У міліцыі – свае чэмпіёны
БРЭСТ
У міліцыі – свае чэмпіёны
Чэмпіянат упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама па лыжных гонках прайшоў у панядзелак у абласным цэнтры на трасе ля вяслярнага канала. У выніку вострага саперніцтва, якое праходзіла ў складаных умовах надвор’я (ішоў дождж), пераможцай стала каманда Баранавіцкага ГАУС. На другім месцы – спартсмены палка патрульна-паставой службы міліцыі, а замыкаюць тройку лідараў лыжнікі батальёна дарожна-патрульнай службы ўпраўлення ДАІ. “Міс лыжні чэмпіянату” прызнана супрацоўніца Баранавіцкага ГАУС Марыя Мазоль.
БРЭСЦКІ РАЁН
І ўспомнілі былое
Учора з нагоды 71-й гадавіны ўтварэння раёна ў вялікай зале райвыканкама адбыўся ўрачысты сход з удзелам ветэранаў, моладзі, перадавікоў вытворчасці і грамадскасці Прыбужжа. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Уладзімір Мацука. Старшыня савета раённай арганізацыі ветэранаў Пётр Брузгін і былы старшыня райвыканкама Канстанцін Бабко ўспомнілі найбольш яркія моманты станаўлення раёна.
БАРАНАВІЧЫ
Плён міласэрнасці
Адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, на якой былі падведзены вынікі дзейнасці за пяць гадоў, абноўлены прэзідыум і выбраны старшыня. Кіраваць суполкай працягвае Людміла Шубіч.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Вясельныя падарункі… дзецям
Незвычайны падарунак зрабілі маладажоны з райцэнтра Вольга і Аляксандр Ягоравы дзецям з Ястрамбельскай школы-інтэрната. Яны аддалі ім свае вясельныя падарункі. Загадзя сямейная пара папрасіла гасцей замест букетаў кветак дарыць мяккія цацкі. Выхаванцы інтэрната з радасцю прынялі плюшавыя прэзенты.
БЯРОЗА
“Візіт” у Стрыгіні
У аграгарадку Стрыгінь на базе старога буфета днямі адкрыты бар “Візіт”. У адноўленым будынку зроблены рамонт і ўсталявана сучаснае абсталяванне. Працуюць у новым бары высокакваліфікаваныя спецыялісты. Так, напрыклад, розныя прысмакі гатуюць павары з папулярнага ў раёне рэстарана “Бяроза”.
ГАНЦАВІЧЫ
Дзе ўсе? На лыжні!
Учора ва ўрочышчы Горкі стартавала раённая зімовая спартакіяда “Ганцавіцкая лыжня-2011”. Прайшлі індывідуальныя гонкі, а сёння будзе праведзена 6 эстафет. Больш за 20 каманд устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў прымаюць удзел у спаборніцтвах. Пераможцы атрымаюць прызы і падарункі, а лепшым у сямейнай эстафеце будуць уручаны грашовыя прэміі.
ДРАГІЧЫН
З практыкаў – у навуку
12 студзеня для Мікалая Якоўчыка стаў апошнім днём работы на пасадзе дырэктара КУСП “Племзавод “Заказельскі”. Кіраўнік вядомай на Брэстчыне гаспадаркі пасля шматгадовай працы ў сельгасвытворчасці вырашыў прысвяціць сябе навуцы. Новая пасада Мікалая Якоўчыка –
намеснік дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў АПК Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Дырэктарам “Племзавода “Заказельскі” прызначаны Мікалай Юрашэвіч.
ЖАБІНКА
Нечаканая госця
На падворак аднаго з гаспадароў вёскі Стрыганец завітала ліса і тут жа памерла. Экспертыза выявіла, што яна была хворая на шаленства. Паводле рашэння райвыканкама з аўторка на вёску накладзены каранцін да двух месяцаў, падчас якога раённай ветэрынарнай станцыяй будзе праведзены шэраг прафілактычных мерапрыемстваў.
ІВАНАВА
Песня года
Шматгадовае чалавечае і творчае сяброўства звязвае вядомага ў вобласці іванаўскага кампазітара Валянціна Перапёлкіна і вясковую паэтэсу Лізавету Саханчук. Іх цудоўныя песні ўразілі журы абласнога конкурсу, якое за лірычны твор “Над Няслухай журавы” прысудзіла таленавітым творцам Гран-пры Брэсцкага аддзялення Саюза кампазітараў Беларусі ў намінацыі “Мая малая Радзіма”.
ІВАЦЭВІЧЫ
Паглядзім на бяспеку
Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях абвясціў агляд-конкурс “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. Ён традыцыйна праходзіць сярод навучэнцаў агульнаадукацыйных і паза-школьных устаноў. Галоўная мэта – вывучэнне дзецьмі правілаў пажарнай бяспекі і прапаганда асноў бяспекі жыццядзейнасці. Вынікі будуць падведзены ў канцы лютага.
