Спакуса “Імператрыцы”
Таленавітыя хлебапёкі з Лунінца запусцілі новую лінію па вытворчасці тортаў і сталі лаўрэатамі конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”
Пасля падвядзення вынікаў конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь-2010” стала абсалютна ясна: найсмачнейшыя пернікі выпякаюць менавіта тут, у самым сэрцы маляўнічага Палесся – на Лунінеччыне. На працягу дзясяткаў гадоў мясцовы хлебазавод, адзін з васьмі філіялаў РУВП “Брэстхлебпрам”, корміць жыхароў райцэнтра смачнымі пухкімі боханамі, салодкімі кексамі, пірожнымі, печывам, цукеркамі, казінакамі. Нават занадта капрызныя пакупнікі, якія строга сочаць за фігурай і не дазваляюць сабе лішняга, не могуць утрымацца, каб хоць аднойчы не пакаштаваць фірмавыя вырабы лунінецкіх хлебапёкаў. Мядова-шакаладныя пернікі, лаўрэаты згаданага конкурсу, сталі для гурманаў надзвычай моцнай спакусай. Яны цудоўна падыходзяць і да святочнага стала, і да звычайнага чаявання.
Не толькі тытулаваныя прысмакі нараджаюцца ў цэхах. На прадпрыемстве працуюць лініі па вытворчасці жытняга, пшанічнага хлеба, булачных вырабаў. Тут усё прадумана да дробязей, а абсталяванне падабрана такім чынам, каб стварыць тэхналагічны ланцужок. Дзякуючы ўкараненню новай тэхнікі ў 2007-м, хлебапёкам пакарылася яшчэ адна вяршыня – вытворчасць подавых хлябоў. Станоўчыя перамены на заводзе былі прадыктаваны доўгачаканым пераходам на блакітнае паліва. Ды й нядаўна прыдбаная печ дазволіла выпякаць да 3,5 тоны хлеба ў суткі. Увішныя працаўнікі, нібы ў танцы, кружацца ад мяшалкі да гарачых формаў, бо якасць мучной прадукцыі непарыўна звязана з хуткасцю і спрытнасцю.
Летась тут паспрабавалі асвоіць выпуск мяккіх крэмавых кандытарскіх вырабаў. Лунінчане ахнулі, калі на прылаўках магазінаў з’явіліся апетытныя торцікі з інтрыгуючымі назвамі “Імператрыца”, “Чорны аксаміт”, “Карамельны капрыз”. Яны спадабаліся літаральна з першай спробы і адразу склалі канкурэнцыю аналагічным прадуктам, якія дастаўляюць у райцэнтр з суседняга Пінска.
Дарэчы, крэатыўнасці лунінецкіх хлебапёкаў у плане складання назваў для сваёй прадукцыі, сапраўды, можна пазайздросціць. І нават цяжка вызначыць, што больш уплывае на выбар пакупнікоў: незабыўны смак вырабаў ці арыгінальнае імя. Ну, а самыя папулярныя ў гэтым смачным хіт-парадзе – пернікі “Папялушка”, аўсянае печыва “Авацыя”, пірожаныя “Міла” і “Студэнцкае”, фармавы хлеб “Малышок”. Увогуле, асартымент тавараў налічвае 124 найменні, але і гэтая лічба пастаянна карэкціруецца з асваеннем новых відаў хлебабулачных вырабаў.
Выпякаюць хлеб пераважна ў цёмны час сутак, а раніцай з першымі галасамі пеўняў духмяныя цёпленькія боханы ў суправаджэнні экспедытараў адпраўляюцца ў шматлікія гандлёвыя кропкі, дзе займаюць законнае месца на прылаўках. Вырабы ад працавітых палешукоў карыстаюцца попытам і ў абласным цэнтры, і нават у сталіцы нашай краіны. А ўсё таму, што печ спраўна дыхае гарачынёй, а лунінецкія хлебапёкі прынаравіліся падхопліваць свежанькія булкі літаральна на ляту.
Ды горача бывае не толькі ў цэхах падчас вытворчасці. Падобнае паняцце можна смела ўжываць для дакладнага апісання тых блізкіх, амаль сваяцкіх адносін, што склаліся паміж працаўнікамі Лунінецкага хлебазавода. Ужо колькі гадоў запар хлебнай гаспадаркай кіруе мудры, справядлівы Канстанцін Аліфяровіч, які мэтанакіравана крочыў па кар’ернай лесвіцы ад галоўнага інжынера завода да дырэктарскага крэсла. Кожнага са сваіх падапечных дырэктар ведае асабіста, ды не толькі таму, што ў маленькім горадзе ўсё як на далоні. Канстанцін Міхайлавіч добра разумее: ён нясе адказнасць за даверанае яму прадпрыемства і за людзей, лёсы якіх часта залежаць ад яго правільнага рашэння. Зараз вялікая дружная сям’я налічвае 150 чалавек.
