Беларусь

Водар жыцця


Цяпер, калі пачалася ўборка ўраджаю і да прыёмных пунктаў ААТ “Баранавічхлебапрадукт” адна за другой пад’язджаюць машыны з сапраўды залатым зернем, у паветры лунае найлепшы водар. “Пахне хлебам, мукой, – а значыць, жыццём”, – сцвярджае Наталля Манько, кіраўнік прадпрыемства
Скажыце, хто з беларусаў не ведае мукі, крупаў, камбікармоў і мноства разнастайных паўфабрыкатаў з гандлёвай маркай “Гаспадар”? А хто не чуў простага ды мудрага выслоўя “Шчасце, калі побач Гаспадар!”, якое надзейна суправаджае прадукцыю ААТ “Баранавічхлебапрадукт”? То-та ж і яно!..
З 1946 года, з адбудаванага пасля вайны млынзавода №21 і базы “Нарыхтзбожжа”, бярэ адлік гісторыя станаўлення таварыства. І цяпер гэта не проста камбінат хлебапрадуктаў, а рэарганізаванае буйное прадпрыемства са сваёй гандлёвай сеткай, з Рэйтанаўскім і Івацэвіцкім вытворчымі ўчасткамі па прыёмцы збожжа, з далучанымі ў 2005-2006 гадах комплексам па вырошчванні свініны “Усходні” і двума СВК – “Лотвічы” і “Вераснёвы”…
Сённяшні наш аповяд – не пра тэхналогіі, вытворчы працэс і яго арганізацыю на ААТ “Баранавічхлебапрадукт”, а пра чалавечы фактар – адзін з важнейшых складальнікаў эфектыўнай і якаснай работы на вынік. Якая роля кіраўніка і кожнага працаўніка ў агульнай справе? У чым сакрэт стабільнасці і згуртаванасці калектыву? Як быць з незадаволенымі? На гэтыя і іншыя тэмы разважаюць кампетэнтныя суразмоўцы з “Баранавічхлебапрадукта”.
У ШТО ВЕРЫЦЬ ДЫРЭКТАР?
“Усё робяць людзі-працаўнікі, – з цвёрдай упэўненасцю кажа Наталля Манько. Памаўчаўшы хвіліну-другую, яшчэ з большай перакананасцю паўтарае: – Усё робяць людзі!” Пачуўшы такое катэгарычнае сцвярджэнне, само сабой вырываецца пытанне: а кіраўнік, што робіць ён у калектыўнай справе, у чым яго роля?
– Кіраўнік не павінен памыляцца ў выбары людзей, у даручэннях, якія дае, – не задумваючыся, адказвае жанчына. – Я ніколі не забываю навуку, якой некалі вучылі мяне мае старэйшыя калегі-настаўнікі: трымай нос па ветры, вызначай стратэгію, прасі ў людзей падтрымкі. Па мне так: калі ў каго ўзнікае ідэя – пакладзі яе на паперу, дакажы эканамічную эфектыўнасць і вазьмі на сябе пэўныя абавязацельствы. Я ж, як кіраўнік, – працягвае Наталля Віктараўна, – заўсёды пад эфектыўны праект знайду грошы, фінансаванне і, вядома ж, пракантралюю яго выкананне…
У гэтай прыгожай і вельмі энергічнай жанчыны шмат званняў і абавязацельстваў: яна – і кіраўнік буйнога прадпрыемства, на якім працуе 1800 чалавек, і сенатар, і актывістка жаночага руху, а яшчэ – жонка, матуля дзвюх дачок і, як я выпадкова даведалася, неўзабаве стане двойчы бабуляй. Размаўляючы з ёю, адчуваеш не толькі, як цяпер модна гаварыць, харызму, але і тую нябачную сілу, якая, пэўна, прыцягвае людзей і дае ім аптымістычную веру ў лепшы дзень.
– Колькі разоў, распачынаючы якую-небудзь новую справу, нам з галоўным бухгалтарам здавалася, што нічога не атрымаецца, не вытрымаем, ды ўсё выходзіла так, як першапачаткова планавала Наталля Віктараўна, – расказвала мне Ірына Каркоцкая, намеснік дырэктара па эканоміцы і маркетынгу. – Сваім аптымізмам, верай у людзей і ў ідэю яна запальвае ўсіх.
Так, Наталля Манько заўсёды верыла, што можна дасягнуць многага, і калі дзеля разумнай, як яна кажа – правільнай мэты, дзеля высокага канчатковага выніку рухаецца наперад, дык людзі таксама павінны без аглядкі ісці за ёй. Толькі ж, казалі нашы мудрыя продкі, не параўнаваў бог лесу – не параўнаваў і людзей. Усялякае было ў жыцці Наталлі Віктараўны, не аднойчы падводзілі тыя, каму давярала яна адказныя ўчасткі, але па-ранейшаму жанчына верыць у людзей, якія могуць усё. Яна проста не ўяўляе сябе, сваю справу без гэтай веры…
ЧЫМ ГАНАРЫЦЦА КАЛЕКТЫЎ?
