Светлая вясна мастака
19 сакавіка споўнілася б 65 гадоў вядомаму берасцейскаму мастаку Генадзю СУРМЕ
У гэтыя першыя веснавыя дні чамусьці ўзгадваюцца яго жыццесцвярджальныя восеньскія маляўнічыя пейзажы, на якіх вясёлкава ззяюць асветленыя сонечнымі промнямі дрэвы з апошняй лістотаю, паніклыя травы… Успамін пра мастака, пра чалавека, якога няблага ведаў, наплывае светлым воблачкам з аднаго з пейзажаў мастака. І цёплыя блакітныя вочы Генадзя Сурмы нібы з усмешкаю ўзіраюцца ў мяне, застаецца толькі пачуць колькі слоў ад мастака, так рана сышоўшага ад нас у іншы свет…
Генадзь Фёдаравіч Сурма быў па-гаспадарску нетаропкім і разважлівым чалавекам, але даволі працавітым мастаком. Адразу ўсплываюць у памяці яго акварэльныя пейзажы, што сваёй паэтычнасцю і чысцінёй асвятляюць пачуцці людзей, аматараў яго творчасці – як на роднай зямлі, так і ў замежжы. Чалавек тонкай душы, ён не любіў шмат гаварыць, але вельмі мяняўся, калі гаворка заходзіла пра мастацтва і мастакоў, пра існуючыя праблемы мастакоўскага жыцця, якіх заўжды хапала і хапае ў цяперашні час…
Быў час, калі Генадзь Фёдаравіч захапіўся працай на лецішчы: захацелася адысці ад выяўленчага мастацтва, ад акварэляў, адпачыць душою ў цішы саду-агарода. Пры сустрэчы ён гаварыў пра яблынькі, грушы, пра зямлю і ўгнаенні. А ў блакітных вачах у той момант прагледжваўся нейкі сум, стомленасць, мо, нават адчай… Мастак адлучыўся на некалькі гадоў ад любімай творчай працы, нібыта хваля перабудовы ў вялікай краіне неяк няўдала зачапіла і яго сваім вострым крылом. У тыя гады Генадзя Сурму не часта можна было сустрэць сярод калег-мастакоў у выставачнай зале на вуліцы Савецкай ці ля вытворчых майстэрань на вуліцы Гогаля. “Сурма на лецішчы працуе”, – казалі тыя, хто ведаў пра яго месцазнаходжанне. А мне адразу ўзгадваліся яго акварэльныя пейзажы з залацістымі соснамі, вясковыя краявіды, рачныя плыні з адбіткамі аблокаў і дрэў. Недзе ў такіх мясцінах знік мастак Генадзь Сурма, працуючы на грэшнай зямлі з рыдлёўкай, віламі і граблямі.
Але моцная натура пераварыла ўсё непатрэбнае з часам, і мастак вярнуўся да свайго любімага мастацтва, каб з новымі сіламі па-новаму сказаць пра сябе, пра сваю радзіму залатым голасам пэндзля, пакінуўшы на бела-шэрым палатне жоўта-барвовы след спелых рабін, апалага восеньскага лісця, зжаўцелай травы на поплаве, сярэбранага павуціння, першага інею на азімых. Яго новыя пейзажы і нацюрморты ўнеслі свежае паветра ў выставачную залу, у мастакоўскі асяродак.
Пасля акварэляў Генадзь Сурма звярнуўся да алейнага жывапісу, выказваючы свае новыя пачуцці і думкі, паказваючы сябе зусім з іншага, невядомага дагэтуль боку. Пасля шэра-серабрыстых, зеленаватых акварэляў заззялі вясёлкавымі фарбамі краявіды і дары садоў і лясоў, з-за свінцовых хмараў прабіліся промні выратавальнага сонца. Так мастак Генадзь Сурма вярнуўся да аматараў выяўленчага мастацтва сваімі новымі творамі, сваім новым настроем. Ён шмат працаваў у тыя гады, нібы спяшаўся сказаць нешта важнае, толькі яму вядомае… І гэта ўдалося, хаця размова аказалася няскончанай. А дагаворваць застаецца ўжо іншым мастакам, яго таварышам па цэху, яго паслядоўнікам ужо іншаю моваю на новых жыццёвых скрыжалях.
Мінае час, а ў памяці застаюцца запамінальныя вобразы з акварэляў мастака “Першы снег. Ноч”, “Возера Белае”, “Светлая вясна”, “Камароўка”, “З маленства”, з жывапісных палотнаў “Вечар ля ракі”, “Восеньскі нацюрморт”, “Снапы”, “Бэз”… Чамусьці больш за ўсё ўзгадваюцца нацюрморты з бэзам… Светлая вясна настала ў гэтым годзе, светлая вясна працягвае жыць у карцінах і памяці мастака Генадзя Сурмы, наро-джанага 65 гадоў таму сакавіцкім днём.
Леанід ВАЛАСЮК,
член Беларускага
саюза мастакоў,
г. Брэст.
ПАМЯЦІ ГЕНАДЗЯ СУРМЫ
Вось і бліснула
Апошнім промнем
Сонца на захадзе.
Восеньскі востраў
Золатам лісця
Заззяў у нябыце
Позіркам
Светлых вачэй
Колеру неба.
Лепшыя сябры,
Як лепшыя гады,
Пакрысе здаляюцца
У восені шэрай
Срэбнаю ніткай
Пад сонцам апошнім
У бабіна лета
На вечны пакой…
Нітка трапеча,
Той ланцужок,
Што некалі моцна
Трымаў нас на хвалі
Свежага ветру,
Поўнага сонца
І восеньскай моцы…
Памяць трымае,
Памяць вяртае
Промнямі сонца
Усе ланцужкі
Нашых жыццёвых
Спраў і адносін…
ДАВЕДКА “НТ”
Генадзь Фёдаравіч Сурма нарадзіўся ў г. Глуску Магілёўскай вобласці 19 сакавіка 1946 года. Скончыў Глускую СШ№1 і ў 1970 г. – Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава. З 1971 г. удзельнічаў у абласных, рэспубліканскіх і замежных выставах і пленэрах. У 1994 г.
стаў членам Беларускага саюза мастакоў. Правёў 12 асабістых выстаў у Беларусі, Польшчы і Германіі. Творы мастака знахо-дзяцца ў музеях і галерэях Брэста, Мінска, Пінска, Магілёва, а таксама ў прыватных зборах шэрагу замежных краін, у тым ліку Польшчы, Германіі, Францыі, ЗША, Даніі, Бельгіі, Японіі і Ізраіля. Жыў у Брэсце. Памёр 20 снежня 2002 года.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.