Завадчанам не трэба расказваць, што лёгкі хлеб бывае толькі ў казках. Справа, якой яны сябе прысвяцілі, цалкам пацвярджае народную мудрасць. Ды цудоўны мікраклімат у калектыве, добразычлівасць, камфортныя ўмовы працы з’яўляюцца своеасаблівай палёгкай для старанных хлебапёкаў. Непаўторная творчая атмасфера, якая ўладарыць на прадпрыемстве, станоўча ўплывае на рабочы працэс і ўмацоўвае цесныя сяброўскія сувязі паміж калегамі-землякамі. У вытворчай лабараторыі няма месца для сварак і скандалаў, бо Людміла Бяляк і Наталля Трухановіч, што завіхаюцца ля колбачак і прабірак, ведаюць: агульнай справе гэта не дапаможа. Таму максімальна канцэнтруюць увагу на сваіх абавязках. Пад пільным вокам начальніцы лабараторыі Таццяны Біктагіравай жанчыны ажыццяўляюць уваходны кантроль сыравіны, робяць фізіка-хімічны аналіз ужо гатовай прадукцыі.
– Для нас кожная дробязь мае значэнне: і знешні выгляд вырабаў, і іх пах, – расказвае Таццяна Георгіеўна. – Уся сыравіна звычайна добрая, таму праблем істотных няма. Удасканальваем рэцэптуру і вядзём належную дакументацыю таксама тут.
Адзін з важных кірункаў дзейнасці любога прадпрыемства – гэта ахова працы. Асаблівую вастрыню пытанне набыло цяпер, калі няправільны ўчынак ці рух можа мець трагічныя вынікі. Ды лунінчане не хвалююцца: з інжынерам па ахове працы Людмілай Галоўніч яны могуць быць цалкам спакойнымі. Людміле Іванаўне, па словах калег, няма роўных у аб’яднанні. Яна то ўсмешкай падбадзёрыць, то ў імгненне арганізуе семінары ці заняткі па тэхніцы бяспекі для ўсяго калектыву. І той факт, што на заводзе абыходзіцца без траўматызму, жанчына лічыць сваім найвялікшым дасягненнем.
А вось Таццяну Калюціч, старшага майстра цэха хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, завадчане паважаюць за нястомныя залатыя рукі. За што ні возьмецца лунінчанка, усё атрымліваецца выдатна, і няма такой справы, якая была б ёй не па сілах.
Яшчэ адзін від прадукцыі, які многімі хлебапёкамі лічыцца надзвычай капрызным, вырабляюць на ўчастку па вытворчасці цукрыстых кандытарскіх вырабаў. Гэта казінакі. Іх шчымліва-салодкі водар малюе ва ўяўленні карціны з дзяцінства, калі менавіта яны лічыліся эксклюзівам.
– Казінакі – своеасаблівы прадукт, – прызнаецца Канстанцін Аліфяровіч, – таму наладзіць іх вытворчасць на належным узроўні не так і проста. Павінна быць магутная кацельня і ўважлівыя майстры, бо такую смакату вельмі лёгка перапячы…
Раўнавагай паміж працай і адпачынкам вымяраецца поспех таленавітых лунінецкіх хлебапёкаў. І калі першаму прысвечаны амаль увесь рабочы час, дык для другога знаходзіцца хвілінка пасля таго, як уніформа знята, а рукі ўжо чыстыя ад мукі і салодкай памадкі. Для баўлення вольнага часу на прадпрыемстве ёсць трэнажорны зал і більярдная, якія наведваюць пераважна прадстаўнікі моцнай паловы хлебазавода. Ну, а жанчыны звычайна насалоджваюцца бестурботнай гутаркай ва ўтульным пакоі для прыёму ежы.
Хлеб, створаны працавітымі рукамі, яшчэ доўга захоўвае цяпло гэтых самых рук. Неверагодны водар свежай прадукцыі пранізвае наскрозь і не адпускае са свайго духмянага палону. Жыве светлая справа лунінецкіх хлебапёкаў, пакуль паліцца печ і выспяваюць закваскі, а чароўная салодкая спакуса застаецца назаўжды – дастаткова толькі глянуць на сакавітыя пернікі, круасаны, торцікі…
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Лунінец.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.