Усяго некалькі лічбаў, па якіх нашы чытачы маглі б меркаваць аб паспяховасці таварыства, прашу Ірыну Каркоцкую прывесці для пераканаўчасці.
– За 5 месяцаў атрымана чыстага прыбытку ў 2,5 раза больш, чым за леташні аналагічны перыяд, – канстатуе намеснік дырэктара па эканоміцы і маркетынгу. – Добры паказчык складваецца па вытворчасці пшанічнай мукі, якой выраблена 17 тысяч тон ці 113 працэнтаў да ўзроўню 2011 года. Мы заўсёды лідзіравалі ў вобласці па вытворчасці камбікармоў – 101,6 тысячы тон або 107 працэнтаў да мінулагодняга паказчыка. І хоць, як бачыце, у прынцыпе невялікія тэмпы росту, ды гэта вышэй даведзеных заданняў, – тлумачыць мне суразмоўца. – Але мы працуем не дзеля лічбаў – заўжды арыентуемся на попыт: калі ёсць магчымасць прадаць і атрымаць прыбытак – чаму б яе не выкарыстаць?! А з’явіцца дадатковы рубель – можна было б яго праесці, як гэта рабілі некаторыя прадпрыемствы і з цягам часу станавіліся банкрутамі, мы ж укладваем яго ў развіццё вытворчасці.
Напрыклад, сёлета па даручэнні Прэзідэнта па ўсёй рэспубліцы вядзецца актыўная рэканструкцыя малочнатаварных ферм. А ў “Баранавічхлебапрадукце” гэтай справай заняліся некалькі год таму. Бо, палічыла кіраўніцтва таварыства, калі разлічваць на добрыя надоі, дык МТФ “Перхавічы”, “Свіраны” і “Лотвічы” ў тым стане, у якім яны знаходзіліся, нельга было пакідаць. Разлік атрымаўся дакладным: калі, скажам, да рэканструкцыі Свіранскай фермы, якая была завершана ў 2008 годзе, удой на адну карову складаў 5628 кілаграмаў малака, дык цяпер ён дасягае 6525 кілаграмаў.
Галоўнае – не стаяць на месцы, развівацца, і тады абавязкова будзе плён у рабоце. І задаволенасць зробленым. І гонар за свой уклад у агульную справу. “А ці ёсць ён у людзей?” – задаліся пытаннем на прадпрыемстве. Таму напрыканцы мінулага года вырашана было правесці  ананімнае анкеціраванне сярод работнікаў. Галоўным чынам – каб даведацца, ці задавальняе людзей праца на прадпрыемстве. Вынікі аказаліся…. Мяркуйце самі.
З тым, што іх прадпрыемства паспяховае, згодныя 85 працэнтаў работнікаў, а што іх прадукцыя славіцца высокай якасцю – 82,4. Яшчэ высветлілася: пераважная большасць людзей ганарацца тым, што працуюць на “Баранавічхлебапрадукце”, яны патрыёты свайго прадпрыемства – купляюць тое, што выпускаюць самі, і агітуюць гэта рабіць сваіх знаёмых. Жанчынам, у адрозненне ад мужчын, характэрна пастаянства – мала хто з іх думае змяніць месца работы. Вядома ж, былі сярод апытаных незадаволеныя – і хоць іх працэнт невялікі, ды кіраўніцтва таварыства паставіла перад сабой задачу: стварыць такія ўмовы працы і адпачынку, каб гэты працэнт зменшыўся да мінімуму.
– Чалавек найбольш незадаволены, калі ён адзінокі, – лічыць Ірына Каркоцкая. – Адзіноцтва ў значнай ступені спрыяе стварэнню стрэсавых сітуацый у яго жыцці. Мы памятаем пра тое, што не хлебам адзіным жыве чалавек…
– Людзі павінны не толькі прыходзіць на работу і працаваць – яны павінны быць упэўненымі ў дапамозе з боку калектыву ў экстраннай сітуацыі. Каб іх сюды цягнула штосьці большае, чым заробак, – разважае Наталля Манько. – Няма той ідэалогіі, якая была ўчора, таму імкнёмся выкарыстоўваць новыя павевы сучаснасці, скіраваныя на згуртаванне людзей.
ЯК З’ЯДНАЦЬ ЛЮДЗЕЙ?
Размова на гэтую тэму працягваецца са старшынёй прафкама Вольгай Скрундзь, якая на прадпрыемстве – 27 гадоў. На яе погляд, калектыў у іх зладжаны, працавіты, стабільны.
