За мужа

За мужа

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

НЯХАЙ СУДЗІЦЬ НАРОД…
У адным калгасе паставілі вартаўніком вельмі добрага чалавека. Увосень трэба было яму вартаваць сцірту саломы.
А салома – такая рэч, што ў вёсцы патрэбна многім у гаспадарцы. Прыйдзе стары чалавек, дык пашкадуе яго вартаўнік і паддасць на плечы, а то і сам паднясе тую вязку.
Народ даведаўся пра салому, а дакладней – пра дабрыню вартаўніка, і праз некаторы час ад сцірты не засталося і следу.
Падумаў вартаўнік і пайшоў да старшыні калгаса з пакаяннем. Зайшоў і адразу з дзвярэй пытаецца: “Скажыце, таварыш старшыня, хто ў нас кіруе дзяржавай?” Старшыня і кажа: “Народ”. А вартаўнік кажа: “Ну, дык няхай і судзіць мяне народ!”
НЕ ПАРАЗУМЕЛІСЯ
Некалі ў вёсцы трымаць кароўку было нялёгка. Трэба было нарыхтаваць многа сена, бо толькі трыццаць адсоткаў ішло гаспадару, а семдзясят – у калгас. Лічыце: з дзесяці стагоў толькі тры на сваю карову. А калі няма сілы рабіць сена, а карову шкада збываць?
Вось так гадоў пяцьдзясят назад адна бабулька зрабілася зладзейкай. Папалася яна, калі на санках цягнула сена з фермы. Ды трапіла на вочы самому старшыні. Той давай яе распякаць ды на рускай мове: “Старая воровка” і г. д.  Астатнія словы я апускаю. Карацей, абазваў бабулю па-ўсякаму. Затым канфіскаваў і санкі, і вяроўку, і сена.
А пасля кажа: “Еще раз поймаю – обругаю последними словами!” А тут куды ўжо больш?! Увесь запас нецэнзурных слоў  вычарпаў. А бабцы ўсе словы зразумелыя, ды толькі не разумее, чаму старшыня гаворыць “вароўка старая” (у нашай мясцовасці замест “вяроўка” кажуць “вароўка”). “Не, сыночак, вароўка не старая – новая мая вароўка, але забірай, толькі санкі пакінь, бо ў суседа пазычыла”, – просіць яна.
ЗА МУЖА
Многа гадоў прайшло пасля той памятнай сустрэчы. Многа вады, як кажуць, сплыло. Але ў думках я часта вяртаюся ў той дзень, калі сустрэлася з цікавай, а, можа, некаму здасца – дзіўнай жанчынай…
Цямнела. Пасля кароткага прыпынку цягнік набіраў хуткасць. У акно не хацелася ўглядацца, бо ўжо з цяжкасцю можна было што-небудзь убачыць. У гэты час у купэ, у якім я сядзела ў адзіноце,  зайшла жанчына. Невысокая, прыгожая, сціпла апранутая,  дзесьці майго ўзросту. Будзе з кім пагаварыць. Ехаць жа яшчэ доўга. Пазнаёміліся.
Жанчыну звалі Наташа. У яе былі вельмі прыгожыя вочы – выразныя, чыстыя. Чалавек з такімі вачыма, думаю, не зможа падмануць, нават калі гэта і вельмі патрэбна. Наташа слухала маю гаворку ўважліва, а вось сама не спяшалася пра сябе расказваць. Тады я пачала распытваць. З яе адказаў  даведалася, што мая спадарожніца – фельчар, а вось едзе на сесію, бо вучыцца на фізмаце. Мяне гэта вельмі здзівіла, бо ў тыя часы не чуваць было, каб нехта атрымліваў другую адукацыю.
На запытанне Наташа адказала: “Мой муж – матэматык…” Я ўявіла вясковую школу і са смехам перапытала: “А для чаго вам дома два матэматыкі? Многа грошай атрымліваеце, што адзін не палічыць?” Наташа адказала: ”Вось пра гэта ў мяне пыталі ўсе знаёмыя, калі завочна пайшла вучыцца. Але я не магла ім сказаць, што муж хворы”. У мяне вырвалася: “Дык ён жа паправіцца”.
Наташа адвярнулася да акна, памаўчала, з цяжкасцю загаварыла: “Яго больш няма… Я ведала, што яму нядоўга засталося… Пра гэта адразу сказалі дактары, ды і я – медык… Вось і вырашыла працаваць за яго, у яго школе. Зараз там і працую…”  Я перавяла гаворку на іншае, бо бачыла, што ніякія словы тут не дапамогуць: такую бяду лечыць толькі час…
Раніцай на пероне вакзала мы развіталіся з Наташай. У той час, час атэізму, я не ведала пра Ксенію Пецярбургскую. Пазней, калі даведалася, дык адразу ўспомніла Наташу.
Галіна БАБАРЫКА,
Столінскі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Развіваць асобу

Следующая запись

Аляксандр ЛАГВIНОВIЧ, намеснік галоўнага рэдактара абласной газеты “Заря”: Хрышчэнне мовай