслу, які ляціць над полем і сваімі крыламі засланяе яго ад усялякіх нягод. Бо жыта – гэта хлеб, а ён – гарант харчовай бяспекі краіны.
Самай галоўнай падзеяй для мяне былі выбары Прэзідэнта краіны. Уважліва сачыў за выбарчай кампаніяй. З дапамогай сродкаў масавай інфармацыі знаёміўся з праграмамі кандыдатаў. На экранах тэлевізараў бачыў іх твары, постаці, рухі. Прыслухоўваўся да кожнага слова, якое сыходзіла з іх вуснаў. І нейкая трывога апаноўвала маё сэрца. Разумеў, што не тое гаворыцца імі, што ідэі іх праграм не адпавядаюць стандартам далейшага развіцця краіны. І вось настаў дзень галасавання – 19 снежня 2010 года. На двары пахмурна, а ў душы радасна. Свята ж якое вялікае!
З дзяцінства падабаюцца мне выбары. Памятаю, як перад гэтым мерапрыемствам уся вёска (нарадзіўся я ў вёсцы на Піншчыне) прыбіралася ва ўсякія ўбранні: сцягі прыбівалі да хат, партрэты кандыдатаў вывешвалі на сценах. Збіраліся па вёсцы каляровыя посцілкі, каб накрыць сталы для ўчастковай камісіі і адгарадзіць кабіны для галасавання. Мы, дзеці, дапамагалі дарослым у гэтай справе.
У дзень галасавання людзі апраналі самае лепшае адзенне і ўсёй сям’ёй (бралі і дзяцей) ішлі на выбарчы ўчастак. У нашу вёску прыязджалі выбаршчыкі з суседняга сяла. Пасля бацькі ішлі ў мясцовы магазін і куплялі дзецям пачастункі. Старэйшыя людзі разыходзіліся па хатах, а моладзь рыхтавалася да музычных святочных гульняў.
…З нецярплівасцю чакаў 19 снежня мінулага года заканчэння часу галасавання. Хацелася хутчэй даведацца пра папярэднія яго вынікі. З лёгкасцю ўздыхнуў, калі па тэлевізары абвясцілі падлік галасоў па кожным кандыдаце, з радасцю ўспрыняў перамогу дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
Вось цяпер, пасля выбараў, думаецца пра тое, што Рэспубліка Беларусь у надзейных руках. Мы, пажылыя людзі, ведаем, колькі пераўтварэнняў, эканамічных, сацыяльных і палітычных, зведала наша краіна. Шмат чаго зроблена за час кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі. Гэта вядома не толькі ўсім беларусам, але і многім грамадзянам іншых дзяржаў.
Мне бачыцца далейшы шлях развіцця Беларусі стабільным і гарантаваным. Асновай гэтага з’яўляецца працавіты беларускі народ, які хоча жыць у незалежнай, суверэннай, свабоднай краіне.
Леанід ПАЛХОЎСКІ,
г. Брэст.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Дбаць пра зямлю

Следующая запись

Будзе гучаць слова