КАМЯНЕЦ
Падарунак для Ганны Сірацюк
Напярэдадні Каляд намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Шпак і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Марыя Кузьміцкая пабывалі ў пасёлку Белавежскі, дзе наведалі адну з лепшых спартсменак Еўропы па спартыўных танцах Ганну Сірацюк. Прадстаўнікі ўлады павіншавалі дзяўчыну са святам, пажадалі новых спартыўных дасягненняў і перадалі ў падарунак ад старшыні райвыканкама USB-мадэм.
КОБРЫН
Другая ў Еўропе
Паспяхова выступіла на чэмпіянаце Еўропы па хуткіх шахматах у Варшаве вучаніца САШ №8 г. Кобрына Анастасія Шчарбацэвіч. Ва ўзроставай групе да 8 гадоў наша зямлячка заняла другое месца. Яшчэ адной юнай прадстаўніцы Кобрыншчыны Яне Ільючык з САШ №7, якая выступала ва ўзроставай групе да 12 гадоў, узняцца на п’едэстал гонару не ўдалося – у ліку 42-х удзельніц спаборніцтваў яна заняла 12 месца.
ЛУНІНЕЦ
А дах не адрамантавалі
Кіраўнік аднаго з сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў Лунінеччыны падазраецца ў растраце дзяржаўных грошай. 70 мільёнаў рублёў з бюджэту гаспадарка пералічыла на рахунак індывідуальнага прадпрымальніка. Ён павінен быў зрабіць рамонт даху жывёлагадоўчага комплексу, але не выканаў сваіх абавязкаў. Між тым акт здачы-прыёму работ старшыня СВК падпісаў. Нанесеную шкоду падследчы пакрыў з уласнай кішэні.
ЛЯХАВІЧЫ
Навагоднія фантазіі
Традыцыйны агляд-конкурс на лепшае навагодняе афармленне адміністрацыйных будынкаў і ўстаноў завяршыўся. У гэты раз святочнымі фантазіямі вылучыліся СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, гасцініца КУШПП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” і УП “Ляхавіцкая ПМК-17”, якія адзначаны дыпломамі і падарункамі за 1-е, 2-е і 3-е месцы адпаведна. Шэраг удзельнікаў конкурсу атрымалі падзячныя пісьмы за актыўны ўдзел.
МАЛАРЫТА
На прыём да міністра
У сераду, 12 студзеня, міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіль Жарко правёў у Маларыце прыём грамадзян па асабістых пытаннях. На сустрэчу з міністрам у райвыканкам прыйшлі восем чалавек. Пытанні, з якімі да Васіля Жарко звярнуліся не толькі маларытчане, але і грамадзяне з іншых рэгіёнаў краіны, тычыліся пераразмеркавання на іншыя месцы працы, узнаўлення работы акушэрскіх ложкаў у ЦРБ, тэрапеўтычных – у Велікарыцкай бальніцы сястрынскага догляду. Большасць пытанняў былі вырашаны станоўча падчас прыёму.
ПІНСК
Новы генеральны
Генеральны дырэктар ЗАТ “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў” Ларан Арыніч вызвалены ад займаемай пасады. Новым кіраўніком прадпрыемства з 10 студзеня стаў Аляксандр Суднік, які мае намер захаваць стабільную работу кампаніі. Рашэнне аб гэтым назначэнні прыняло кіраўніцтва канцэрна “Беллеспаперапрам”, які ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі ад 3 студзеня 2011 года №2 кіруе пінскай кампаніяй.
ПІНСКІ РАЁН
Выратаваў сусед
Пажар у вёсцы Сошна ледзь не каштаваў жыцця сямімесячнай дзяўчынцы. Малую разам з братамі 2007 і 2009 гадоў нараджэння пакінула дома маці, якой трэба было зайсці да свекрыві, што жыве побач. Вяртаючыся, жанчына ўбачыла дым і хлопчыкаў, якія змаглі выйсці на вуліцу самастойна. Дачку выратаваў сусед Мікалай Малышыцкі, а выкліканыя пажарныя за 11 хвілін ліквідавалі пажар.
ПРУЖАНЫ
Серабро васьмігадовай Насці
Выхаванкі трэнера Вольгі Уважанай прынялі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах па фігурным катанні “Nestle Nesquik Cup”. У польскім горадзе Торунь пяць фігурыстак з Пружан спаборнічалі з юнымі спартсменкамі з Германіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Казахстана, Кыргызстана і краін Балтыі. Асабліва ўдала выступіла наша васьмігадовая Анастасія Белавус, якая заняла другое месца ў бронзавым класе.
СТОЛІН
Калядны футбол
Нават у навагоднія святы на Століншчыне не забываюцца пра здаровы лад жыцця. Вось і заўтра гарадскі фізкультурна-аздараўленчы цэнтр прыме Калядны Міжнародны турнір па міні-футболе. Матчы адбудуцца паміж камандамі з Дубровіцы (Украіна), Іванава, Лунінца і Століна.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.