Беларусь

Энергія дабрыні


Галоўны паказчык прадукцыі
кобрынскіх хлебапёкаў – якасць
Аляксандр Хамук – чалавек шчыры, светлы. Энергія дабрыні і павагі, здаецца, пульсуе з яго блакітных вачэй. Спахмурнеў толькі, калі запыталіся, адкуль ён родам:
– Тутэйшы… Але вы не здагадаецеся, адкуль. Месца майго нараджэння – вёска Арол. Толькі яе ўжо няма ні на карце, ні ў даведніках. Хіба што ў людской памяці засталася. Спалілі яе фашысты ў ліхім 1943 годзе… Разам з людзьмі… У жывых засталася толькі мая дваюрадная сястрычка (на той час немаўля) Марыя Хамук. Маці сваім целам прыкрыла дзяўчынку, як вырваліся з ахопленага полымем хлява пад свінцовыя кулі. Усіх закатавалі фашысты. Марыйцы пашчасціла. Круглую сірату прытулілі добрыя людзі, паставілі на ногі, вывелі ў жыццё. Падросшы, сама даглядала немаўлят. З пасады загадчыцы дзіцячага садка выйшла на пенсію. Зараз жыве ў Кобрыне…
– Чаго ж яны так – і з вёскай, і з людзьмі? – пытаемся, падабраўшы зручны момант.
– Фашысты… Нехта данёс, што жыхары Арла дапамагаюць партызанам хлебам. Вось і прыйшла вяскоўцам пагібель, – тлумачыць наш субяседнік.
Некаторы час мы засяроджана маўчым. Узяў за жывое гэты нечаканы аповяд дырэктара Кобрынскага хлебазавода.
– Мо, таму Вы і падаліся ў хлебапёкі? – парушаем пытаннем цішыню.
– Не. Заканчваў радыётэхнічны інстытут. Быў на камсамольскай, партыйнай рабоце. Сюды запрасіў былы дырэктар Мікалай Канстанцінавіч Напрэеў. Разам з ім адбудоўвалі прадпрыемства…
Крыху пазней з вуснаў Аляксандра Паўлавіча мы дазналіся аб сённяшніх здабытках і праблемах, перспектыўных планах кобрынскіх хлебапёкаў.
Прадпрыемства –на добрым рахунку. Большасць з 60-ці найменняў вырабаў трапляе ў гандлёвыя кропкі не толькі Кобрына, але і прылягаючых раёнаў, абласнога цэнтра і карыстаецца попытам у насельніцтва. Часта гэта спрацоўвае і ў адваротным кірунку. Канкурэнты-прыватнікі не даюць дазволу на пастаўкі хлебабулачных вырабаў у свае гандлёвыя кропкі. Безумоўна, гэта нездаровая канкурэнцыя. Пры такім падыходзе аб высокай якасці вырабаў трэба забыцца, лічыць дырэктар хлебазавода.
А ў кабрынчан акурат гэты паказчык – асноўны. Таму вырабы і запатрабаваны насельніцтвам. Ужо зараз з імі можна выходзіць на еўрапейскія рынкі, што спадабаецца далёка не ўсім. І тут спрацоўвае прынцып: лепш кій у кола, чым падвучыцца, наблізіцца да ўзнятай кобрынскімі хлебапёкамі планкі ў пытаннях якасці.
Праўда, пакуль патугі гэтыя марныя. Праведзеная мадэрнізацыя, узятыя за аснову якасныя паказчыкі дазваляюць паспяхова спраўляцца з даведзенымі планавымі заданнямі, хаця прадпрыемства працуе толькі на трэць сваіх магчымасцей.
Больш таго, кабрынчане першымі ў рэспубліцы ў сістэме дэпартамента хлебапрадуктаў асвоілі дапаможную вытворчасць – саманаклейваемыя этыкеткі для ўпакоўкі прадукцыі. Гэта дае пэўны прыбытак, бо этыкеткі скарыстоўваюць усе прадпрыемствы “Брэстхлебпрама”. Цэх дапаможнай вытворчасці працуе ў дзве змены, а ў бліжэйшай перспектыве – пераход на трохзменку.
І яшчэ. За кошт уласных сродкаў тут нядаўна набылі італьянскую лінію для вытворчасці сэндвічных пернікаў. Выраблена пробная партыя прадукцыі.
Такія клопаты – і пра сябе, і пра пакупнікоў у першую чаргу. Дарэчы, на прадпрыемстве звыклі падладжвацца пад патрэбы людзей.
– Пакупнік цяпер звышпатрабавальны, – не без  падстаў лічыць Аляксандр Хамук. – Многіх людзей нават у самых аддаленых вёсках задавальняе толькі гарачы хлеб. Пайшлі насустрач і гэтай катэгорыі грамадзян. Заахвоцілі для дастаўкі сваёй прадукцыі на ўзаемавыгадных дамоўленасцях прадпрымальнікаў. Людзі задаволены. А гэта, на мой погляд, галоўнае.
Клапоцяцца на прадпрыемстве і пра сваіх работнікаў. Добрыя ўмовы працы і адпачынку, узаемапавага, дбайныя адносіны да пенсіянераў – усё гэта на карысць, дае свой плён.
Калектыў пастаянна абнаўляецца маладымі кадрамі. Разам з гэтым сфарміраваны касцяк з тых, хто прысвяціў заводу не адзін год. У сяброўскай атмасферы інстытута настаўніцтва нараджаюцца новыя ідэі стварэння мучных пачастункаў. Нездарма прадукцыя кобрынскіх хлебапёкаў неаднойчы станавілася прызёрам і пераможцай прэстыжных у краіне конкурсаў якасці. Адным з самых вядомых і тытулаваных з’яўляецца торт “Магія раніцы”, які атрымаў дыплом пераможцы на рэспубліканскім конкурсе-спаборніцтве “Густ-2010”. А ў мінулым годзе, напрыклад, пернікі “Праметэй” перамаглі ў конкурсе “Лепшыя тавары Беларусі”.
– Не толькі торты, але і іншыя віды прадукцыі заваявалі давер пакупнікоў і высокую ацэнку кампетэнтнага журы, – расказвае Надзея Качановіч, начальнік вытворча-тэхнічнай лабараторыі. – Аб гэтым яскрава сведчаць шматлікія граматы, дыпломы, медалі і кубкі. Натуральная сыравіна і мінімальная колькасць дабавак робяць нашу прадукцыю канкурэнтаздольнай. Аднак усё ж такі прыходзіцца ўвесь час удасканальваць тэхналагічны працэс.
Ад таго, наколькі задзейнічаны магчымасці завода, залежыць разнастайнасць хлебабулачных ласункаў на стале ў кабрынчан. Патэнцыял прадпрыемства цалкам не раскрыты, але пакуль у гэтым няма патрэбы. Сваіх прыхільнікаў маюць “Семечкавы” і “Сувораўскі” хлеб, батоны, а таксама дробнаштучныя вырабы. Дарэчы, найбольш запатрабаваны ў рэгіёне – “кірпічык”. Менавіта фармавы хлеб тут называюць кармільцам, бо яго вытворчасць мае найвышэйшыя аб’ёмы.
К
обрынскі хлебазавод з’яўляецца самым маладым хлебапякарным прадпрыемствам у вобласці і паспяхова захоўвае свой энергічны запал. Для таго, каб было ўтульна і камфортна працаваць работнікам, тут рэгулярна праводзяцца рамонты і пераабсталяванне. Ёсць свая будаўнічая брыгада. Магчыма, таму на заводзе часта сустрэнеш гасцей, якія прыязджаюць пераймаць вопыт.
– Робім стаўку на мадэрнізацыю вытворчасці, –
падзяліўся планамі галоўны інжынер Васіль Грыцук. –
Літаральна на днях на заводзе былі італьянскія спецыялісты, якія дапамагалі з устаноўкай новай лініі. Цяпер даводзім яе да ладу. На гэтым абсталяванні будзе вырабляцца печыва па італьянскай тэхналогіі. Аналагаў такой прадукцыі ў краіне няма.
Нам пашчасціла ў ліку першых паспрабаваць пробную партыю італьянска-кобрынскай навінкі. Варта адзначыць, што, сапраўды, новы смак бярэ ў палон адразу. У бліжэйшай будучыні завод атрымае сертыфікат на вытворчасць і ноу-хау трапіць у продаж.
Работнікі прадпрыемства дбаюць не толькі пра смакавую разнастайнасць прадукцыі, але і пра здароўе пакупнікоў. На заводзе вырабляюць хлеб лячэбна-прафілактычнага прызначэння з ёдаўтрымліваючымі дабаўкамі, дыетычны і дыябетычны хлеб. Для таго, каб удасканальваць якасць і карысць прадукцыі, на прадпрыемстве дзейнічае сістэма менеджменту якасці СТБ ІСО 9001, да канца года запланавана ўвесці сістэму HACCP, якая дазваляе падтрымліваць высокую бяспеку харчовых прадуктаў.
Каб працаваць было весялей і зручней, наладжана культурна-масавая і спартыўная работа. Слесар Вадзім Макарук – ініцыятар правядзення спартыўных мерапрыемстваў. Валейбольная каманда прадпрыемства з’яўляецца лепшай у горадзе і раёне. Камандны дух падпітваюць таксама сямейныя дынастыі. Шмат гадоў поруч на заводзе працуюць Галіна і Андрэй Палуніны –
майстар кандытарскага ўчастка і вядучы механік. Сярод старажылаў прадпрыемства – цестамес Алёна Кароль, якая 17 гадоў аддала самай цікавай і любімай, на яе погляд, справе.
Без духмянага хлеба, апетытнага пірага і салодкага мучнога дэсерту нельга ўявіць наша жыццё. Аб тым, каб кобрынскія спажыўцы атрымлівалі самы свежы і смачны хлеб, дбаюць 230 работнікаў завода. Кожны з іх укладвае часцінку душы ў гэты працэс. Можа, таму хлеб кобрынскага завода на магазінных паліцах не затрымліваецца? Пакуль пакупнікі аддаюць перавагу праверанай гадамі прадукцыі, хлебапёкі не стамляюцца здзіўляць новай рэцэптурай і асартыментам.
Уладзімір СІТУХА, “НТ”,
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
г. Кобрын.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля