Рулецікі “Абрыкосавая плынь”
ад Валянціны МЯШЧЭРСКАЙ, намесніка начальніка ўпраўлення друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і знешніх сувязей – начальніка аддзела друкаваных СМІ Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь:
– Сустрэча Новага года, бадай, адзінае свята, якое не пакідае абыякавым ні дзяцей, ні дарослых. Пад бой курантаў кожны імкнецца загадаць запаветнае жаданне, якое – так хочацца верыць! – абавязкова здзейсніцца. І, вядома ж, большасць гаспадынь гатуе нешта асаблівае. А я прапаную зрабіць святочныя рулецікі, якія назавём “Абрыкосавай плынню”.
Возьмем: курынае філе, грэцкія арэхі, курагу, спецыі па смаку, маянэз.
Не вельмі тонка адбіце кавалачкі мяса, пасаліце-папярчыце. Кожную адбіўную пасыпце тоўчанымі грэцкімі арэхамі, зверху пакладзіце палавінку распаранай курагі. Скруціце мяса ў рулецікі, паліце іх маянэзам і загарніце ў фольгу. Выпякайце ў духоўцы 30-35 мінут, пры тэмпературы 180 градусаў. Рулецікі гатовыя? Тады выкладвайце на зялёныя лісточкі салаты. Вельмі прыгожа!
Аздобай святочнага стала могуць стаць і сырныя кошыкі. Для прыгатавання аднаго спатрэбіцца 40 г надзёртага на тарцы цвёрдага сыру, які затым трэба растапіць на патэльні з тэфлонавым пакрыццём. Гэтую аднародную масу асцярожна здымаем лапаткай і выкладваем у формачку для кексаў – няхай сыр набудзе яе форму, для гэтага пакінем астываць. Справа – за малым: гатовыя кошыкі трэба напоўніць салатай з гародніны і зяленіва. Сюды ж дадаём натхнення, радасці і зычлівасці…
Усім чытачам “НТ” жадаю шчасліва ўвайсці ў 2011-ы год і з упэўненасцю глядзець наперад. А што датычыць газеты – няхай шырыцца кола яе чытачоў, няхай матчына мова кранае людскія сэрцы, знаходзячы ў іх шчыры водгук на кожны газетны радок!..
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.