Беларусь

Прамы кантакт


У СЕРАДУ СТАРШЫНЯ АБЛВЫКАНКАМА КАНСТАНЦІН СУМАР
ЗА 2 ГАДЗІНЫ НА “ПРАМОЙ ЛІНІІ” ПРЫНЯЎ 39 ТЭЛЕФОННЫХ
ЗВАНКОЎ АД ЖЫХАРОЎ БРЭСТЧЫНЫ
Характар дыялога грамадзян з губернатарам змяняецца. І змены гэтыя – да лепшага. Калі параўнаць апошнюю “прамую лінію” з Канстанцінам Сумарам з папярэднімі, дык нельга не заўважыць, што зменшылася інтэнсіўнасць тэлефонных званкоў. З шэрагу раёнаў іх не было ўвогуле, а 39 пазваніўшых змаглі няспешна пагутарыць са старшынёй аблвыканкама. І асабліва вострых пытанняў не было. Губернатар так пракаменціраваў адзначанае журналістамі: “Мы працуем не ад “прамой лініі” да “прамой лініі”, а штодзённа і стараемся на месцах здымаць праблемы. Самае галоўнае, каб улада вырашала іх у комплексе, а рашэнні задавальнялі большасць грамадзян”.
Губернатар дакладна акрэсліў пазіцыю ў адносінах да чыноўнікаў: “Калі ты жывеш побач з людзьмі, які б ты ні быў начальнік, абавязаны ўспрымаць праблему чалавека, як сваю асабістую, тады будзе менш скаргаў, крыўд у нашага насельніцтва”. І паабяцаў, што любую адказную асобу будуць папраўляць, прымушаючы быць кампетэнтным прадстаўніком улады на месцах. Відавочна, што ў сельсавеце, горадзе, раёне можна вырашыць любое пытанне. Вось такога падыходу да справы Канстанцін Сумар і чакае ад чыноўнікаў.
Прынамсі, званкі на “прамую лінію” ўсе без выключэння былі, як кажуць, жыццёвымі. У Жабінцы зацягнулі з рамонтам даху да восеньскіх дажджоў. У Брэсце ў шэрагу мікрараёнаў людзей “замучылі” транспартныя пытанні: то рэйс гарадскога аўтобуса адмянілі, не падумаўшы, што людзям раніцай трэба своечасова на работу трапіць, то без перасадак у паліклініку не даедзеш,  то зялёную зону ў паркоўку для асабістага транспарту ператварылі. Жыхары вёскі Белавуша са Століншчыны спадзяюцца на рамонт аддаленых ад цэнтра вуліц. Пенсіянеры з горада Высокае Камянецкага раёна папрасілі аднавіць работу зубапратэзнага кабінета і пабудаваць адну-дзве кватэры для маладых спецыялістаў-медыкаў, каб затрымаць іх пасля адпрацоўкі…
Высветлілася, што на першае месца ў тэлефанаваннях выйшлі транспартныя праблемы. На наступным тыдні іх уважліва разгледзяць на спецыяльнай нарадзе ў старшыні аблвыканкама. Другая актуальная праблема –
рамонт жылля. Прагучалі прэтэнзіі па якасці рамонту, своечасовасці ўводу новабудоўляў, скаргі на нежаданне будаўнікоў выпраўляць свае ж агрэхі. На трэцім месцы – пытанні па рабоце жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Сферы, па якіх былі яшчэ пытанні, – медыцынскае абслугоўванне, пенсійнае забеспячэнне, гандаль, газавая гаспадарка, добраўпарадкаванне.
Традыцыйна на “прамой лініі” прысутнічалі кіраўнікі абласных упраўленняў і ведамстваў. Яны атрымалі шэраг даручэнняў губернатара, які кожны зварот узяў пад асабісты кантроль.
Яшчэ адметнасцю дыялога з людзьмі стала тое, што многія патэлефанаваўшыя ўносілі прапановы – што, дзе і як выправіць можна. “Парады людзей дарагога каштуюць, – заўважыў кіраўнік вобласці. – Добра, што нашы грамадзяне думаюць і прапаноўваюць. Гэта значыць, што яны не-абыякавыя да свайго горада, раёна, да тых праблем, якія трэба вырашаць”.
Прыкра, што людзі заўважаюць, як гультаявата працуюць некаторыя службы на аб’ектах добраўпарадкавання; калі атрымліваюць адпіскі ці пустыя абяцанні на свае звароты на месцах; калі чакаюць гадамі вырашэння жыццёвых пытанняў. Кожны факт бюракратызму будзе правераны скрупулёзна, а законныя патрабаванні грамадзян задаволяць у максімальна кароткія тэрміны.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля