Духмяная радасць
Сваёй прадукцыяй работнікі Пінскага хлебазавода дораць людзям добры настрой
Якое свята можа абысціся без ласункаў? Пэўна ж, многія стравы могуць разнастаіць наша меню, аднак ёсць адзін прадукт, які застаецца нязменным пастаяльцам на стале беларусаў, – гэта хлеб. Жытні, пшанічны, булачныя вырабы, сушкі, сухары, пірожныя, печыва, пернікі, торты – вось толькі невялікі пералік нашых любімых хлебных прадуктаў. Для таго, каб сёння пачаставацца імі, не трэба марнаваць час каля печы ці духоўкі – дастаткова прыйсці ў магазін.
Вялікі асартымент прадукцыі РУВП “Брэстхлебпрам” прапануе гандлёвая сетка. Тавары, якія выпускаюцца пад маркай “Берасцейскі пекар”, заваявалі любоў і давер нават за межамі Беларусі, аднак самыя адданыя пакупнікі – берасцейцы.
Вырабляюць салодкія шэдэўры ў самым сэрцы рэгіёна – Пінску. Майстры-прафесіяналы штодзень працуюць дзеля таго, каб пачаставаць людзей радасцю. Менавіта так гавораць работнікі Пінскага хлебазавода пра сваю работу.
На мажорны лад мелодыю вытворчасці настройвае дырэктар завода Аляксандр Перац. Амаль 25 гадоў ён працуе ў галіне і добра засвоіў, што хлеб лёгкім не бывае. Аляксандр Аляксеевіч прайшоў доўгі шлях ад слесара да дырэктара, таму цудоўна ведае ўсе тонкасці і нюансы вытворчасці хлеба.
– Поспех любой справы залежыць ад людзей, якія за яе ўзяліся, – разважае Аляксандр Перац. – Не варта паглыбляцца ў тэхналагічныя навінкі ці рэцэптурныя: не ад гэтага залежыць любоў пакупнікоў. Уявіце сабе, калі гаспадыня кулінарыць на кухні з дрэнным настроем і цяжкімі думкамі, дык і атрымліваецца сяк-так. А калі з душою адносіцца да працы – канчатковы прадукт будзе асаблівым. Мы частуем людзей радасцю, а для гэтага ніякіх намаганняў не шкада.
Быць бліжэй да пакупнікоў, адчуваць тэндэнцыі попыту і папярэджваць пажаданні – такая маркетынгавая палітыка хлебазавода. Сярод самых запатрабаваных паслуг прадпрыемства – прадукцыя на заказ. Пінскія кандытары могуць зрабіць кулінарную скульптуру на любы густ. Падыход да заказчыка індывідуальны. Торты майстры робяць такія, што вока не адарваць, а смак застаецца па-за канкурэнцыяй.
– Сучасныя тэхналогіі і прафесіяналізм нашых работнікаў дазваляюць ствараць сапраўдныя салодкія цуды, – расказала намеснік дырэктара Галіна Качаноўская. – Зыходзячы з нагоды свята, асаблівасцей і пажаданняў заказчыка, падбіраюцца форма, кампаненты і нават каляровая палітра кандытарскіх вырабаў. Так, напрыклад, на вяселле можна заказаць традыцыйны белы крэмавы торт ці, наадварот, здзівіць гасцей яркім суквеццем. Як паказвае практыка, заказная прадукцыя вельмі запатрабаваная насельніцтвам, таму гэты від дзейнасці будзе пашырацца і далей. У задумках ёсць развіццё сістэмы дастаўкі. Зараз гэта пытанне распрацоўваецца.
Торты “Пінчанка”, “Асенні вальс”, “Азарэнне”, а таксама мучныя прысмакі “Пальчыкі абліжаш”, “Забаўнік”… Цяжка знайсці пінчука, які б не ведаў, пра што ідзе гаворка. Ды і не толькі ў сталіцы Палесся любяць і цэняць прадукцыю Пінскага хлебазавода. Купіць яе можна ў Лунінецкім, Столінскім, Іванаўскім раёнах, у Гродзенскай і Гомельскай абласцях, а таксама ў Санкт-Пецярбургу.
Хіт продажаў – торт “Імператрыца” – палюбіўся пакупнікам не толькі вытанчаным смакам, але і прыгожым знешнім выглядам. Адна з тых, хто стварае прыгажосць, – кандытар Ірына Кавянько. Майстар больш за дзесяць гадоў працуе на заводзе. Нядаўна яна заняла 3-е месца ў конкурсе сярод кандытараў РУВП “Брэстхлебпрам”, ды і калегі высока ацэньваюць яе працавітасць і ўменне ствараць прыгожае.
– Праца ў кандытараў – самая творчая, – падзялілася ўражаннямі Ірына Кавянько. – У кожны торт варта ўкладваць часцінку душы і добрага настрою. Толькі тады атрымаецца непаўторны пачастунак.
Шмат увагі на прадпрыемстве ўдзяляецца павышэнню ўзроўню якасці выпускаемай прадукцыі. Сістэма менеджменту якасці распрацоўкі і вытворчасці кандытарскіх вырабаў адпавядае патрабаванням СТБ ІСО 9001-2001. Для таго, каб дасягнуць дасканалага смаку, увесь час абнаўляецца абсталяванне. Вясной завод набыў новую нямецкую лінію па вытворчасці булачнай прадукцыі. Пакупнікі ацанілі, як змяніўся да лепшага звыклы смак – між тым, абнаўленне працягваецца.
Плануецца, што ў бліжэйшай будучыні Пінскі хлебазавод значна расшырыць асартымент лячэбна-прафілактычных хлябоў. Ноу-хау закране і кандытарскі цэх. Спецыяльна для хворых на цукровы дыябет з’явіцца шэраг новых відаў прадукцыі: нізкакаларыйныя торты, рулеты, бісквіты, печыва з фруктамі, а галоўнае – парадуюць новыя функцыянальныя хлебабулачныя вырабы.
Багаты ўраджай узнагарод сабраў калектыў хлебазавода ў мінулым годзе. На рэспубліканскім конкурсе “Густ” дыплома пераможцы ўдастоены сухарыкі “Сланечнічак”. Залатымі медалямі на конкурсе “Ласунак” у рамках выставы “Хлебная і кандытарская справа” ўзнагароджаны хлеб соладавы “Дзіўны”, пернікі “Гусарскія” з какосам і арахісам, бронзавымі – хлеб “Сельскі” і хлябец “Пажыўны”.
У Пінску працуюць фірменныя магазіны хлебазавода – “Гарачы хлеб”, “Колас”, “Гасцінец”, а таксама ў Лагішыне – “Духмяны край”. У адзін з іх па дарозе дамоў завітала і я. У чарзе заўважыла маладую жанчыну з дзіцячай каляскай.
– Мы закупаемся тут штодзённа, – расказала Юлія Целяшынская. – Вельмі падабаецца хлеб “Сакалоўскі”, а да чаю заўсёды бяром печыва аўсянае “Барысаўскае”. Маленькай дачушцы яно таксама падабаецца. Зараз збіраемся ў госці да сваякоў мужа, таму яшчэ пірагоў накупілі – з павідлам і тварагом.
Для таго, каб смачны свежы хлеб і салодкія вырабы заўсёды былі даступныя спажыўцам, на прадпрыемстве працуюць 320 чалавек. Кожны з іх мае дачыненне да адначасова таямнічага і вельмі простага працэсу. Таму, пэўна, невыпадкова, узгадваючы пра шматлікія ўзнагароды хлебазавода, дырэктар Аляксандр Перац неаднойчы падкрэсліваў, што гэта заслуга ўсяго вялікага і дружнага калектыву.
Руплівая праца хлебапёкаў не спыняецца ні на хвіліну. Цяпер, напрыклад, актыўна вядзецца падрыхтоўка да Міжнароднай выставы-кірмашу “Зялёны ты-дзень-2011” у Берліне, якая адкрыецца праз некалькі дзён. Усяго ж у мінулым годзе Пінскі філіял РУВП “Брэстхлебпрам” прэзентаваў сваю прадукцыю на 14 замежных выставах. І па меркаванні прафесіяналаў, і па выбары пакупнікоў можна смела сцвярджаць, што прадукцыя Пінскага хлебазавода смачная, якасная і вельмі запатрабаваная. А ўсё чаму? Таму што выпечана яна на радасць.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
г. Пінск.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.