Вольга Зянонаўна прыводзіць цікавую лічбу: толькі на камбінаце налічваецца 140 дынастый, а калі ўзяць астатнія падраздзяленні – набярэцца значна больш. Дарэчы, у яе самой муж з дзясятак гадоў працаваў на камбінаце і толькі пасля заканчэння інстытута культуры перайшоў на работу па спецыяльнасці, а два гады таму дачка Крысціна пасля Віцебскай ветакадэміі размеркавалася ва “Усходні”. І ў Ірыны Каркоцкай бацька быў на прадпрыемстве інжынерам-будаўніком; дарэчы, тут жа яна сустрэла сваю “палавінку” – мужа Ігара. А не так даўно яшчэ адзін Ігар, Цімашэнка, не захацеў расставацца з дзяўчынай Кацярынай з планавага – і зноў стварылася сям’я…
– Сёлета мы абавязкова ўшануем сямейныя дынастыі, – дзеліцца задумкай Вольга Скрундзь. – Што ні кажыце, а чалавеку прыемна, калі калектыў цэніць яго працу, калі заўважае значныя і чаканыя падзеі ў асабістым жыцці…
Ну хіба можна было прамінуць нараджэнне трайнятак у Аляксандра і Таццяны Гесь?! У Дзень Рэспублікі, на раённым свяце, шчаслівым бацькам уручылі ад таварыства вадкакрышталічны тэлевізар, а яшчэ раней аказалі матэрыяльную дапамогу, і шчыра парадаваліся за доўгачаканае прыбаўленне ў працавітай сям’і…
Традыцыйнымі на “Баранавіч-хлебапрадукце” сталі віншаванні з нагоды выхаду на заслужаны адпачынак, юбілейных дат  – і дзён нараджэння, і працоўнага стажу. Хіба не прыклад для пераймання зайздроснае  пастаянства Усевалада Шэндрыка, які звыш 50 гадоў адданы любімаму камбінату? Больш чатырох дзесяцігоддзяў нязменным застаецца месца работы ў Ганны Карабанавай, Галіны Леўш, Франца Казмерчыка.
Менавіта такія вопытныя работнікі прызначаюцца настаўнікамі маладых, якіх тут працуе каля 500 чалавек. Гэта з улікам іх інтарэсаў праводзяцца “Міс і містар камбіната”, ладзяцца велапрабегі, спартыўныя саперніцтвы, маладзёжныя турзлёты. А яшчэ – выплачваецца грашовая дапамога ў сувязі з рэгістрацыяй шлюбу, нараджэннем дзіцяці, адыходам у армію і вяртаннем на прадпрыемства…
Зразумела, галоўнае – развіццё вытворчасці, эканоміка. Ды яны значна палепшацца, калі для чалавека будуць створаны камфортныя ўмовы працы. На “Баранавічхлебапрадукце” маюцца два здраўпункты са стаматалагічным і масажным кабінетамі, тут магчыма прайсці курс фізіяпрацэдур. Цудоўна можна адпачыць у лазні з парылкай, басейнам, пакоем адпачынку і невялічкай спартзалай з велатрэнажорамі. Смачныя і недарагія абеды гатуюць у камбінатаўскай сталовай – светлай, утульнай…
Захоплена расказваючы пра святкаванне прафесійнага свята – Дня работнікаў аграпрамысловага комплексу, 8 Сакавіка, 23 лютага, Дня маці, Вольга Зянонаўна адзначае, колькі талентаў адкрываюць падобныя мерапрыемствы, прымушаюць па-іншаму зірнуць на чалавека. Заўзятымі гаспадынямі выявілі сябе работніцы мукамольнай вытворчасці, ПУТ “Зернепрадукты”, комплексу “Усходні”. Многіх зачаравалі мастацкія здольнасці бухгалтара Наталлі Пятрушка і спецыяліста камерцыйнага аддзела Вольгі Бойка. А яшчэ больш здзівіліся, калі ўбачылі, як вышывае крыжыкам рабочы Юрый Ляўчук – вось дзе прыклад мужчыны, у якога рукі растуць адтуль, адкуль трэба, умее ўсё! А якія ў іх пяюхі і спевакі – Людміла Патоцкая, Святлана Зяленская, Алена Альшэўская, Ганна Талстая, Сяргей Пашко, заслухаешся! Дарэчы, менавіта з “Баранавічхлебапрадукта” (пэўна, увабраўшы ў сябе чароўны водар хлеба) выйшаў аўтар вядомых песень “Братка беларус” і “Цыбуля” Міхаіл Скрундзь (муж старшыні прафкама)…
Яшчэ шмат чаго можна было расказаць пра льготы і даброты, увогуле – сацыяльны пакет для работнікаў, большасць з якіх сэрцам хварэе за будучыню таварыства, а значыць – сваю. Дык, магчыма, гэта і яднае людзей-працаўнікоў у адну дружную сям’ю разам з жаданнем жыць з карысцю для грамадства і ўласнай сям’і?..
* * *
Цяпер на прадпрыемстве – гарачая пара. Пачалася нарыхтоўка збожжа. Ад таго, колькі яго закупяць, па якой цане і якой якасці, залежыць работа ўсяго калектыву на цэлы год. Адсюль – задача №1: прыняць хутка і без чэргаў, вобразна кажучы, кожнае зярнятка, якое ўвабрала ў сябе цеплыню сонца і клопат людскіх рук. Каб водар хлеба – водар жыцця плыў над роднай зямлёй і, дзякуючы працаўнікам “Баранавічхлебапрадукта”, гаспадарыў у кожнай сям’і…
Галіна МАЗІНА, “НТ”,
г. Баранавічы.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля