Беларусь

Лыжня выбрала мацнейшых


У мінулую суботу ў пасёлку Мір Баранавіцкага раёна прайшла абласная зімовая спартакіяда «Брэсцкая лыжня-2011»
Выдатнае надвор’е з лёгкім марозікам спрыяла спартсменам. Усяго сабралася больш чым 300 лыжнікаў, якія перамаглі ў адборачных спаборніцтвах у сваіх рэгіёнах. Старты праходзілі ў прыгожых мясцінах – сярод сосен і бяроз на лыжаролернай трасе. Арганізатары стварылі для ўдзельнікаў сапраўднае свята. Іграла музыка, выступалі фальклорныя калектывы, працавалі гандлёвыя пункты, людзей кармілі  з армейскай палявой кухні смачнай кашай і паілі гарачым чаем.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел эстафетныя каманды гаррайвыканкамаў і аблвыканкама, сямейныя каманды гарадоў і раёнаў, аграгарадкоў. Вызначыліся мацнейшыя лыжнікі сярод мужчын і жанчын у індывідуальных гонках.
На лыжні ішла ўпартая барацьба за перамогу. Многія ўдзельнікі спаборніцтваў так выкладваліся, што на фінішы літаральна падалі без сіл. Рознай была і падрыхтоўка лыжнікаў: нехта змагаўся за прызавыя месцы, а для іншых проста прайсці дыстанцыю  ўжо было перамогай. Асабліва гэта адчувалася ў сямейнай эстафеце, на першым этапе якой стартавалі мамы. А старэйшым удзельнікам спартакіяды стаў 66-гадовы Валерый Бабонаў, які стартаваў у масавым мужчынскім забегу і заняў 11-е месца на дыстанцыі 4 кіламетры.
Пасля падвядзення вынікаў пераможцам уручылі кубкі, граматы і прызы ад аблвыканкама і прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Брэсцкай вобласці. Самай спартыўнай сям’ёй сталі Наталля, Мікалай і Яўген Куцко з Івацэвіцкага раёна. Другое месца – Вячаслаў Богуш, Ксенія Маціевіч і Наталля Альхіцік – дзед, унучка і мама з Баранавіцкага раёна. «Бронзу» атрымалі Дзяніс, Марына і Эдуард Пакумейкі з Ганцавіцкага раёна. У намінацыі «Аграгарадкі» вызначыліся гаспадары лыжаролернай трасы з пасёлка Мір, якія занялі першае месца. Ёсць дзе ім трэніравацца! Мясцовыя школьнікі Ганна Семаковіч і Яўген Шалік перамаглі ў індывідуальных гонках.
Сярод каманд вертыкалі першае месца заваявала эстафетная чацвёрка аблвыканкама на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Аляксандрам Касцюковічам, другое – ганцаўчане, а трэцяе – ляхавіччане. Губернатар Канстанцін Сумар выступіў у якасці «гуляючага трэнера», ён прабег чатыры кругавыя дыстанцыі.
Закончылася «Брэсцкая лыжня-2011» святочным феерверкам.
Юрый МАКАРЧУК, «НТ»,
Баранавіцкі раён.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля