Беларусь

Служба ў новым фармаце


Учора беларуская міліцыя адзначыла прафесіянальнае свята. На Брэстчыне яго сустрэлі святочнымі сходамі, заахвочваннем лепшых супрацоўнікаў, а ў абласным цэнтры прайшло ўрачыстае шэсце міліцыянераў па цэнтральных вуліцах горада. Пра дасягненні і недахопы ў рабоце, творчы пошук і будучыя перамены, службу і адпачынак чытачам “НТ” расказаў начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Уладзімір СЫЧЭЎСКІ.
– Уладзімір Васільевіч, нефармальна 2011 год аб’яўлены для міліцыі Брэстчыны годам прафесіянальнай падрыхтоўкі. Чым выклікана такое рашэнне?
– Штогод праводзіцца маніторынг адносін насельніцтва да работы міліцыі, у якім грамадзяне даюць ацэнку нашай рабоце. Людзі ацэньваюць яе па розных аспектах: аператыўнасці рэагавання, уважлівых адносінах да зваротаў грамадзян, уменню вырашыць канфліктныя сітуацыі, эфектыўнай барацьбе з крымінагенным кантынгентам. Па выніках мінулага года ацэнка неблагая, аднак разам з тым берасцейцы акрэслілі шэраг праблемных пытанняў. Адсюль – і такая нефармальная задача, якую стаўлю перад усімі супрацоўнікамі ведамства. Заўважу толькі, што павышаць прафпадрыхтоўку трэба не таму, што міліцыя стала горш працаваць, а таму, што час патрабуе ад нас новых ведаў і падыходаў. Людзі сталі больш патрабавальнымі да працы міліцыянераў. Мне як кіраўніку брэсцкай міліцыі вельмі імпануе актыўнасць брастаўчан і іх неабыякавасць да па-дзей, што адбываюцца навокал.
Значна павысіўся ўзровень прававой граматнасці насельніцтва. Да гэтага, вядома, маем дачыненне і мы. Сумесна з органамі дзяржаўнай улады праводзім прафілактычную і асветніцкую работу. Дарэчы, сваю эфектыўнасць маюць сустрэчы з насельніцтвам у рамках адзіных дзён інфармавання.
Адной з галоўных праблем, і не толькі міліцыі, з’яўляецца стэрэатыпны падыход да працы. Вобразна кажучы, не ўсё, што прымянялася на практыцы ўчора, можа быць актуальным сёння, а тым больш – заўтра. Гэты год пройдзе пад знакам работы над памылкамі і ў пошуку новых ідэй.
– Нягледзячы на недахопы ў працы, брэсцкай міліцыі ёсць чым пахваліцца. Якія ж самыя галоўныя дасягненні?
– Вельмі прыемна адзначыць, што на працягу апошніх 5 гадоў утрымліваецца стабільная дынаміка зніжэння колькасці зарэгістраваных злачынстваў. Палепшылася сітуацыя на дарогах. Немалаважную ролю ў гэтым адыграла і праграма “Мінус сто”, якая, хоць і выклікала шмат спрэчак сярод грамадзян, аднак пацвердзіла сваю эфектыўнасць. Нагадаю, што Брэст з’яўляецца лідарам у краіне па колькасці аўтамабіляў. Радуе зніжэнне падлеткавай злачыннасці. Я не маю ілюзій, што цяпер можна спачываць на лаўрах і не працаваць у гэтых кірунках. Ведаю: варта толькі даць слабіну на нейкі час – і ўсе дасягненні будуць страчаны.
У многім значных зрухаў удалося дасягнуць дзякуючы прафілактыцы і рабоце са сродкамі масавай інфармацыі. Не лішнім будзе нагадваць грама-дзянам аб мерах бяспекі, тым самым папярэджваючы крадзяжы, выпадкі махлярства. У рабоце з насельніцтвам вельмі дапамагаюць “гарачыя лініі”.
Сёння міліцыя асвойвае тэхналагічныя навінкі. На базе Брэсцкага раёна, напрыклад, укараняецца новая інфармацыйная сістэма. Цяпер тут участковы мае выхад у базы да-дзеных упраўлення ўнутраных спраў і сельвыканкамаў, што дазваляе больш аператыўна атрымліваць інфармацыю. На працягу 2011 года будзем укараняць сістэму па вобласці і дойдзем да глыбінкі.
– Разам з тым, што міліцыя стала больш адкрытай для людзей, павялічылася і колькасць жадаючых супрацоўнічаць з вамі. Як ацэньваеце гэта ўзаемадзеянне?
