Беларусь

З памяццю аб мінулым – у будучыню


Вёска Крошын Баранавіцкага раёна – радзіма Паўлюка
Багрыма – месца, дзе мінулае і сучаснае поплеч у поўнай гармоніі, а вучні Крошынскай школы – часцінка гэтага жыцця
Крошын –  вёска асаблівая. Навакольныя краявіды, людзі… Калі ўязджаеш у Крошын, здаецца, фізічна адчуваеш, што трапіў у нейкую засяроджаную сферу.
Галіна Скрыбук – дырэктар Крошынскай сярэдняй школы. Яна і была маім правадніком. Пакуль мы ішлі па вясковай вуліцы да школьнага будынка, Галіна Сяргееўна расказвала пра сваё жыццё. У 1973 годзе, пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута, яна працавала ў Молчадзі, у пасёлку Мір намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. З 1985 года – дырэктарам у Крошыне. Падрасла ўжо і яе ўласная дачка, якая зараз таксама настаўнічае тут.
А вось і школьны будынак. Вакол яго – шмат клумб з кветкамі і дрэў. Увогуле, адразу бачыш, што гэтае месца рупліва і старанна даглядаюць. Толькі вось на дарогі дырэктар  скардзіцца: асфальт месцамі няроўны і ўжо даўно патрабуе замены. Я звяртаю ўвагу на высокія елкі каля школьнага будынка, і Галіна Сяргееўна расказвае, што іх садзіў яшчэ яе бацька шмат гадоў таму. І ўжо потым зверне маю ўвагу на карціны ў школе, якія маляваў таксама яе родзіч.
Крошынская СШ не падобна да гарадскіх, але гэта не недахоп, а хутчэй наадварот. Я мала бачыла сельскіх школ, але, мне здаецца, яна не падобна і да іх. Мабыць, гэта заўсёды так: калі ты знаходзішся ў месцы, якое табе падабаецца, здаецца, што нічога такога ты яшчэ не бачыла.
Праз некалькі хвілін пачаўся перапынак – школа ператварылася з ціхага і ў нечым нават таямнічага месца ў жывую і шумлівую плынь дзяцей. Усе да адзінага вітаюцца з намі: “Добры дзень!” І адразу прыходзіць адчуванне, што ты тут свой. Таму праз пэўны час пачынаем разумець, чаму і чым ганарацца ў гэтай навучальнай установе.
Найперш, ганарацца Паўлюком Багрымам. У 1993 годзе ў Крошыне праходзіла рэспубліканскае свята паэзіі. Слынныя творцы з усёй рэспублікі прыехалі ў вёску. Былі ўскладанне кветак да помніка Багрыму, урокі, прысвечаныя яго творчасці, выстава творчых работ, створаных у гонар паэта. Некаторыя з іх знайшлі сваё месца ў школьным музеі, які таксама носіць імя Паўлюка Багрыма. Музей – яшчэ адна гордасць школы і вёскі. Сярод яго наведвальнікаў, акрамя вучняў і студэнтаў, былі і знакамітыя людзі: Уладзімір Калеснік, Васіль Вітка і іншыя. Кіраўнік музея – Лілія Голас – вядзе пошукавую і краязнаўчую работу, да якой вялікі інтарэс маюць крошынскія школьнікі. Музей яскрава адлюстроўвае адносіны крошынцаў да сваёй малой радзімы. Ён хоць і невялікі, але зроблены з вялікай любоўю.
Мы падымаемся на другі паверх, і Галіна Сяргееўна паказвае мне стэнд “Лёсы, аддадзеныя школе”. На ім настаўнікі ўшанавалі памяць сваіх калег, якія доўгі час працавалі тут. Некаторыя з іх пакінулі ўжо наш свет. Галіна Сяргееўна кажа, што так імкнуцца выхоўваць сваіх вучняў: у павазе да старэйшых і каб дзеці не забываліся на гісторыю свайго краю, на людзей, якія гісторыю тую стваралі.
Цяжка сказаць, ці павага да мінулага, ці нешта іншае збліжае людзей гэтай вёскі. Але ж той жа настрой і ў моладзі. Вучаніцы 9 класа Іра Еўсявіцкая, Алеся Аліева і Ганна Падвойская – з ліку тых, кім ганарыцца Крошынская сярэдняя школа. Размаўляючы з дзяўчынкамі, адчуваю, што яны сапраўды любяць сваю вёску і школу. І гэтая любоў не паказная. Ганна з гонарам расказвае, што і ў раённым цэнтры кажуць: такіх выхаваных дзяўчат, як з Крошына, не знойдзеш нават у саміх Баранавічах. Алеся хоць і не нарадзілася ў гэтай вёсцы, а пераехала сюды, заўважае, што менавіта тут ёй прыемна знаходзіцца, што гэтае месца вылучаецца сваёй добрай энергетыкай. Іра актыўна ўдзельнічае ў розных міжшкольных мерапрыемствах, цікавіцца гісторыяй Крошына. Яна прымала ўдзел у конкурсах “Мой род, мая сям’я”, “Знакамітыя людзі нашай вёскі” і іншых.
На пытанне, чаго ім не хапае, дзяўчынкі задумаліся і потым разам адказалі, што ім для шчасця ўсяго хапае. Школа ім падабаецца, у вёсцы ёсць клуб, у якім часта праходзяць дыскатэкі і розныя цікавыя мерапрыемствы, ёсць чыгуначная станцыя, ад якой можна за 15 хвілін даехаць да Баранавіч і за 2 гадзіны да Мінска. І галоўнае –
добразычлівыя землякі. У вёсцы ёсць нават вуліца з назвай “Добрая”. Яшчэ дзяўчаты засяроджваюць увагу на тым, што нават іх сябры з іншых вёсак прыязджаюць у Крошын, каб адпачыць. Ды і ўвогуле, моладзі тут шмат. Як кажуць школьніцы, ім ніколі не сорамна дзесьці ўзгадаць, што яны жывуць у Крошыне. У вёсцы, дзе аддаюць даніну традыцыям і дбаюць пра будучыню, паважаючы памяць славутых продкаў і ўскладаючы надзеі на новае пакаленне.
Марыя ВЯЧОРКА,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ,
Баранавіцкі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля