Ці знойдзе беларуская музыка дарогу да сэрцаў слухачоў?
Свой 10-гадовы юбілей тэлевізійны канал АНТ адсвяткаваў серыяй музычных вечароў у Мірскім замку. На адным з іх – трэцім, фінальным – атрымалася пабываць. І мне спадабалася! Тэматыка апошняга канцэрту была трохі дзіўная для звыклага да поп-музыкі слухача – этна-фолк-мадэрн. Але тым не менш, паслухаць нацыянальныя матывы на новы лад прыехала ані не менш людзей, чым у папярэднія дні.
Канцэрт спадабаўся і зусім не пашкадаваў часу, які тут правёў. Панавала нейкая дзіўная хатняя атмасфера, беларускія матывы аказаліся сугучнымі настрою соцень людзей, а сэрца адчула тую кранальную і душэўную роднасць, якую дае толькі матчына песня. Неверагодна прыгожы задні план сцэны – Мірскі замак, як быццам матэрыялізаваўся з мінулага. Знакамітыя нават далёка за межамі Беларусі фолк-калектывы: “Tроiца”, “БанжВірба”, “Галётнікі” радавалі гледачоў, якім іх выступленні надоўга ўразаліся ў памяць.
Быў добры вечар, добрая музыка, адпаведны настрой. Але ў нейкі момант міжволі падумалася: чаму, каб паслухаць народную музыку ў “шырокім фармаце” патрэбен моцны штуршок, напрыклад, юбілей цэнтральнага тэлеканала? Мы часта гаворым пра беларускую адметнасць, але адштурхоўваемся ад яе праяўленняў у той жа музыцы. Ці эстрада беларуская, ці фальклор – любая праява беларускага творчага духу заслугоўвае не проста ўвагі, а папулярызацыі ў шырокіх масах. Напрыклад, праз тое ж радыё, тэлебачанне. Сумна, калі за мяжой нашы калектывы маюць большую папулярнасць, чым дома…
Арцём ГАРБАЦЭВІЧ,
г. Баранавічы
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.