–  Функцыянуе сайт упраўлення ўнутраных спраў, на якім грамадзяне могуць знайсці самую апошнюю інфармацыю. Праз электронную пошту мы наладзілі зносіны з насельніцтвам. Пакінуць заяву ці зварот праз інтэрнэт – гэта ўжо не з’яўляецца нейкім ноу-хау. Грамадзяне таксама не застаюцца абыякавымі і пакідаюць нам паведамленні аб сітуацыі на дарогах ці нейкіх выпадках. Дыялог развіваецца і прыносіць плён.
Набірае абароты праца добраахвотных дружыннікаў. У вобласці іх больш за 5 тысяч. Імкнёмся стымуляваць і заахвочваць гэту ініцыятыву. Цудоўна, што грамадзяне разумеюць важнасць такой работы і адгукаюцца. Увогуле, хацелася б падкрэсліць: людзі не становяцца абыякавымі да праблем іншых – наадварот, усё менш тых, хто пройдзе міма правапарушэння.
– Апошнім часам  вельмі адчуваецца подых перамен, як, напрыклад, у суседняй Расіі. Як мяркуеце ці можа і беларуская міліцыя стане паліцыяй?
– Перакананы, што са зменай шыльды змест не стане лепшым. Не ў назве справа! Многае з таго, што ў Расіі толькі спрабуюць, у нас шырока прымяняецца. А што тычыцца змены назвы, дык, думаю, нам гэта не пагражае. Усё ж такі не самыя прыемныя асацыяцыі ўзнікаюць у беларусаў, лёсы якіх цесна звязаны з Вялікай Айчыннай вайной, са словам “паліцыя”. Не трэба перакрэсліваць тое, што напрацоўвалася гадамі. Наша міліцыя была, ёсць і будзе.
– Міліцыянер, акрамя прафесіянальных навыкаў, павінен быць рознабакова развітай асобай. Як самаўдасканальваюцца служыцелі правапарадку ў вольны час?
–  Безумоўна, усе нашы супрацоўнікі займаюцца спортам. Асабістым прыкладам я заахвочваю да рэгулярных заняткаў фізпадрыхтоўкай – гэта і наведванне басейна, лёгкаатлетычныя і гульнявыя віды спорту, лыжы…
Надаю шмат увагі і духоўнаму развіццю асобы. На жаль, сёння наведванне музеяў і тэатраў перастала быць нормай. Я заўжды цікаўлюся ў супрацоўнікаў, ці былі яны на фестывалі або выставе. Важна, каб міліцыянер меў магчымасць адпачыць ад службы, для таго, каб працаваць з новымі сіламі і большай аддачай. Ёсць шмат творчых людзей у нашых радах. Міліцыянеры цікавяцца музыкай і паэзіяй, паляваннем і рыбалкай.
Супрацоўнікі міліцыі – такія ж людзі, як і ўсе, жывуць аднолькавымі з усімі праблемамі. Магчыма, на іх ускладзена большая адказнасць, чым на прадстаўнікоў іншых прафесій, і служба вельмі небяспечная. Хацелася б пажадаць, каб хваляванняў у міліцыянераў было менш, а пра добрае ўспаміналася не толькі ў свята.
Гутарыла Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Фота Юрыя МАКАРЧУКА, “НТ”.
Так трымаць!
Якія выдатныя людзі працуюць, здавалася б, у суровай і караючай арганізацыі – упраўленні ўнутраных спраў аблвыканкама! Акрамя прафесіяналізму, аператыўнасці ў рабоце, яны не згубілі такія чалавечыя якасці, як увага, клопат, спагада.
Словы ўдзячнасці выказваю начальніку ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі падпалкоўніку Мельнікаву Віктару Фёдаравічу і старшым інспектарам маёрам Шкуцько Уладзіміру Генадзьевічу і Гаўрусіку Сяргею Яўгенавічу. Добрым словам хачу ўзгадаць старшага інспектара аддзела рэжымна-сакрэтнай дзейнасці УУС аблвыканкама маёра Насачова Алега Аляксандравіча і старшага ўчастковага Маскоўскага РАУС маёра Венске Сяргея Пятровіча. Асаблівыя словы падзякі адрасую начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама палкоўніку Сычэўскаму Уладзіміру Васільевічу за жывую чалавечую душу, за павагу да людзей, за любоў да Радзімы і матчынай мовы, якой ён не ганьбіць карыстацца.
З Днём міліцыі вас! Здароўя, поспеху ў справах, кар’ернага росту. Так трымаць, спадары афіцэры!
Ірына БЯЛЯЕВА,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля