Беларусь

  • Главная
  • Іскрынкі душы
  • У Брэсце пад патранатам абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ўпершыню праведзены сацыяльны кірмаш

У Брэсце пад патранатам абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ўпершыню праведзены сацыяльны кірмаш


На кірмашы, які прайшоў у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна, арганізатары прапанавалі цырульныя і інфармацыйныя паслугі, навучанне навыкам аказання першай дапамогі, цікавую забаўляльную праграму, а таксама ўсім жадаючым аказалі гуманітарную дапамогу ў выглядзе адзення і абутку.
Валанцёры стварылі своеасаблівыя станцыі рознай тэматыкі і прапанавалі карысную інфармацыю наведвальнікам сацыяльнага кірмашу. Напрыклад, на станцыі, прысвечанай тэме “Супрацьдзеянне гандлю людзьмі”, расказвалі аб тым, як абласная суполка Чырвонага Крыжа, яе валанцёры працуюць у гэтым кірунку.  Другая станцыя распавядала аб дзейнасці Чырвонага Крыжа, яго гісторыі.
– Безумоўна, у кожнай краіне ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе –
дзеці, інваліды, сіроты. Між іншым, не заўсёды ім патрэбна матэрыяльная падтрымка. Трошкі ўвагі, цяпла – і свет падаецца чалавеку, які трапіў у складаную сітуацыю, больш светлым. Зрабіць маленькі цуд па сілах валанцёрам Чырвонага Крыжа, – мяркуе спецыяліст абласной арганізацыі БТЧК Аксана Трушкова.
Не магу не пагадзіцца з Аксанай: дабрыня і спагада твораць цуды. Мець магчымасць быць іх саўдзельнікам –
гэта ж выдатная ідэя! Сказаць па праўдзе, дык часта людзі толькі на словах гатовы кагосьці падтрымаць, камусьці дапамагчы. Будуць охаць-ахаць, які чалавек няшчасны, але так і не здагадаюцца, скажам, запрасіць яго ў госці і пачаставаць смачным пірагом, ці вывесці на прагулку ў гарадскі парк. Валанцёрства ж дае магчымасць рабіць добрыя справы. Вось толькі для гэтага трэба ахвяраваць трошкі свайго часу.
Падчас кірмашу правялі анкетаванне для тых, хто выказаў жаданне стаць валанцёрамі. Другая анкета была накіравана на тое, каб даведацца, якія паслугі хацелі б атрымаць людзі ад Чырвонага Крыжа…
Мерапрыемства такога кшталту праводзілася ў абласным цэнтры ўпершыню. Арганізатары засталіся задаволеныя: сацыяльны кірмаш атрымаўся. Удалося не толькі аказаць людзям гуманітарную дапамогу, але і знайсці новых прыхільнікаў ідэй Чырвонага Крыжа, зацікавіць валанцёрствам людзей сталага ўзросту. Як валанцёр, зазначу: менавіта ў нашай дзейнасці можна знайсці сябе, адкрыць схаваныя магчымасці і таленты, якія будуць прыносіць карысць людзям. Паверце, валанцёрства – унікальная магчымасць жыць не толькі для сябе, але і для іншых.  Таму кажу: хочаце падзяліцца часцінкай шчасця і дабрыні з землякамі, ідзіце ў валанцёры Чырвонага Крыжа – там вас чакаюць!
Сабіна ГАРАЕВА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля