“Заўсёды дапамагу!”

“Заўсёды дапамагу!”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Такога жыццёвага крэда прытрымліваецца галоўны ўрач цэнтральнай паліклінікі Брэста Мікалай Красоўскі
Доктар Красоўскі заўсёды выглядае аднолькава гарманічна. І ў белым медыцынскім халаце, калі слухае пацыента ці засяроджана ўглядаецца ў экран апарата ўльтрагукавога даследавання. І ў строгім касцюме з гальштукам, калі ўдзельнічае ў якім-небудзь афіцыйным мерапрыемстве. І дома ў сямейных клопатах. Можа, таму, што Мікалай Красоўскі ўмее цаніць пражытае, берагчы сённяшняе і клапаціцца пра будучае. Сваю біяграфію Мікалай Васільевіч не лічыць выключнай, наадварот, падкрэслівае: “У мяне біяграфія звычайнага хлопца з вёскі”. Родам галоўны ўрач цэнтральнай паліклінікі Брэста з Драгічынскага раёна. Вучыўся ў Гошаўскай васьмігодцы, потым – у Хомскай сярэдняй школе. Залаты медаль даў выпускніку добры шанс, і ён яго скарыстаў: здаўшы на “выдатна” адзін экзамен, Мікалай стаў студэнтам Мінскага медыцынскага інстытута.
Доктар Красоўскі заўсёды аднолькава камфортна адчувае сябе. І ва ўрачэбнай справе: пасля інтэрнатуры ў нашай абласной бальніцы працаваў участковым тэрапеўтам у гарадской паліклініцы №1, потым узначаліў Дамачаўскую гарадскую бальніцу ў Брэсцкім раёне, быў галоўным урачом санаторыя “Бярэсце”, “Брэстаграздраўніцы”, намеснікам начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама, а з лістапада 2009 года прыйшоў у цэнтральную паліклініку, стаўшы галоўным урачом горада і Брэсцкага раёна. І ў грамадскай дзейнасці: Мікалай сярод равеснікаў верхаводзіў у дзіцячых гульнях, быў камсоргам, сакратаром камсамольскай арганізацыі курса. У 2010-м Мікалай Васільевіч удзельнічаў у IV Усебеларускім народным сходзе. І ў сям’і: з жонкай Святланай Іванаўнай вучыліся разам у медінстытуце. У Красоўскіх трое дзяцей: Іван працуе юрыстам, Кацярына вучыцца на эканаміста, Марына –  на педагога. Мікалаю Васільевічу імпануе, што дзеці шукаюць сваё месца ў жыцці. “У мяне ёсць цудоўная нявестка, і зяць добры. А з 2010-га я атрымаў статус дзядулі: унучка Сашанька – такое шчасце!” – прызнаўся галоўны ўрач.
І ўсё ж жыццёвая прастора доктара Красоўскага запоўнена работай, а год, з якім толькі-толькі развітаўся, быў у прафесійным плане знамянальным не толькі асабіста для Мікалая Васільевіча. Раней ніколі так інтэнсіўна не ўмацоўвалі матэрыяльную базу ўстаноў аховы здароўя горада і раёна. Больш за 30 мільярдаў рублёў уклалі ў будоўлі, рэканструкцыі, рамонты, тэхнічнае перааснашчэнне.
Заўважнай падзеяй для абласнога цэнтра стала адкрыццё корпуса №2 цэнтральнай паліклінікі, удзел у якім прымаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Тут размясцілі жаночую кансультацыю, фізіятэрапеўтычнае аддзяленне, рэабілітацыйную службу, адзін паверх занялі падраздзяленні 2-й дзіцячай паліклінікі. У цэнтральнай гарадской бальніцы пачало працаваць аддзяленне гемадыялізу, пасля капітальнай рэканструкцыі адкрылі гарадскую бальніцу ў Дамачава, амбулаторыю ў Знаменцы…
Працяг работы забяспечаны і ў 2011 годзе. На фінішную прамую выйшла будаўніцтва паліклінікі №3, якая будзе абслугоўваць жыхароў Паўднёвага гарадка і мікрараёна Вулька. Прадоўжаць работы ў гарадской бальніцы №1 (былая чыгуначная): сёлета трэба давесці да ладу рэанімацыйнае аддзяленне. На базе былой чыгуначнай паліклінікі будзе арганізавана дзіцячая паліклініка №1 – нарэшце ўсе службы гэтай медустановы збяруцца пад адным дахам. Для аказання дапамогі анкалагічным хворым плануецца стварыць хоспіс, у Цюхінічах – адкрыць урачэбную амбулаторыю… Мікалай Васільевіч называе аб’екты, а потым заўважае, што даручэнне Кіраўніка дзяржавы – навесці парадак у медыцынскіх установах за два гады – выконваць і медыкам, і ўладам, а таму працаваць давядзецца закасаўшы рукавы.
У напружаным працоўным рытме доктара Красоўскага прыемным адпачынкам стаў Новы год. З дзяцінства – любімае свята. Ёлка ў бацькоўскім доме была такая пахучая, такая прыгожая! А як радавалі цацкі, зробленыя сваімі рукамі! Казачную чароўнасць Новага года Мікалай Красоўскі адчувае і сёння, калі ўся іх сям’я сустракаецца за святочным сталом. Гэта самае вялікае шчасце, калі  можна сабрацца разам, калі ўсе здаровыя, а ў доме – дабрыня, падтрымка, узаемаразуменне. Вось тады і хочацца жыць, тварыць, дапамагаць людзям.

Навагодняе пажаданне ад Мікалая Красоўскага:
– Людзям – знаёмым і незнаёмым – я жадаю ў новым годзе любові, дабрыні, дабрабыту. Давайце будзем адзін да аднаго больш уважлівымі, пастараемся патурбавацца не толькі пра сябе, але і пра бліжняга свайго. І абавязкова паклапоцімся аб здароўі, бо яно не бясконцае, яго трэба берагчы!
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Брэст.
Фота Юрыя МАКАРЧУКА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Данік КАЗЛОЎ: “ Я шчаслівы!”

Следующая запись

Сюрпрыз на Каляды