Дбаць пра зямлю
40 гадоў шчыруюць на сельгасугоддзях раёна працаўнікі Жабінкаўскай ПМК-19
Калектыў Жабінкаўскай ПМК-19 адзначыў 40-га-довы юбілей. За гэты час прадпрыемства зрабіла велізарны ўклад у меліярацыю зямель Палесся, у павышэнне ўрадлівасці сельcкагаспадарчых угоддзяў. Пра поспехі і здабыткі расказвае начальнік ПМК Пётр Вайноўскі:
– Пасля заканчэння Пінскага гідрамеліярацыйнага тэхнікума я працаваў брыгадзірам, майстрам, прарабам, галоўным інжынерам. У студзені 2008 года ўзначаліў калектыў. Найперш – нізкі паклон ветэранам. Працаваў са славутымі людзьмі: з першым кіраўніком калоны кавалерам ордэна “Знак пашаны” Канстанцінам Шаўчуком, які ўдастоены сёлета звання “Ганаровы меліяратар Беларусі”, з такім жа ардэнаносцам-бульдазерыстам Аляксандрам Лісковічам, пачынальнікам сямейнай дынастыі, якую працягваюць сын Аляксандр і ўнук Аляксей. Цяпер у калектыве таксама нямала працавітых, сумленных рабочых, кіраўнікоў сярэдняга звяна, інжынераў і служачых. Сярод іх – машыністы бульдозераў бацька і сын Лісковічы, Уладзімір Грэдзель, машыністы экскаватараў Аляксандр Мышкавец, Сяргей Мазанік, Уладзімір Ярмолік, трактарысты Анатоль Андрэеў, Сяргей Барысюк і многія іншыя.
Меліярацыйных будоўляў за гэтыя гады было многа. Асабліва ў 1970-1980-я, калі вялася інтэнсіўная меліярацыя. Ёю былі ахоплены землі ўсіх гаспадарак раёна, амаль палова сельгасугоддзяў, альбо 23 тысячы гектараў ворыва, лугоў і пашы. На 21-й тысячы гектараў меліярацыйныя сістэмы створаны з прымяненнем дрэнажу. Такога няма ні ў адным іншым раёне вобласці.
Калі скарацілася фінансаванне, нашы вытворчыя магутнасці нейкі час не былі запатрабаванымі. Таму распачаліся пошукі нетрадыцыйных відаў работ. Тэхнічныя магчымасці, дзелавыя якасці работнікаў неўзабаве спатрэбіліся на агульнабудаўнічых работах. Жабінкаўскія меліяратары абнаўлялі абводныя каналы мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, ліквідоўвалі радыеактыўныя ачагі, што засталіся ў абласным цэнтры ад колішняй перагрузкі адпрацаванай уранавай руды. Нашы рабочыя добра асвоілі будаўніча-мантажныя спецыяльнасці, таму ўзводзілі домікі для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны.
Цяпер жа работы ў вялікай ступені звязаны з зямлёй і яе нетрамі. Выконваем вертыкальную планіроўку глебы пад будаўнічыя аб’екты, робім ачышчальныя збудаванні, узводзім станцыі абезжалезвання вады. Першая такая станцыя была ў Жабінцы, затым – у Камянцы і Маларыце. Займаемся таксама меліярацыяй, хоць зараз яна складае ў агульным аб’ёме работ 12-14 працэнтаў. Прынялі на свой баланс міжгаспадарчыя і важнейшыя ўнутрыгаспадарчыя меліярацыйныя сістэмы з усімі гідразбудаваннямі, забяспечваем іх бягучае абслугоўванне, рамонт і мадэрнізацыю. Ва ўсім раёне вядзём тэхнічны догляд – ачышчаем каналы, рэгулюем водна-паветраны рэжым гідразбудаваннямі, прамываем дрэнажныя сістэмы. У 2010 годзе на 350-ці гектарах асушаных зямель раёна правялі аграмеліярацыйныя мерапрыемствы з мэтай забеспячэння паверхневага сцёку вады, аб’ём падрадных работ склаў звыш 8,5 мільярда рублёў, што на два працэнты вышэй гадавога задання.
Аляксей Ганчук, “НТ”,
г. Жабінка.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.